Як сямейная пара з Беразіно справілася з каранавірусам

Пра каранавірус ужо сказана, напісана нямала. Многія яго баяцца, іншыя – адносяцца абыякава, маўляў, гэта мяне не закране. Хтосьці захоўвае ўсе прафілактычныя меры (носіць сродкі індывідуальнай аховы, апрацоўвае рукі антысептыкам, захоўвае сацыяльнае дыстанцыраванне), іншыя, на жаль, не. Сёння мы раскажам гісторыю маладой сям’і, якая перахварэла на каранавірус. Навошта? Каб развеяць міфы пра хваробу.

Як усё пачыналася?

— Калі ўпершыню пачула пра каранавірус, які ахапіў Кітай, мне здавалася, што гэта так далёка і нас ніколі не закране, — пачынае гутарку яна. — Зараз я разумею, што моцна памылялася. Затым, калі “карона” прыйшла ў Беларусь, імкнулася выконваць усе прафілактычныя меры: у людных месцах насіла маску, апрацоўвала рукі антысептыкам…
— Дзе Кітай, а дзе мы?! Вядома ж, здавалася, што гэта хвароба міне нас. І калі жонка прымушала насіць маску, апранаў яе толькі, каб не засмучаць любую, — дадае ён.
— Ці баяліся мы захварэць? Нават і не думалі: мы ж займаемся спортам. Вядзём актыўны лад жыцця, правільна харчуемся, ды і маладыя – няма яшчэ і 30!
Раніца. Здаецца, звычайны дзень. Але… толькі не ў гэтай сям’і. У яе – павышаная тэмпература цела, закладзены нос.
— Я пераконвала сябе, што гэта звычайнае вострае рэспіраторнае захворванне, — расказвае яна. – Пайшла да ўрача, зрабіла флюараграфічнае даследаванне – лёгкія чыстыя. Зрабілі на ўсялякі выпадак тэст на каранавірус.
— Калі ў жонкі павысілася тэмпература, шчыра прызнаюся, я спужаўся, што і нас “накрыла” «карона». Але не выдаваў страху, падтрымліваў любую, запэўніваў, што хутка ўсё пройдзе.

Тэст на «карону» станоўчы… што рабіць?

— Я была на бальнічным, прымала звычайныя антыбіётыкі, як пры прастудзе. Тэмпература “скакала”, то павышалася, то паніжалася, — згадвае яна. – Мне было ўжо, сапраўды, страшна. Навіны ў інтэрнэце нагняталі становішча. Падчас хваробы стараліся ўстрымлівацца і не чытаць іх, але, прызнацца, маральна было вельмі цяжка. З усіх сіл старалася думаць аптымістычна і спадзявацца на лепшае. Праз пару дзён патэлефанавалі з паліклінікі і паведамілі, што тэст на каранавірус станоўчы.
Страх! Разгубленасць. Паніка. Што рабіць?! У мяне былі “лёгкія” сімптомы, таму шпіталізацыя не патрабавалася. Прыйшлі медыцынскія работнікі, уручылі мне і мужу (кантакту першага ўзроўню) патрабаванні аб самаізаляцыі. Узялі ў мужа мазок.
— Таксама пачала павышацца тэмпература цела, — дадае ён. – Была вяласць, слязіліся вочы. І зараз я ўжо быў перакананы, што ў мяне “карона”. Але гэта ўжо не пужала. Галоўнае, хутчэй ачуняць! Вельмі перажываў за любую, у якой быў моцны кашаль. Праз пэўны час прыйшоў і мой “станоўчы” тэст…

“Вельмі хацелася выйсці на свежае паветра”

— І мы апынуліся ўпершыню за тры гады сумеснага жыцця “замкнутымі” разам у чатырох сценах аднапакаёвай кватэры, — дадае сямейная пара. – Раней спяшаліся на працу, да позняга там затрымліваліся (шмат работы!), затым беглі ў трэнажорную залу, сустракаліся з сябрамі… Водпуск ні разу не праводзілі ра-зам. А зараз нікуды не трэба бегчы, мітусіцца… Многія падумаюць, як цудоўна, адпачынак. Але такога “адпачынку” нікому не пажадаем. “Карона” ў нас праходзіла, як кажуць, у лёгкай форме. Кожны дзень тэмпература то павышаецца, то зніжаецца, у дадатак да гэтага “душыць” кашаль, прапаў нюх, ламота ў целе, слязяцца, баляць вочы… У кватэры спякота, больш за трыццаць градусаў, а на вуліцу нельга выйсці. Чаго больш за ўсё хацелася? Выйсці з кватэры, дыхнуць свежага паветра, здавалася, што пасля хваробы будзем жыць на вуліцы.

А чым заняцца?

— Час цягнуўся вельмі марудна. Мы былі на самаізаляцыі больш за 20 дзён. А здавалася, што прай-шло больш за год, — дадае сямейная пара. – Было вельмі жудасна — увесь час сядзець дома. Пасля таго, як стан здароўя палепшыўся, пачалі прыдумляць сабе заняткі. Чыталі кнігі, эксперыментавалі на кухні, асвойвалі настольныя гульні, глядзелі фільмы… І марылі, каб хутчэй зноў пайсці на працу, сустракацца з сябрамі… зноў дыхаць свежым паветрам!

«Прыемна, што падтрымлівалі сябры і калегі!»

— Кожны дзень нам тэлефанавалі, наведвалі супрацоўнікі РАНС і цэнтра гігіены, цікавіліся, правяралі, ці захоўваем самаізаляцыю. Прадукты мы заказвалі праз інтэрнэт. Калі штосьці было вельмі неабходна, нам дапамагалі сябры (прыносілі, да прыкладу, пакеты з прадуктамі харчавання пад дзверы). Ведаеце, вельмі прыемна было, што падтрымлівалі родныя, сябры, калегі. Пастаянна тэлефанавалі, гутарылі праз відэасувязь, дзяліліся навінамі, прапаноўвалі дапамогу. І мы яшчэ раз пераканаліся: як цудоўна, што мы ёсць адзін у аднаго. Падтрымка каханага чалавека ў такой складанай сітуацыі – лепш за лекі. А яшчэ, вялікі дзякуй медыцынскім работнікам!

«Калі неабходна, гатовы быць донарамі плазмы»

— Можна сказаць, нам “пашчасціла”. Не спатрэбілася шпіталізацыя, не закранула пнеўманія. Ведаем, што многія пераносяць “кавід” цяжка і ім неабходна донарская плазма крыві. Ці гатовы мы быць донарамі?! Чаму б ні дапамагчы людзям, калі будзе такая магчымасць.

“Карона” расставіла прыярытэты

Мае суразмоўцы прызнаюцца, што хвароба шмат чаму іх навучыла, і, сапраўды, змяніла жыццё на “да” і “пасля”.
— Многія пытаюцца, ці змянілася жыццё пасля «кароны»? Здаецца, змяніліся мы самі. Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што хвароба — нагода расставіць прыярытэты. Думаючы аб матэрыяльных каштоўнасцях, мы забываемся пра самае галоўнае: у нас ёсць жыццё, родныя і блізкія людзі. Хіба гэта не самае важнае? Асабіста мы ў гэтым пераканаліся. Зразумелі, як цудоўна, што мы ёсць адзін у аднаго. Бо нават цяжка ўявіць, як перажыць “карону”, самаізаляцыю сам-насам. Зараз імкнёмся як мага больш часу праводзіць разам на свежым паветры!

Парады ад сямейнай пары, як перажыць “карону”, самаізаляцыю

— Не панікуйце! Прыслухоўвай-цеся да парад медыцынскіх работнікаў.
— Вядзіце здаровы лад жыцця нават на самаізаляцыі, умацоўвайце імунітэт. Калі ёсць магчымасць, займайцеся спортам.
— Знайдзіце занятак для душы, займіцеся самаадукацыяй.
— Строга захоўвайце рэжым самаізаляцыі. Іначай ставіце пад пагрозу жыццё і здароўе іншых людзей.
— Беражыце сябе і будзьце здаровымі!

Юлія БУКЕЛЬ.

Як сямейная пара з Беразіно справілася з каранавірусам: 2 комментария

  • 11 июля 2020 в 17:05
    Permalink

    Как будто про нас написали! Мы тоже с мужем переболели, было очень сложно сидеть дома! И действительно такой лёгкой формы никому не пожелаешь! После короны, пересмотрели все жизненные позиции! Самое главное — это здоровье, семья Спасибо за материал

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 10 июля 2020 в 13:12
    Permalink

    Ахахахахах!!!! Сразу видно, Юлия вернулась! Спасибо!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *