Як бярэзінскі міліцыянер выратаваў жанчыну

У гэты дзень у старшага прапаршчыка міліцыі Аляксандра Шумскага быў выхадны. Дзесьці ў 12 гадзін ён выходзіў са свайго пад’езда шматпавярховага дома і пачуў крыкі суседкі па лесвічнай пляцоўцы: “Стойце–стойце! Вы куды ідзяце?” Жанчына стаяла насупраць пад’езда і глядзела ўверх. Узняў галаву і Аляксандр. На парапеце лоджыі трэцяга паверха стаяла жанчына прыкладна 60-ці гадоў, якая ніяк не рэагавала на людзей. Што рабіць? Як папярэдзіць бяду?

— Перш-наперш я патэлефанаваў з мабільнага тэлефона ў дзяжурную часць раённай міліцыі, — расказвае мужчына, — і папрасіў накіраваць выратавальнікаў.
Аднак сядзець і чакаць склаўшы рукі, што будзе далей, міліцыянер не збіраўся. Аляксандр запрыкмеціў у вокнах злашчаснай кватэры маладую жанчыну і кінуўся ў пад’езд. Разам з ім пабег наверх і малады чалавек. Аднак усё аказалася не так проста: пенсіянерка закрыла лоджыю звонку на шпінгалет. Мужчынам давялося спрытна выняць акно.
— Жанчыну я паспеў выхапіць своечасова, — гаворыць міліцыянер. — Маіх сіл было недастаткова, але разам мы зацягнулі пенсіянерку назад у лоджыю.
Пакуль чакалі прыезду машыны “хуткай дапамогі”, удалося высветліць у гаспадыні кватэры, што пакуль яна ўкладвала дзіця спаць, пенсіянерка непрыкметна выбралася ў лоджыю і зачынілася. Таму маладая жанчына ўдзячна ўсім, хто дапамог не дапусціць бяды.
— На маім месцы так зрабіў бы кожны, — зазначыў Аляксандр Шумскі, — а выпрацавалася звычка імгненна прымаць рашэнне і дзейнічаць у мяне за гады працы ў дзяжурнай часці міліцыі і ізалятары для затрыманых асоб.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *