Як пахудзець да лета? Карысныя парады ад бярэзінскіх інструктараў

1. Перад тым, як пачынаць хуткую дыету, абавязкова пракансультуйцеся з урачом. Катэгарычна забараняецца экстрэмальнае пахудзенне людзям з хранічнымі або вострымі захворваннямі.
2. Экспрэс-дыеты супрацьпаказаны падчас цяжарнасці і груднога кармлення дзіцяці.
3. Калі дыета вам патрэбна толькі для таго, каб адзін раз зрабіць уражанне, а потым зноў махнуць на сябе рукой і пачаць есці ўсё без разбору, лепш яе не пачынайце. Бо дыета — гэта не панацэя ад лішняй вагі, а ўсяго толькі штуршок да яе зніжэння. Таму ў далейшым, каб замацаваць вынік, вам заўсёды трэба будзе, што называецца, трымаць сябе ў руках. А ў адваротным выпадку лішнія кілаграмы хутка вернуцца на сваё месца, а з імі гарантавана расчараванне і яшчэ адзін сур’ёзны стрэс.
4. «Залпавае» зніжэнне вагі — сур’ёзны стрэс для арганізма. І звяртацца да гэтага метаду часцей чым раз на год, не рэкамендуецца.
Да доўгачаканага лета засталося менш чым тры месяцы, а большасць з нас ужо ў адчаі. Набытыя на распродажы модныя спадніца альбо топ, якія ўвосень так пасавалі фігуры, цяпер глядзяцца не вельмі, і ўціснуліся ў іх з вялікімі намаганнямі. Тычыцца гэта не толькі прадстаўніц слабай паловы чалавецтва, але і мужчын. Не кожны з іх, перажыўшы зіму, можа лёгка апрануць летнія шорты. Віной усяму – набраныя за зіму ўтульныя і цёплыя лішнія кілаграмы, якія ніяк не схаваеш пад летняй вопраткай. Таму на старце сезона адпачынкаў барацьба з лішнімі кілаграмамі для многіх становіцца задачай №1. Інтэрнэт-сайты поўняцца парадамі і рэкамендацыямі на тэму «як пахудзець да лета?», «рыхтуем цела да пляжнага сезона», «як лёгка скінуць лішнія кілаграмы перад паездкай на мора?» і іншымі, не менш прывабнымі загалоўкамі. Але ці можна так лёгка развітацца з набранымі кілаграмамі і вярнуць былыя лёгкасць і фізічную форму? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да спецыялістаў фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный”. Чаму менавіта да іх? Бо штодзень тут у розных гуртках і секцыях займаюцца каля 100 чалавек самых розных узростаў.
Таму, каму як не ім ведаць усе патаемныя сакрэты пахудзення.

Надзея Самец:
“Галоўнае — не наядацца так, каб цяжка было ўставаць з-за стала, і весці актыўны лад жыцця”

— Я ўжо шмат гадоў вяду заняткі па фітнесе. Пад маім кіраўніцтвам займаюцца як юныя школьніцы, так і жанчыны паважанага ўзросту. Вясной традыцыйна прыпадае ўсплёск інтарэсу да заняткаў, але, як паказвае мая шматгадовая практыка, не ў кожнага з нас хапае цярпення і рэальнага жадання працаваць над сваім целам. Нярэдка ад маладых жанчын можна пачуць: “Я два месяцы не прапускаю заняткі, але пэўных вынікаў пакуль не бачу”. Тут я заўсёды заўважаю, што вы месяцамі набіралі сваю вагу лянотай і вялікай колькасцю смачнай ежы, а вярнуць былую форму жадаеце за лічаныя заняткі. Так не бывае.
Кожны з нас, хто хоць аднойчы спрабаваў пахудзець, ведае, што кілаграмы прыходзяць без асаблівага запрашэння, а сыходзяць адчайна супраціўляючыся: з вялікімі намаганнямі і потам.
Гэта як шмат разоў спрабаваць вучыць замежную мову, але рабіць гэта гуляючы, не прыкладаць сапраўдных намаганняў. У выніку нічога не атрымліваец-ца, і праз нейкі час спробы спыняюцца. Так і з пахудзеннем, калі на змену жаданню прыходзяць тлумачэнні і самаапраўданні, накшталт «я шмат разоў спрабаваў — нічога не атрымліваецца», «нармальна я буду жыць і з такой вагой», «у мяне бацькі таксама поўныя, і нічога, добра ўладкаваліся ў гэтым жыцці», «а ў мяне такія ж формы, як у бацькоў, чаго я тут супраць прыроды пайду» ды іншае.
З такім падыходам з лішняй вагой не развітаешся. Таму пасля сваіх заняткаў заўсёды зычу жанчынам разумнага апетыту, каб не заесці тое, што было напрацавана ў спартыўнай зале. А тут я прапаную мноства практыкаванняў на розныя групы мышцаў. Садзейнічаюць гэтаму пілатэс, аэробіка, фітнес і ёга. Дарэчы фітнес – гэта такая энергічная трэніроўка, якая дапамагае задзейнічаць максімальную колькасць мышцаў і спаліць за гадзіну заняткаў 400-500 ккал. Апрача гэтага, афіцыйна даказана, што фітнес — лепшае лякарства ад стрэсу, бо паляпшае агульны настрой, дапамагае стаць больш упэўненым, адкрытым і пазітыўным. Гэта самым спрыяльным чынам уплывае на матывацыю чалавека займацца спортам і фізічнай культурай.

Васіль Аўчарэнка, дырэктар фізкультурна–аздараўленчага цэнтра “Лазурный”:
“Лекаў для пахудзення няма”

— Спецыялістамі даказана, што чалавек, які знаходзіцца ў форме, менш стамляецца, ён не раздражняецца ад таго, што не можа ўціснуцца ў касцюм. Чалавецтва дагэтуль не прыдумала таблеткі для пахудзення. Ёсць цяжкая праца, ахвяры і задавальненне ад дасягнутага выніку ў паляпшэнні ўласнага
цела.

Працяг чытайце ў № 23 газеты за 25 сакавіка.

Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *