Як на Бярэзіншчыне павіншавалі людзей залатога ўзросту

Шчырыя словы віншаванняў, сеанс смехатэрапіі і кінапрэм’ера…

А вы даўно былі ў кінатэатры?! А вось нашы бацькі, бабулі з задавальненнем хадзілі ў кіно. Таму супрацоўнікі Бярэзінскага ТЦСАН з нагоды Дня пажылых людзей запрасілі прадстаўнікоў паважанага ўзросту ў кінатэатр “Юбілейны”. Атрымалася такое своеасаблівае спатканне з маладосцю!

Сеанс смехатэрапіі ад загадчыцы аддзела маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамары Круталевіч

— Цудоўнае свята – Дзень пажылых людзей. Добрая нагода сустрэцца сябрам, былым калегам… Пагадзіцеся, чалавек у любым узросце павінен быць атулены ўвагай, клопатам. Хочацца быць актыўным, пазітыўным, не сядзець у чатырох сценах…, — гаварыла дырэктар Бярэзінскага ТЦСАН, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Алена Жолудзева. — Я бачу, з якой цікавасцю, запалам людзі паважанага ўзросту наведваюць гурткі, што дзейнічаюць у нашым цэнтры. Гляджу на вас, пераконваюся, узрост — не перашкода быць шчаслівымі, не нагода сумаваць. Жадаю вам ў першую чаргу здароўя. Каб у вас хапала сіл хадзіць і ў кіно, і на танцы… Каб з радасцю наведвалі адзін аднаго, праводзілі час з дзецьмі, з задавальненнем бегалі за ўнукамі, праўнукамі… Каб вы ніколі не адчувалі сябе пакінутымі і адзінокімі.
Павіншаваў віноўнікаў свята і старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Абазовік. Ён падкрэсліў, што асаблівая ўвага павінна надавацца ветэранам вайны, працы, пажылым людзям. Тым, хто самааддана працаваў.
Далей прысутных чакаў сеанс смехатэрапіі. Весяліла, расказвала гісторыі загадчыца аддзела маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч.
А якое свята без падарункаў? На ўваходзе кожнаму раздавалі лісткі, дзе былі пазначаны лічбы. Невялікія сюрпрызы чакалі тых, чые лічбы былі пасля названыя.
Шчырыя словы віншавання з нагоды свята гучалі ад начальніка аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва кінатэатра “Юбілейны” Ірыны Рамановіч:
— Нягледзячы на цяжкасці, праблемы, будзьце шчаслівымі і ўсмешлівымі! — гаварыла яна. — Прыемна, што сёння на свяце прысутнічае і наша былая супрацоўніца – Галіна Тубалева. Яна шмат гадоў адпрацавала ў кінатэатры. Вялікі вам дзякуй за плённую працу.
А ў канцы мерапрыемства ўсіх чакаў незвычайны сюрпрыз – прагляд кінапрэм’еры! Думаю, такое незвычайнае свята ў новым фармаце ўсім прыйшлося даспадобы.

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *