Як на Бярэзіншчыне павіншавалі людзей залатога ўзросту

У госці да “сваіх”

У калектыве аўтапарка №22 за 60 гадоў яго існавання, а менавіта такая юбілейная дата сёлета на календары аўтамабілістаў, склалася нямала добрых традыцый. Адна з галоўных – аднойчы ўладкаваўшыся сюды на працу, шчыраваць аж да выхаду на пенсію. І такіх спецыялістаў тут нямала. Яны – бясцэнны капітал калектыву, яго гонар і касцяк. А тое, што яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку, не з’яўляецца перашкодай для пераймання каштоўных ведаў і вопыту.

А. Новікаў, М. Самуйліёніс, А. Міхальская, Л. Бачыла

Г. Жукоўская

М. Шмарлоўскі

Вось і напярэдадні Дня пажылых людзей дырэктар аўтапарка Артур Новікаў, старшыня прафкама Аксана Міхальская і казначэй Любоў Бачыла ў каторы раз наведалі шэраг сваіх былых работнікаў, выказалі ім шчырыя словы падзякі за працу і ўручылі падарункі.
Кожны з тых, у каго пабывала названая дэлегацыя, — гэта не толькі гісторыя аўтапарка, а і добра вядомыя не аднаму пакаленню бярэзінцаў асобы. Хто не памятае, да прыкладу, Марыю Самуйліёніс? Так, яна – былы кандуктар гарадскога аўтобуса. Заўсёды жыццярадасная аптымістка, якая ніколі не лезе па слова ў кішэню і сваім трапным жартам можа любому ўзняць настрой, дружалюбная і патрабавальная адначасова, такой М. Самуйліёніс застаецца і сёння.
Сапраўднай легендай калектыву з’яўляецца і Галіна Жукоўская. Сваю працоўную дзейнасць у якасці начальніка аўтавакзала яна пачынала тады, калі той яшчэ знаходзіўся на вуліцы Піянерскай, і больш за дзесяць гадоў узначальвала яго пасля “пераезду” на новае, прывычнае зараз, месца. Жанчына добра памятае перыяд вялікага пасажырапатоку і павыша-най запатрабаванасці аўтобуснага транспарту, арга-нізацыю дадатковых рэйсаў не толькі па вёсках раёна, але і ў Мінск, білет да якога каштаваў 1 рубель 58 капеек…
У ліку тых, хто дастаўляў пасажыраў з самай раніцы да позняга вечара – вадзіцель Міхаіл Шмарлоўскі. Яго ведаў, здаецца, кожны, нават у самай аддаленай вёсачцы. Характэрнымі рысамі М. Шмарлоўскага заўсёды з’яўляліся высокая культура язды і зносін з пасажырамі, адказнасць, працавітасць і бязмерная любоў да прафесіі, развітацца з якой вадзіцель здолеў будучы ўжо не адзін год пенсіянерам. Жвавасць і энергія вызначаюць гэтага чалавека і сёння: калі мы наведаліся да яго, Міхаіл Савельевіч убіраў на ўласным падворку шчодры ўраджай вінаграду.
У той дзень ініцыятары добрай справы пабывалі і ў некаторых іншых паважаных ветэранаў аўтапарка.

Анатоль ПАЛЫНСКІ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *