Як пачалі нарыхтоўку бярозавіку любушанскія лесаводы

— Сёлета сезон нарыхтоўкі бярозавага соку пачаўся, як ніколі, рана, — гаворыць памочнік ляснічага Любушанскага лясніцтва ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” Пётр Кавалеўскі. – Дакладней — з 10 сакавіка, на месяц раней, чым у папярэднія гады. Сокарух – з’ява непрадказальная, як і надвор’е, ад якога залежыць. Участкі для нарыхтоўкі соку мы падрыхтоўваем загадзя, абазначаем іх межы фарбай, выпісваем у лясгасе лясны білет.

Заўсёды ў радасць свая праца для трактарыста Аляксея Цэдрыка

 

Так, 20 сакавіка мы прыехалі на адзін з такіх участкаў Любушанскага лясніцтва. Сярод бярозавых ствалоў бялеюць шматлікія поліэтыленавыя мяхі з салодкай вітаміннай вадкасцю. Напагатове стаяў трактар МТЗ-82 з цыстэрнай. Далёка не першы сезон заняты зборам і адвозкай бярозавага соку трактарыст Аляксей Цэдрык. Наогул, мнагадзетная сям’я Аляксея Міхайлавіча – “лясная”: жонка таксама працавала ў лясніцтве (майстрам), зараз у дэкрэтным водпуску.
— Нарыхтоўкай бярозавіку заняты пяць чалавек, — дадае ляснік Уладзімір Сычанаў, паказваючы дзялянку. – За дзень збіраем да 12-13 тон і адразу рэалізуем заказчыку – закрытае акцыянернае таварыства “Мінскі завод безалкагольных напояў”. На сёння мы сабралі 48 тон бярозавіку пры плане 100 тон.

Пётр Кавалеўскі з саджан-цамі елкі звычайнай, пад-рыхтаванай для пасадкі ў час акцыі “Тыдзень лесу-2020”

— Даведзеныя планавыя заданні стараемся выконваць, хоць праца гэта непрадказальная, — працягвае Пётр Браніслававіч. – Бо, калі сонца прыгрэе да +20 градусаў, або сціснуць маразы, соку не будзе. Частка соку рэалізуецца насельніцтву. Бярозавы сок, або бярозавік, як яго называюць у народзе, — вельмі каштоўны прадукт, які аказвае дабратворны ўплыў на ўвесь арганізм чалавека. Вясной бяроза быццам аддае нам свае жыццёвыя сілы, якія назапасіла за доўгую зіму. Аб карысці для здароўя бярозавага соку вядома ўсім. Многія з пакупнікоў набываюць бярозавік для кансервацыі, рэцэптаў існуе нямала, але доўга захоўваць яго не рэкамендуецца.
З 28 сакавіка пачалася добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу”. У любушанскіх лесаводаў ужо падрыхтаваны ўчасткі для пасадкі і саджанцы елкі еўрапейскай з закрытай каранёвай сістэмай.

Уладзімір Сычанаў за нарыхтоўкай каштоўнай бярозавай прадукцыі

Дарэчы, Пётр Кавалеўскі трапіў на Бярэзіншчыну па накіраванні як малады спецыяліст, пасля заканчэння лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяр-жаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Працуе ў Любушанскім лясніцтве з 2007 года. І хоць родам з Віцебшчыны, менавіта тут пусціў свае карані, знайшоў каханне. Зараз у маладой сям’і гадуюцца чацвёра дзетак, самаму малодшаму – годзік, самаму старэйшаму – 11.
— Нам прапанавалі як мнагадзетнай сям’і будаваць кватэру ў раённым цэнтры, калі нас было пяцёра. Мы абмеркавалі на сямейным “савеце” і адмовіліся, — зазначае Пётр Браніслававіч. – Жывём у вясковай хаце, бліжэй да зямлі, бліжэй да лесу. Я лічу, што дзецям лепш гадавацца на вясковых прасторах, чым у гарадской цеснаце.
Вядома, у маладога мнагадзетнага бацькі шмат клопатаў і думак пра дамачадцаў, таму і стараецца працаваць на вышэйшым узроўні на сваім працоўным месцы. Абавязкаў у памочніка ляснічага шмат, а зараз, калі ляснічы ў водпуску, дабавілася яшчэ больш адказнасці, аднак Пятра Браніслававіча гэта не палохае. Ён дасканала ведае сваю справу, асвоіў усе яе тонкасці, сочыць, каб паўсюдна быў парадак, ці гэта догляд, абарона, ахова лесу, або нарыхтоўка і вывазка драўніны па ўсіх відах высечак, ці рэалізацыя прадукцыі. І вядома, галоўны пункт — адказнасць за людзей, за свой калектыў.
Дарэчы, на момант падрыхтоўкі матэрыялу ў друк любушанскія лесаводы нарыхтавалі 88 тон бярозавага соку.

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *