Як зімуюць азімыя ў філіяле “ОМА”?

Азімыя збожжавыя вырошчваюць усе мясцовыя гаспадаркі, бо культуры штогод радуюць добрымі намалотамі. Таму ў гэтыя студзеньскія марозныя дні няма ў раёне аграномаў, якія не хваляваліся б за лёс сваіх азімых палеткаў. У ліку такіх і галоўны аграном філіяла “ОМА” Уладзімір Шагойка. Летась яго гаспадарка стала лідарам у раённым спаборніцтве на жніве, атрымаўшы на круг па 38,3 гектара і намалаціўшы 2525 гектараў. Амаль палову валавога збору забяспечыла шчодрая азімая ніва.

— У народныя прыкметы селянін даўно не верыць, — гаворыць галоўны аграном філіяла “ОМА” Уладзімір Шагойка. — Страцілі яны сваю актуальнасць у наш высокатэхналагічны час, калі на палетках гудзіць сучасная магутная тэхніка, селекцыянерамі распрацоўваюцца новыя гібрыды насення, ды і ёсць селянін, здольны сваімі стараннем і працавітасцю перахітрыць матухну-прыроду. Таму будучы ўраджай толькі ў яго руках і ў боскай волі!

Гэта, сапраўды, стала значным поспехам мясцовых земляробаў, бо “омаўскія” землі ў раёне асаблівай урадлівасцю не вызначаюцца і патрабуюць ад селяніна вопыту, а таксама якасці сяўбы і захавання тэхналогіі, каб зменшыць негатыўны ўплыў умоў надвор’я на развіццё культур.

Азімыя зерневыя ўвайшлі ў зімоўку ў гаспадарцы ў добрым стане. Аж да канца снежня надвор’е стаяла з плюсавой тэмпературай паветра і без снегу. Таму не вымерзлі пасевы, не выпрэлі. А вось у студзені пачалося рэзкае пахаладанне, выпаў снег і ўдарыў моцны мароз, які ў начны час дасягаў мінус 20 і больш градусаў. У такі перыяд вялікая верагоднасць гібелі раслін, асабліва азімага рапсу.
— Сам па сабе снег на палетках для селяніна — гэта добра, — зазначае Уладзімір Рыгоравіч, — ён дазволіць назапасіць неабходную вільгаць і не дасць загінуць палеткам. Ды і насенне вясной лепш кідаць у вільготную глебу. А вось той факт, што снег выпаў не на вымерзлую глебу, ужо крыху непакоіць. Асабліва хвалююся за рапс. Гэта культура вельмі капрызная і ў выпадку неспрыяльнага надвор’я гіне першай!

Гаворыць аграном гэта з веданнем справы, бо мясцовыя супясчаныя, рыхла пясчаныя і пясчаныя землі і тарфянікі ведае як свае пяць пальцаў і кожны год рупіцца аб кожным гектары палеткаў.

— Сёлета, дзякуючы лагоднаму восеньскаму надвор’ю, якасна і своечасова засеялі 427 гектараў падлеткаў, — зазначае аграном. — Выбралі для іх самыя лепшыя папярэднікі і насенне, большасць з якога прадстаўлена гатункамі першай рэпрадукцыі і гібрыдамі, здольнымі супрацьстаяць капрызам надвор’я і шкоднікам, унеслі пад поўную патрэбу мінеральныя ўгнаенні і зрабілі хімпраполку. Сэрца радавалася, калі бачылі ўвосень зялёную аксамітавую рунь азімых палеткаў.

Па знешнім выглядзе раслін, якія трапілі ў поле нашага зроку, склалася ўяўленне, што азімыя зерневыя адчуваюць сябе выдатна. Зялёнымі парасткамі пацягнуліся ўгору, і толькі рапс не надта радаваў, хаця таксама “рушыў” у рост. Усе культуры — пшаніца, трыцікале, жыта і рапс — «чыстыя» ад снежнай цвілі, мучністай расы і інш.

— На календары яшчэ толькі студзень, а таму нам рана хваліцца азімымі пасевамі, — падкрэсліў Уладзімір Рыгоравіч. — Можа быць яшчэ і моцны мароз на «голае поле», і ледзяная корка, і выпрабаванне раслін пад снегам, і іх вымаканне. Мы будзем рэгулярна адсочваць стан азімых для вызначэння іх жыццяздольнасці. Кантроль дазволіць правільна ацаніць і спрагназаваць захаванасць культур, з улікам гэтага своечасова і правільна скарэкціраваць комплекс агратэхнічных мерапрыемстваў у вясенні перыяд. Балазе, патрэбная тэхніка і ўсё неабходнае для гэтага ёсць. Таму спадзяёмся, як і заўсёды, толькі на сябе і Бога, які не дасць пакрыўдзіць руплівага і стараннага земляроба!

Філіял “ОМА” мае малочна-мясную спецыялізацыю з развітай вытворчасцю кармавых культур. У карыстанні гаспадаркі знаходзіцца 2571 гектар зямель гаспадарчага прызначэння. Бал урадлівасці сельгасугоддзяў налічвае 24, а бал паш – 28,9. За мінулы год у філіяле выраблена 4,6 мільёна рублёў валавой прадукцыі, у тым ліку назіраецца рост прадукцыі раслінаводства — 136%.

 

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *