Як у гаспадарках Бярэзінскага раёна падрыхтаваліся да зімоўкі

Прайшоў амаль што месяц, як грамадскае пагалоўе раёна пастаўлена на зімовае ўтрыманне. Традыцыйна папярэднічала гэтаму праведзеная ў гаспадарках падрыхтоўчая работа. Добраўпарадкоўваліся не толькі самі памяшканні для ўтрымання жывёлы, але і выгульныя пляцоўкі каля ферм. У кароўніках належным чынам былі праведзены ачыстка і дэзынфекцыя, пабелка сцен. Паклапаціліся жывёлаводы і аб тым, каб у час зімовых халадоў тут было цёпла: адрамантавалі і ўцяплілі дзверы, зашклілі вокны. Даведзены да ладу сістэмы водапаення і гноевыдалення.
— Сезон зімовага стойлавага ўтрымання афіцыйна пачаўся ў раёне з 1 кастрычніка, — расказвае выконваючая абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Жаўнерчык, — але спрыяльнае надвор’е і багаты травастой дазволілі яшчэ да сярэдзіны месяца выганяць кароў на пашу на працяглыя прагулкі. Такую магчымасць, у прыватнасці, паспяхова выкарысталі ААТ “Бярэзінскі”, “Уша”, “Багушэвічы”, “Месціна”, “Першамайскі”, “Пагосцкі”.
— Сёння ўсе сельгаспрадпрыемствы, — працягвае спецыяліст, — перайшлі на выкарыстанне ямных кармоў. У залежнасці ад іх якасці складаецца зімовы рацыён. Аргані-заваны кантроль за адкрыццём сянажных і сіласных траншэй, рацыянальным скормліваннем кармоў.
Дарэчы, з кармленнем жывёлы гэтай зімой праблем быць не павінна ні ў адной гаспадарцы, бо ў параўнанні з леташнім перыядам на ўмоўную
галаву жывёлы назапашана амаль на 5 цэнтнераў кармавых адзінак больш (на 14 кастрычніка, напрыклад, калі яшчэ працягваў закладвацца кукурузны сілас, па раёне на ўмоўную галаву было нарыхтавана па 32,18 ц. к. адз.). Самы нізкі паказчык (24,36 цэнтнера) мела на той час ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, а ААТ “Месціна” і “Багушэвічы” ўшчыльную наблізіліся да адзнакі ў 30 ц.к. адз. Найбольш сытным рацыён жывёлы гэтай зімой будзе ў сельгасфіліяле “Ома” і ААТ “Першамайскі”, дзе на кожную ўмоўную галаву было закладзена адпаведна па 46,21 і 38,42 цэнтнера кармавых адзінак.
Са станоўчага боку Н. Жаўнерчык адзначыла наступны факт: звычайна ў перыяд пераводу жывёлы на зімовае ўтрыманне і яе адаптацыі да новых умоў знаходжання і кармлення адбываецца рэзкі спад вытворчасці малака (гэтая тэндэнцыя сёлета адбілася на паказчыках многіх раёнаў вобласці). Нам жа ўдалося пазбегнуць такога скачка. І калі на пачатку кастрычніка ў рэалізацыю паступала 112,7 тоны малака, то і сёння гэтая лічба калі і стала крыху меншай, то нязначна.
Так, зімовы перыяд – гэта заўсё-ды выпрабаванне для жывёлаводаў і спецыялістаў галіны. Хочацца, каб сёлета іспыты паказалі іх толькі з лепшага боку. Падставы для гэтага ёсць.

Падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *