Як засцерагчы жывёлу ад афрыканскай чумы? Парады спецыяліста

Афрыканская чума свіней (АЧС) – асабліва небяспечная высокакантагіёзная вірусная хвароба дамашніх і дзікіх свіней, якая характарызуецца хуткім распаўсюджваннем і высокай ступенню смяротнасці. Лекавыя сродкі для прафілактыкі і лячэння АЧС адсутнічаюць, гіне да 100% хворай жывёлы.
А вось для чалавека хвароба небяспекі не ўяўляе.

Крыніцай віруса з’яўляюцца хворыя свінні. Пе-радача захворвання іншым жывёлінам можа адбывацца праз заражаныя вірусам кармы, гной, падсцілку, прадукты забою жывёлы. Ад заражэння да паяўлення клінічных прымет прахо-дзіць 2-7 дзён. У свіней павышаецца тэмпература да 42 градусаў, з’яўляюцца кашаль, задышка, прападае апетыт, узмацняецца смага, адзначаюцца выпадкі ванітаў і паралічу задніх канечнасцей, на асобных участках скуры з’яўляюцца чырвона-фіялетавыя плямы. Смерць наступае на 1-5 дзень, у асобных выпадках – радзей.

Для пазбягання ўзнікнення і распаўсюджвання АЧС патрэбна захоўваць наступныя меры:

— штодзень праводзіць агляд свіней для своечасовага выяўлення магчымага захворвання жывёлы;
— не скормліваць свінням харчовыя адходы і адходы, атрыманыя пасля забою свіней, ажыццяўляць утылізацыю адходаў ва ўстаноўленых месцах;
— не набываць кармы і кармавыя дабаўкі невядомага паходжання ва неўстаноўленых месцах без адпаведных суправаджальных дакументаў да іх;
— не набываць жывых свіней, мяса і мясапрадукты ва неўстаноўленых гандлёвых пунктах, без ветэрынарных суправаджальных дакументаў;
— неадкладна паведамляць пра ўсе выпадкі захворвання свіней спецыялістам мясцовых сельвыканкамаў або ветэрынарнай службы, дапускаць апошніх на тэрыторыю сваіх падворкаў для агляду свіней і правядзення мерапрыемстваў;
— пастаянна весці барацьбу з грызунамі;
— не завозіць свіней з іншых рэгіёнаў без узгаднення з ветэрынарнай службай раёна.

Памятайце: выкананне прыведзеных рэкамендацый накіравана на папярэджанне АЧС на тэрыторыі вашых падворкаў і эканамічных страт.

Андрэй ДРАЗДОЎСКІ,
загадчык Бярэзінскай участковай ветлячэбніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *