Як у Бярэзінскім раёне змагаюцца з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі?

Якія меры прымаюцца на прадпрыемствах, у арганізацыях Бярэзіншчыны, месцах масавага знаходжання людзей, каб не дапусціць распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, мы зазірнулі ў гандлёвыя аб’екты раёна, даведаліся, як апрацоўваюцца пад’езды дамоў, аўтобусы і прыпынкі…

Лініі дыстанцыі і прадаўцы ў масках

Зазірнём у адзін з гандлёвых аб’ектаў Бярэзінскага філіяла Мінскага абласнога спажывецкага таварыства – магазін №9 “Родны кут”. На ўваходзе, каля кас, стаяць дазатары з антысептычнымі сродкамі. Заўважаем, што пакупнікі ўжо прывыклі: на ўваходзе і выхадзе з магазіна апрацоўваюць рукі. Нікога не здзіўляюць, не пужаюць і прадаўцы ў сродках індывідуальнай аховы. Размешчаны ў магазіне і прафілактычныя лістоўкі, якія заклікаюць часцей мыць рукі, апрацоўваць іх антысептычнымі сродкамі, пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей і захоўваць у магазіне дыстанцыю ў чарзе ў 1,5 метра. Для таго, каб пакупнікі не забываліся пра дыстанцыю, на падлозе адзначаны “лініі дыстанцыі”.
Назіраем, ці захоўваюць гэтыя простыя патрабаванні пакупнікі. Як ні дзіўна, але большасць не тоўпіцца адзін каля аднаго, а ўсё ж такі прытрымліваецца дыстанцыі.

І ў аўтобусах таксама ёсць антысептыкі

Упэўнены, большасць з вас карыстаецца грамадскім транспартам. Таму цікава, як апрацоўваюцца аўтобусы? Мы вырашылі праехаць па адным з гарадскіх маршрутаў. Адзначаем, што і вадзіцель, і кандуктар у сродках індывідуальнай аховы: масках і пальчатках. Пасажыры могуць у салоне апрацаваць рукі антысептычнымі сродкамі. Пасля вяртання з чарговага рэйса аўтобусы аўтапарка №22 апрацоўваюцца (двойчы на дзень). Як высветлілася, апрацоўваюць антысептычнымі сродкамі падлогу, поручні, сядзенні і шкло. Гэтым займаюцца мыйшчыцы-прыбіральшчыцы аўтапарка, вядома ж, у сродках аховы: спецыяльны касцюм, маска, ахоўныя акуляры, пальчаткі…
Апрацоўка прыпыначных пунктаў…
Пагадзіцеся, праз прыпыначныя пункты грамадскага транспарту за дзень праходзіць не адзін дзясятак чалавек. Таму і прыпыначныя пункты таксама дасканала апрацоўваюць работнікі Бярэзінскай ЖКГ.

… і пад’ездаў

У пад’ездах шматпавярховых жылых дамоў па графіку праводзіцца вільготная ўборка. У дадатак да гэтага, камунальнікі апрацоўваюць пад’езды і антысептычнымі сродкамі. У спецыяльнай “уніформе” (халат, маска, ахоўныя акуляры) пульверызатарам, за-праўленым антысептыкам, апрацоўваюць сцены і падлогу, праціраюць поручні, ручкі ўваходных дзвярэй кватэр.

Як бачым, у нашым раёне робіцца ўсё магчымае, каб не дапусціць распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Але ж, пагадзіцеся, многае залежыць і ад нас саміх. Неабходна прыслухоўвацца да рэкамендацый медыкаў: дасканала мыць рукі, апрацоўваць іх антысептычнымі сродкамі, пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей, па магчымасці – заставацца дома, весці здаровы лад жыцця.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *