Як зламаць бар’еры, каб вырашыць праблемы? Адказ — у нашым актуальным інтэрв’ю

Служба “Адно акно” вось ужо больш як 10 гадоў таму трывала ўвайшла ў наша жыццё. Агульныя патрабаванні да парадку ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур замацаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2008 года “Аб асновах адміністрацыйных працэдур”. Заяўны прынцып аднаго акна – гэта зварот зацікаўленай асобы з заявай у адзін орган з прыкладаннем дакумента і (або) звестак, якія неабходныя для ажыццяўлення працэдуры і могуць быць прадстаўлены грамадзянінам самастойна. Работа па прывядзенні дзеючага заканадаўства ў адпаведнасць з названым Законам дазволіла не толькі спрасціць адміністрацыйныя працэдуры і скараціць іх колькасць, але і пазбавіцца залішніх адміністрацыйных бар’ераў.
Час не стаіць на месцы, з’яўляюцца новыя віды працэдур, для выканання якіх жыхары Бярэзіншчыны звяртаюцца ў “Адно акно”, каб вырашыць тыя ці іншыя праблемы і пытанні. Пра дзейнасць гэтай службы сёння гутарым з начальнікам аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб раённага выканаўчага камітэта Наталляй АСКІРКА:

Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб раённага выканаўчага камітэта Наталля АСКІРКА

— Сапраўды, работы становіцца больш. Так, сёлета з 1 студзеня тут пачалі ажыццяўляць працэдуру 2.47 “Прыняцце рашэння аб датэрміновым распараджэнні (адмаўленні ў датэрміновым распараджэнні) сродкамі сямейнага капіталу”. А з 10 чэрвеня ў адпаведнасці з Пас-тановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 271 спецыялістам “Аднаго акна” перададзены працэдуры, якія ў большай ступені датычацца пытанняў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Сярод іх – выдача даведкі аб памеры дапамогі па доглядзе за інвалідам першай групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту (працэдура 2.39), пастаноўка на ўлік дзіцяці, якое мае патрэбу ў накіраванні ва ўстанову адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі (працэдура 6.6), выдача даведкі аб тым, што вышэйшая, сярэдняя спецыяльная адукацыя атрымана на платнай аснове (працэдура 6.5) і г.д.
Калі браць у цэлым, то на пачатку года служба “Адно акно” выконвала 126 працэдур. А з уступленнем у сілу новай пастановы — іх колькасць узрасла да 239-ці.
— Такім чынам, па-вялічыцца і колькасць грамадзян, якія маюць патрэбу ў тым ці іншым дакуменце…
— Безумоўна. Тым не менш, работнікі названай службы Юлія Жукоўская і Свят-лана Бахановіч з’яўляюцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі і заўсёды ва ўстаноўленыя тэрміны выконваюць заяўкі грамадзян. Гэта можа быць і дзень звароту, і 15-дзённы тэрмін (такіх працэдур большасць), і больш працяглы перыяд, як прадугледжана заканадаўствам. Тут жа наведвальнікі атрымліваюць неабходную кансультацыю і патрэбную дапамогу.
Таксама трэба нагадаць, што кабінет “Аднаго акна” для зручнасці грамадзян знаходзіцца на першым паверсе будынка райвыканкама, уваход у яго, з гэтай жа мэтай, зроблены прама з вестыбюля. Пакой, у якім размяшчаюцца наведвальнікі, утульны і прасторны, там ёсць усё неабходнае для работы і чакання сваёй чаргі. Для людзей, якія маюць праблемы з рухальным апаратам, пры ўваходзе ў будынак райвыканкама нядаўна была ўстаноўлена кнопка для выкліку спецыяліста і аказання дапамогі. Для таго, каб да спецыялістаў “Аднаго акна” жадаючыя маглі трапіць у зручны час, работа службы не абмяжоўваецца традыцыйным рэжымам з 8 да 17 гадзін. Так, у сераду рабочы дзень падоўжаны да 20 гадзін. Рабочым з’яўляецца і час з 9 да 13 гадзін кожнай першай суботы месяца. Выключэнне складаюць тыя выпадкі, калі на названыя дні прыпадаюць агульнадзяржаўныя святы.
— Ці памяняўся рэжым работы службы ў сувязі з каранавірусам, наколькі часта заглядваюць у “Адно акно” бярэзінцы?
— Як ні дзіўна, але сітуацыя з пандэміяй не скараціла, а наадварот павялічыла колькасць людзей, якія  звяртаюцца для афармлення той ці іншай працэдуры. Сакрэт тут просты: многія з тых, хто аказаўся на самаізаляцыі па ўласнай ініцыятыве, вырашылі з карысцю выкарыстаць вольны час і вырашыць у гэты перыяд праблемы, якія назбіраліся за апошні час ці існавалі ўжо не адзін год. Асабліва гэта датычыцца дакументальнага афармлення колішніх пабудоў. Звяртаюцца і з іншымі пытаннямі, напрыклад, атрымаць дазвол на ажыццяўленне будаўніцтва або субсідыю на будаўніцтва жылля ў шматкватэрным жылым доме, аформіць дакументы на датэрміновае атрыманне сямейнага капіталу і г.д. Адзінае, што нагадвае аб пандэміі, дык гэта меры, якія нашы супрацоўнікі захоўваюць пры рабоце з наведвальнікамі – маскі, пальчаткі, антысептыкі, санітарная апрацоўка кабінета.
Падводзячы вынік, скажу, што служба “Адно акно” раённага выканаўчага камітэта застаецца вельмі запатрабаванай у жыхароў Бярэзіншчыны і яе супрацоўнікі прыкладаюць усе намаганні, каб вынік іх работы спрыяў больш хуткаму і аператыўнаму вырашэнню праблем людзей.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *