Як справы ў дрэваапрацоўчым цэху Бярэзінскага лясгаса

Піламатэрыялы, дранка, кол акораны, палетная дошчачка, дошка абразная і неабразная – асартымент прадукцыі, што вырабляецца ў дрэваапрацоўчым цэху Бярэзінскага лясгаса, не надта шырокі, але даволі запатрабаваны. А спажыўцы знаходзяцца не толькі ў рамках раёна, а і далёка за яго межамі.

— Экспарт прадукцыі – асноўны накірунак нашай дзейнасці, – гаворыць начальнік майстарска-вытворчага ўчастка “Беразіно” Аляксей Аўсянскі. — За год, да прыкладу, вырабляем каля 30 метраў кубічных дошкі абразной, 65 % яе ідзе на экспарт, астатняе – на ўнутраны рынак.

— Экспарт прадукцыі – асноўны накірунак нашай дзейнасці, – гаворыць начальнік МВУ “Беразіно” Аляксей Аўсянскі

— Наш цэх разлічаны на 90 працоўных месцаў, — дадае майстар МВУ “Беразіно” Юрый Старавойтаў. — Работа арганізавана ў 2 змены па 12 гадзін. У нас працуюць людзі, якія добра ведаюць сваю справу і выконваюць яе на прафесійным узроўні.

За добрасумленную працу майстар МВУ “Беразіно” Юрый Старавойтаў быў адзначаны па-дзякай ад адміністрацыі лясгаса

У 2011 і 2016 гадах тут правялі мадэрнізацыю — устанавілі новыя латвійскія дрэваапрацоўчыя лініі.

Менавіта ў той час, у 2016-ым, калі толькі адкрывалі лінію і запрашалі спецыялістаў, у Бярэзінскі лясгас уладкаваўся Віталій Лемер. Станочнік пятага разраду, з багатым вопытам, на той момант ён 16 гадоў прарабіў у ААТ “Профітсістэм”, нейкі час шчыраваў і майстрам, і начальнікам змены. Наогул, дрэваапрацоўчую справу ведае да дробязей.

Віталій Лемер — станочнік пятага разраду, з багатым вопытам — дрэваапрацоўчую справу ведае да дробязей

— Калі запускалі новую лінію, давялося ліквідаваць недахопы, абкатваць станкі, — узгадвае Віталій Віктаравіч. — Цяпер тое — у мінулым, а лінію, ад тарцоўкі да брусовачніка, я ведаю дасканала.

Дарэчы, прафесійныя якасці, працаздольнасць і добрасумленнасць Віталія Лемера былі заўважаны і неаднойчы адзначаны граматамі і падзякамі ад адміністрацыі Бярэзінскага лясгаса.

Дрэваапрацоўчы працэс пачынаецца з пярвічнай апрацоўкі сыравіны, у асноўным мелкатаварнай, нізкасортнай драўніны, якая, дзякуючы сучасным тэхналогіям і майстэрству працоўных рук пераўтвараецца ў якасную запатрабаваную прадукцыю.
Наогул, у цэху працуюць спецыялісты, якія старанна выконваюць свае абавязкі і сумесна дасягаюць пэўных поспехаў.

Так, начальнік цэха Аляксей Мікалаевіч пачынаў тут (з 2005 года) свой працоўны шлях станочнікам. Потым, з 2010-га, закончыўшы вучобу ў Мінскім фінансава-эканамічным каледжы, 4 гады працаваў бухгалтарам у лясгасе, а з 2014-га года ўзначаліў майстарска-вытворчы ўчастак “Беразіно”. Зараз Аляксей Аўсянскі працягвае самаразвіццё – паралельна з асноўнай працай знаходзіць час і на далейшую вучобу. Ён – чацвёртакурснік, завочна набывае веды ў тэхналагічным універсітэце па спецыяльнасці “Тэхналогія дрэваапрацоўчай вытворчасці”.

Таксама не стаіць на месцы, удасканальваецца і дзейнасць цэха лясгаса, летась тут зманціравалі, а сёлета запусцілі сартавальную лінію, а ў наступным годзе, па словах галоўнага інжынера Максіма Шугалея, запланавана будаўніцтва пялетнага завода.

Дарэчы, за мінулы год лясгас атрымаў 3 мільёны 700 тысяч рублёў экспартнай выручкі. І з гэтым паказчыкам стаў дыпламантам рэспубліканскага конкурсу “Лепшы экспарцёр 2019 года”.

Акрамя рынку еўрапейскіх краін, на якім бярэзінцы ўжо не навічкі, работнікі Бярэзінскага лясгаса зая-вілі аб сабе і ў Кітаі. А гэта таксама і новыя магчымасці, і новыя перспектывы.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *