Як працуе госпіталь, створаны на базе Бярэзінскай ЦРБ

З канца мая на базе Бярэзінскай ЦРБ працуе інфекцыйны госпіталь. Тут праходзяць лячэнне хворыя, у якіх пацверджана каранавірусная інфекцыя, з сімптомамі COVID-19, кантакты першага ўзроўню. Бярэзінцаў цікавіць, што змянілася ў рабоце райбальніцы, як наладжана работа госпіталя, ці можна зараз праходзіць медыцынскі агляд. Аб гэтым мы пагутарылі з галоўным урачом райбальніцы Крысцінай КРУК.

— Вялікі дзякуй, паважаныя медыцынскія работнікі, за вашу нялёгкую працу, — заўважае галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук

— Раскажыце, калі ласка, што змянілася ў рабоце Бярэзінскай ЦРБ?

— У нас з канца мая працуе госпіталь на 51 месца. Пацыентаў прымаюць тры інфекцыйныя аддзяленні. Першае – загадчыца Вольга Саскавец, другое – Валянціна Лушчык, трэцяе – Андрэй Гурыновіч. Функцыянуе і аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі для “кавідных” пацыентаў – загадчык Анатоль Гарбацэвіч.
Працуюць і 2 прыёмныя аддзяленні. Адно, куды паступаюць хворыя з такімі сімптомамі, як тэмпература, кашаль, аддышка, з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй, кантакты першага ўзроўню. Другое, дзе прымаем пацыентаў з іншымі захворваннямі.

На ўваходзе ў паліклініку кожнаму бескантактным тэрмометрам вымяраюць тэмпературу цела

— Працуюць і два рэнтгенкабінеты?

— Зараз каласальная нагрузка і на дыягнастычнае аддзяленне. Амаль усім пацыентам, у якіх павышаная тэмпература, кашаль, аддышка, робім рэнтгеналагічнае даследаванне. У нас два рэнтгенкабінеты: адзін для пацыентаў з сімптомамі каранавіруснай інфекцыі, другі – для пацыентаў з іншымі захворваннямі. Загадчык рэнтгенкабінета — Аляксандр Кашчыц.

— Райбальніца падзелена на “чырвоную” і “зялёную” зоны?

— Так, у нас ЦРБ зараз падзелена на “зялёную” і “чырвоную” зоны. “Чырвоныя” зоны аддзяляюць спецыяльныя шлюзы. Туды могуць уваходзіць толькі медыцынскія работнікі ў спецыяльнай уніформе (камбінезоны, маскі, шапачкі, рэспіратары, бахілы, пальчаткі, нарукаўнікі, фартухі). Выходзяць медыкі з “чырвонай” зоны праз асобны выхад, дзе распранаюць “уніформу”, апрацоўваюць сябе дызынфіцыруючымі сродкамі. Кожныя тры-чатыры гадзіны мяняюць сродкі індывідуальнай аховы. Нагадаем, ва ўсёй ЦРБ уведзены масачны рэжым. Для ўсеагульнай бяспекі на кожным паверсе паліклінікі кругласутачна працуе бактэрыцыдны рэцыркулятар паветра — устаноўка для абеззаражвання памяшканняў. Таксама размешчаны дазатары з антысептыкамі для апрацоўкі рук. Бясспрэчна, зараз нельга наведваць хворых, якія праходзяць стацыянарнае лячэнне ў любым з аддзяленняў райбальніцы.

Медыцынскія работнікі працуюць у складаных умовах. Змены ў супрацьчумных касцюмах у такую спякоту, сляды ад масак, рэспіратараў — на твары… Гэта тое, што мы бачым. Але мы можам толькі здагадвацца, колькі фізічных намаганняў прыкладваюць штодня гэтыя людзі, ратуючы жыццё іншых

— Магчыма, ёсць нейкія абазначэнні, каб, да прыкладу, звычайнаму наведвальніку райбальніцы зразумець, што далей уваход забаронены – “чырвоная” зона?

— Уваходы ў “чырвоныя” зоны пазначаны чырвонай лініяй. На-гадаю, там могуць працаваць медыцынскія работнікі толькі ў сродках індывідуальнай аховы.

— Уявім сітуацыю, у чалавека тэмпература, ён прыходзіць у паліклініку, куды яму звяртацца?

— Мы раздзялілі паток пацыентаў. Для тых, хто звяртаецца на прыём з тэмпературай і прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, у паліклініцы арганізаваны асобны ўваход. Пацыентаў з тэмпературай урач прымае на першым паверсе, дзе раней было аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі.

— Да прыкладу, чалавек – кантакт першага ўзроўню… Хто і калі прыязджае да яго браць аналізы на каранавірус?

— На базе райбальніцы створана 7 мабільных груп, якія выязджаюць да пацыентаў на дом. Мы цесна супрацоўнічаем з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, яны перадаюць нам спісы кантактаў першага ўзроўню, людзей, якія вярнуліся з-за мяжы. На месцы збіраецца анамнез, праводзіцца агляд хворага, бяруцца мазкі, вымяраецца ўзровень кіслароду ў крыві, тэмпература, адкрываецца лісток непрацаздольнасці… Абавязкова ўручаюцца патрабаванні самаізаляцыі, дзе прапісаны правілы паводзін. Таксама мабільныя групы выязджаюць да хворых на каранавірус, якія ў выпадку лёгкай формы хваробы знаходзяцца дома, і да кантактаў першага ўзроўню.
Мабільныя групы вядуць нагляд пацыентаў (наведваюць іх, кантралююць стан, бяруць мазкі…) да моманту ачуньвання, калі з-за пагаршэння самаадчування не спатрэбіцца гаспіталізацыя.
У склад групы ўваходзяць урачы, памочнікі ўрачоў, медыцынскія сёстры. Вядома ж, маніторым стан пацыентаў і па тэлефоне. Памочнікі ўрача штодня абзвоньваюць пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, кантактаў першага ўзроўню, цікавяцца, які стан здароўя, ці патрэбна медыцынская дапамога.
А яшчэ медработнікам часам даводзіцца выступаць у ролі псіхолагаў. Гэта адбываецца таму, што людзі сутыкнуліся з невядомым вірусам. Бясспрэчна, мабільная група выязджае ў поўнай экіпіроўцы.

— А каму робяць зараз экспрэс-тэсты?

— У першую чаргу экспрэс-тэсты робім пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў, калі неабходна хутка правесці дыягностыку, высветліць, ці ёсць у пацыента каранавірусная інфекцыя. Робім тэсты і кантактам першага ўзроўню. А таксама — людзям з пацверджаным каранавірусам па клінічных паказаннях на 14 суткі з моманту пачатку самаізаляцыі. Згодна з вынікамі экспрэс-тэста, альбо закрываюць бальнічны ліст, альбо працягваюць самаізаляцыю да 21 дня.

— Да прыкладу, чалавек бессімптомна перахварэў каранавірусам, ці пакажа гэта экспрэс-тэст?

— Экспрэс-тэсты паказваюць наяўнасць спецыфічных антыцел да каранавірусу. У чалавека, які хварэе на COVID-19, прыкладна на пятыя суткі ў крыві з’яўляюцца імунаглабуліны класа М. Іх наяўнасць “гаворыць” аб ранняй стадыі захворвання.
Калі інфіцыраванне адбылося даўно (дзён 14 таму), у крыві з’яўляюцца імунаглабуліны класа G. Такім чынам, можна не толькі вызначыць, ці хварэе чалавек на каранавірус, але і выявіць стадыю захворвання.

— Нядаўна ў рэдакцыю тэлефанавала жанчына, цікавілася, ці хапае ў райбальніцы неабходнага абсталявання для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, сродкаў індывідуальнай аховы?

— Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі райбальніцы на 100 працэнтаў укамплектавана апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх (7 апаратаў). Усталяваны і дадатковыя кропкі доступу кіслароду. Нядаўна набылі дэзынфіцыруючую камеру. Яна зараз усталявана ў пральні. Раней карысталіся дэзкамерай РЦГЭ. Усе медыцынскія работнікі забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы: маскі, пальчаткі, рэспіратары, ахоўныя акуляры, шчыткі, бахілы, камбінезоны…

— Ведаю, што ў райбальніцы ёсць і дабрачынны рахунак, куды кожны жадаючы можа пералічыць сродкі. Хто ўжо аказаў матэрыяльную падтрымку?

— Прыемна, што аказваюць спонсарскую дапамогу нераўнадушныя бярэзінцы. Дапамог у набыцці медыцынскага абсталявання старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыйнай структуры грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алег Купіч. Дапамагаюць і абласное, раённае аб’яднанні прафсаюзаў – набылі сродкі гігіены (мыла, папяровыя ручнікі, пітную ваду і іншае). Аказалі матэрыяльную дапамогу Бярэзінскі лясгас (на гэтыя сродкі набылі пальчаткі), райвыканкам і падатковая служба. Вялікі дзякуй за падтрымку! Вы таксама можаце нам дапамагчы – выконвайце, калі ласка, усе рэкамендацыі па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі.

— Бярэзінцы цікавяцца, ці можна зараз праходзіць медыцынскі агляд?

— Так, медыцынскія камісіі мы праводзім па графіку. Усе ўрачы працуюць у штатным рэжыме. Чэргі – мінімальныя. На першым паверсе паліклінікі кожнаму вымяраюць тэмпературу. І калі, да прыкладу, у чалавека яна павышаная, адразу ж у рэгістратуры яго накіроўваюць да ўрача, што прымае пацыентаў з такімі сімптомамі. Бясспрэчна, пажадана праходзіць нават медыцынскую камісію ў сродках індывідуальнай аховы.

— На вуліцы спякота… Многія ігнаруюць меры прафілактыкі: не карыстаюцца сродкамі аховы органаў дыхання нават у магазінах, маўляў, горача. Вашы рэкамендацыі, як зараз супрацьстаяць распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі?

— Вядома ж, у першую чаргу, неабходна захоўваць сацыяльнае дыстанцыраванне. Пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей. У магазіне, на пошце, у банку, адным словам, дзе шматлюдна, карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы. Улічваючы такую спякоту, неабходна захоўваць пітны рэжым (ужываць да 3 літраў чыстай вады). Па магчымасці не наведваць пажылых родных, блізкіх. І своечасова звяртацца за медыцынскай дапамогай.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара і з уласнага архіва Бярэзінскай ЦРБ.

Як працуе госпіталь, створаны на базе Бярэзінскай ЦРБ: 1 комментарий

  • 16 июня 2020 в 19:56
    Permalink

    Интересно! Хорошо что написали про госпиталь, но почему нет статистики?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *