Ступені поспеху. Як здаць ЦТ на 97 балаў? Адказ ведае Аляксей Саўкін

У Аляксея Саўкіна, залатога медаліста сярэдняй школы № 3 горада Беразіно, максімальны вынік у раёне па цэнтралізаваным тэсціраванні па нямецкай мове! «Працавіты, сур’ёзны, прынцыповы, упарты, настойлівы – пачулі мы водгукі адміністрацыі школы аб юнаку. – Мы ніколькі не сумняваліся ў тым, што ён максімальна наблізіцца па гэтым прадмеце да запаветнай сотні”.


Аляксей збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “лагістыка”. Набраных балаў па рускай і нямецкай мовах, матэматыцы з лішкам хопіць, каб у ліку першых падаць дакументы і сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання.
– Па матэматыцы – 71 бал, па рускай мове – 85, па нямецкай – 97,- пералічвае юнак, — а яшчэ ў мяне сярэдні бал школьнага атэстата — роўна 100 балаў. Гэта значыць, што са сваімі 353 баламі магу смела штурмаваць прыёмную камісію самай прэстыжнай навучальнай установы краіны. Як здаць ЦТ на 97 балаў? Вучыць, вучыць і вучыць – па-іншаму ніяк! З выбарам спецыяльнасці я вызначыўся ў 10 класе, аднак доўга трымаў гэта ў сакрэце. А вось пра тое, што пры паступленні буду здаваць нямецкую мову, ведаў ужо ў 8-ым класе, калі ўшчыльную заняўся вывучэннем гэтага прадмета. Тлумачыць чаму, напэўна, не трэба, бо сучасны чалавек павінен ведаць замежную мову!

Так, у 8–ым класе пачалося планамернае і мэтанакіраванае вывучэнне тонкасцей і нюансаў нямецкай мовы. А іх у гэтым прадмеце вялікая колькасць!
– Дапамагалі мне ўсе — матуля і тата, якія падтрымлівалі маё жаданне і не давалі апускаць рукі, – гаворыць Аляксей. – Акрамя трох гадзін у тыдзень, дадаткова займаўся з педагогам Андрэем Сойка. Ды і браў удзел у алімпіядах па нямецкай мове з 10 класа. Праўда, так і не ўдалося пераадолець планку абласнога ўзроўню, але я стаў восьмым па ліку на гэтым этапе выпрабавання. Ужо тады пачаў узмоцнена рыхтавацца да ЦТ. Цяжка? Не, калі ўвесь час вучыш і адчуваеш рэальную падтрымку педагогаў і бацькоў, якія вераць у цябе і запэўніваюць, што ты можаш выйсці на максімум. Скажу шчыра, дзесьці ў глыбіні душы тады і пасялілася надзея на поспех.
На ЦТ Аляксей адчуваў сябе спакойна:
– Але не без пэўнага хвалявання, бо я ж прынцыпова не прайшоў праз рэпетыцыйнае тэсціраванне. Трохі напружвала гэта акалічнасць і сама атмасфера: поўная цішыня ў аўдыторыі, пастаянная думка, што галоўнае – правільна запоўніць бланк адказаў. Разумеў: цяпер усё залежыць толькі ад мяне! Сабраўся з думкамі, сістэматызаваў веды. З тэстам справіўся і яшчэ паспеў усё пераправерыць. З аўдыторыі выходзіў заспакоеным – ніводнае заданне не выклікала ў мяне вялікую трывогу.
Напружання ад чакання вынікаў Аляксей таксама асаблівага не адчуваў, бо рэальна ацэньваў свой узровень падрыхтоўкі.
– Смс-паведамленне прыемна парадавала, – працягвае юнак. – Пра вынікі даведаўся анлайн на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Увёў свае дадзеныя – бачу: 97 балаў. Адразу і не паверыў сваім вачам, яшчэ раз пераправерыў і пераканаўся, што дапусціў лічаныя недакладнасці ў частцы “А”. Першымі пра мой поспех даведаліся бацькі, а потым і педагогі, аднак ні яны, ні мае аднакласнікі не былі здзіўлены.
Сёлетні год выдаўся для Аляксея напружаным. Аднак падрыхтоўка да выпускных экзаменаў і ўступных іспытаў, удзел у прадметнай алімпіядзе не перашкодзілі атрымаць высокія адзнакі па вучэбных прадметах.
– Як усё паспяваў? – смяецца Аляксей. – Я і сам не ведаю, як так атрымлівалася. Лад жыцця ў мяне такі. І мне падабаецца, калі няма вольнага часу, калі кожная хвіліна распісана нават у выхадны дзень. Так, я прызвычаіўся чытаць нямецкую літаратуру, глядзець фільмы на замежнай мове і нават у думках разважаць толькі па-нямецку. Веру, што гэта школьная звычка застанецца са мной і ў дарослым жыцці. Мяркую таксама ва ўніверсітэце пачаць вывучаць з нуля англійскую мову.
У сваім выбары будучай прафесіі Аляксей упэўнены на ўсе 100! Будучым абітурыентам ён жадае не здавацца, верыць у свае сілы і смела ісці наперад. Выбраць для сябе пэўную мэту і імкнуцца да яе дасягнення, нягледзячы на складанасці.
— У кожнай школе нашага раёна ёсць выдатныя магчымасці для якаснага навучання і падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання: матэрыяльна-тэхнічная база, вопытныя педагогі, — прызнаецца Аляксей, — і наша задача не ўпусціць свой шанс, зрабіць першы крок да мары, рэалізаваць па максімуме свой патэнцыял, каб потым знайсці сваё месца ў дарослым жыцці і быць карысным грамадству.
У мінулую суботу пачалася падача дакументаў у ВНУ Беларусі. Пажадаем Аляксею і ўсім бярэзінскім абітурыентам поспехаў! Няхай вашы мары збудуцца!

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *