Як працуе аглядавая камісія Бярэзінскага сельвыканкама

Аглядавыя камісіі пасля перапынку, які быў выкліканы напружанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, аднавілі дзейнасць.

Як сёння працуе аглядавая камісія Бярэзінскага сельвыканкама, якая яе галоўная задача, на што члены рэйдавых груп звяртаюць увагу ў першую чаргу? Аб гэтым мы пагутарылі з сакратаром аглядавай камісіі Бярэзінскага сельвыканкама Валянцінай Байдалюк.
— Валянціна Міхайлаўна, калі аглядавая камісія Бярэзінскага сельвыканкама аднавіла сваю дзейнасць?

Сакратар аглядавай камісіі Бярэзінскага сельвыканкама Валянціна Байдалюк раіць кожнаму не ігнараваць меры бяспекі. І калі члены аглядавай камісіі робяць заўвагі, даюць рэкамендацыі, імкнуцца як мага хутчэй іх выканаць

— З 1 верасня. Складзены графік работы. Ён уключае ў сябе наведанне кожнага населенага пункта і кожнага домаўладання. Выезды штотыднёва. Мы, як і раней, выязджаем у сельскія населеныя пункты: абследуем домаўладанні жыхароў. Ужо, да прыкладу, пабывалі ў вёсцы Жорнаўка. Там не было заўваг. Бачна, што жывуць сапраўдныя гаспадары: печы (калі ёсць) адрамантаваныя, каля дамоў парадак, ёсць пажарныя апавяшчальнікі… За час працы (а гэта больш за 10 гадоў) заўважыла, што адзінокія, адзінока пражываючыя бабулі і дзядулі, вельмі клапоцяцца пра пажарную бяспеку, у іх дамах заўсёды чыста і ўтульна. Яны сустракаюць нас як родных, добра знаёмых людзей, рады візітам.
— Раскажыце, якая галоўная задача аглядавай камісіі?
— На тэрыторыі Бярэзінскага сельскага Савета пражывае дзве тысячы чалавек у 36 населеных пунктах. Дайсці да кожнага з іх, папярэдзіць, прадухіліць бяду ад няправільнага абыходжання з агнём ці электраабсталяваннем, разабрацца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і прыняць неабходныя меры для яе вырашэння – такія задачы стаяць перад аглядавай камісіяй сельвыканкама. Пад нашай увагай інваліды, адзінокія, адзінока пражываючыя, шматдзетныя сем’і, тыя, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы (такіх сямей на тэрыторыі нашага сельсавета пражывае 2 ), і людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Кожнаму імкнёмся данесці: самае дарагое, што ў нас ёсць – жыццё. І, думаю, не так складана, дзеля сябе ж,
падрамантаваць печ, пабяліць комін, набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік?! Сёння галоўны клопат членаў камісіі – падрыхтоўка да чарговага ацяпляльнага сезона. А гэта і кантроль за спраўнасцю печак і электраправодкі, наяўнасцю дроў.
— Уявім сітуацыю, вы завіталі да бабулі, бачыце, што яна пражывае адна, дроў няма, ёй складана перамяшчацца па доме, выконваць хатнія справы. Што вы можаце прапанаваць?
— Калі бачым, што адзінокаму чалавеку з-за ўмоў пражывання і стану здароўя перазімаваць цяжка, накіроўваем яго ў Дулебы ў аддзяленне кругласутачнага прабывання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў. Але, ведаеце, бабулі і дзядулі вельмі не хочуць пакідаць свае дамы, нават калі апошнія не ў належным стане, і ехаць нават толькі на зіму ў Дулебы.
Сцвярджаюць, што дома і сцены дапамагаюць.
— А хто ў вас пад асаблівай увагай?
— Усе! Але, бясспрэчна, у першую чаргу нас заўсёды непакояць людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця – такіх у нас 101 чалавек. Мы наведваем іх па некалькі разоў на месяц. Тлумачым, што неабходна захоўваць нормы пажарнай бяспекі, нагадваем, што ні ў якім разе нельга курыць у ложку. Прыводзім і жудасную статыстыку пажараў, гібелі людзей на іх. Прыводзім прыклады, дзе часцей за ўсё прычына пажараў – абыякавасць людзей.
— Магчыма, праводзіцца вучоба для членаў аглядавай камісіі?
— Увогуле, у склад аглядавай камісіі ўваходзяць прадстаўнікі ад сельсавета, РАНС, РАУС, сацыяльнай сферы і іншыя. Вядома ж, мы цесна
супрацоўнічаем. Выратавальнікі пастаянна наладжваюць для нас семінары-вучобу. Да прыкладу, 27 жніўня для нашай аглядавай камісіі супрацоўнік Бярэзінскага РАНС Віктар Палянскі правёў вучобу. Нагадаў нам, на што ў першую чаргу звяртаць увагу ў абследаванні домаўла-данняў, якія парады даваць жыхарам па пажарнай бяспецы. Віктар Пятровіч расказваў з прывядзеннем жыццёвых прыкладаў, паказваў на слайдах асноўныя парушэнні супрацьпажарнай бяспекі.
— Атрымліваецца, што члены аглядавай камісіі павінны быць, можна сказаць, універсальнымі людзьмі, разбірацца ў многіх пытаннях?
— Падчас рэйдавых мерапрыемстваў мы праводзім і прафілактычныя гутаркі з насельніцтвам, раздаём брашуры, лістоўкі, нагадваем, што
неабходна клапаціцца пра сваё здароўе і жыццё. Іншы раз, асабліва пажылыя людзі да нас звяртаюцца з рознымі пытаннямі: як атрымаць спадчыну, аформіць рэцэпт, аплаціць тую альбо іншую паслугу? Ніводзін зварот не застаецца без увагі: тлумачым, куды неабходна звярнуцца для вырашэння таго альбо іншага пытання. Наша ж галоўная задача – дапамагаць людзям! Але, пагадзіцеся, намаганні будуць дарэмнымі, калі самі людзі будуць абыякавымі да ўласнай бяспекі.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *