Як стварыць камфортнае асяроддзе для інвалідаў, высвятляў наш карэспандэнт

У сераду, 24 чэрвеня, у канферэнц-зале СДЮШАР адбыўся семінар па тэме “Даступнае асяроддзе вачамі людзей з інваліднасцю”.

У час семінара па тэме “Даступнае асяроддзе вачамі людзей з інваліднасцю”

На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, член пастаянна дзеючай камісіі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта па міжведамасным узаемадзеянні і кантролі за выкананнем мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб Святлана Сянько, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Калячка, старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Таццяна Кліменка, старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыі “Белая Русь”, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Жолудзева, дырэктар карэкцыйна-развіваючага цэнтра Людміла Чакрыжова, прадстаўнікі УЗ “Бярэзінская ЦРБ”, РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”, КУП “Бярэзінскі РКБА” і іншых арганізацый.

Удзельнікі семінара абмяркоўвалі многія пытанні наконт таго, як стварыць камфортнае асяроддзе для інвалідаў і даць ім магчымасць прымаць удзел ва ўсіх аспектах жыцця, а таксама пытанні этыкі зносін з невідушчымі людзьмі.
— У Бярэзінскім раёне пражываюць 1192 інваліды (5,5% ад насельніцтва раёна), у тым ліку інвалідаў па зроку — 80 чалавек, інвалідаў-калясачнікаў – 87, інвалідаў па слыху – 21, дзяцей-інвалідаў – 111 чалавек (108 сямей), — гаварыла ў сваім выступленні намеснік дырэктара ДУ “Бярэзінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Алена Свіршчэўская.
Дзеля стварэння безбар’ернага асяроддзя сёлета за 1 квартал за кошт усіх крыніц фінансавання асвоена 55 тысяч 852 рублі, з іх сродкі арганізацый – 3852 рублі, рэспубліканскі бюджэт – 52 тыс. рублёў. Выкананы мерапрыемствы па ўстаноўцы таблічак з дубліраваннем асноўнай візуальнай інфарма-цыі шрыфтам Брайля на шыльдах адміністрацыйных аб’ектаў 6 сельскіх Саветаў, 15-ці ўстаноў адукацыі Бярэзінскага раёна, устаноўлена кнопка выкліку на будынку райвыканкама. Таксама рэалізаваны гуманітарны праект – пры падтрымцы Ірландскай дабрачыннай арганізацыі, фонду “Добра тут”, устаноўлены пад’ёмнік у адным з дамоў горада Беразіно, дзе пражывае малады інвалід.

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» Святлана Сянько дэманструе візуальныя ўказальнікі


— Тактыльныя і візуальныя паказальнікі, моўныя інфарматары, пандусы з поручнямі ў аптэках і магазінах, банках і паліклініках, вакзалах, аўтобусах і прыпынках вельмі важныя для нас, людзей з інваліднасцю, — гаварыла Святлана Сянько. – Інакш мы застанёмся бездапаможнымі, не зможам самастойна арыентавацца ў прасторы і рухацца па-за межамі сцен сваіх пакояў.

Старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» Таццяна Кліменка

У гэты ж дзень адбыліся сустрэча Святланы Сянько з калектывам аўтапарка №22 горада і справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” на чале з Таццянай Кліменка.

Алена ГРОМАВА,
фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *