Вакальны калектыў Бярэзіншчыны адзначыў 15-гадовы юбілей

У мінулую пятніцу ў вялікай зале Косаўскага сельскага Дома культуры практычна не засталося свабодных месцаў. Сярод наведвальнікаў былі нават бярэзінцы паважанага ўзросту, якія на таксі прыехалі паслухаць свой любімы вакальны калектыў “Рэчанька”.


— У гэтым калектыве спяваюць і танцуюць нашы сяброўкі–пенсіянеркі, якія на зайздрасць нам у свае гады хваробы не лічаць, не страцілі звонкіх галасоў і бясконцай энергіі, — гаварылі жанчыны. – Таму мы вырашылі падтрымаць іх сваімі апладысментамі, каб надаць новы імпульс творчасці 15-гадоваму юбіляру.
Вакальны калектыў “Рэчанька” быў створаны 15 гадоў таму намаганнямі Галіны Бабровіч і ўжо з першых канцэртных выступленняў упэўнена заявіў аб сабе як самабытнае творчае аб’яднанне, адразу знайшоў прыхільнікаў сярод мясцовай публікі. Ды і гэта не стала дзіўным, бо ўсе пявунні яго аказаліся са стажам, бо некалі самі выступалі ў складзе вакальнай групы “Лучына” былога Гарэніцкага сельскага клуба.
Першая вакальная кампазіцыя на матыў аднайменнай народнай песні і дала назву калектыву. Яна аказалася надзвычай удалай і адразу стала візітоўкай самадзейнага калектыву.


— Па першым часе калектыў наш быў выключна жаночым, — расказвае Га-ліна Бабровіч. — Нічога дрэннага ў гэтым няма, але яўна не хапала для творчага каларыту мужчынскага барытону. Ды і што зробіш, не было акампаніятара! На шчасце, выйшаў на заслужаны адпачынак былы старшыня Капланецкага сельскага Савета Мікалай Палянскі. Ён у нас і спявае, і грае на гармошцы.
Пад кіраўніцтвам Галіны Бабровіч і акампанемент Мікалая Палянскага заняткі і рэпетыцыі сталі праходзіць на больш прафесійным узроўні. Сумесным плёнам дзейнасці стаў новы рэпертуар ансамбля.
— Да выбару кожнай песні падыходзім вельмі прыдзірліва, — гаворыць Галіна Георгіеўна, — падбіраем не толькі пад галасы вакалістаў, але і па тэме, і душэўнасці, энергіі і настроі, якія яна нясе слухачам. Таму рашэнне прымаем разам.


Сёння ў рэпертуары ансамбля – некалькі вакальных кампазіцый на народныя матывы. Найбольш упадабаныя сярод слухачоў “Закружился снег шальной”, “Эх, гармошечка, играй”, “Калина, калина”. Для іх выканання ўдзельніцы творчага калектыву, як кажуць, сваімі рукамі аздобілі камплекты канцэртных касцюмаў – з выкарыстаннем элементаў рускага і беларускага нацыянальнага адзення.
Два разы ў тыдзень спяшаюцца гэтыя захопленыя жанчыны на рэпетыцыі ў сельскі Дом культуры. Гадзіну, а іншы раз і больш, з імі займаецца Галіна Георгіеўна. Як аб вельмі чулым, добрым і тактоўным чалавеку, сапраўдным прафесіянале, аб ёй адгукаюцца “падапечныя”. Яны стараюцца не падвесці мастацкага кіраўніка. Трэба толькі бачыць, як жвава, з запалам выходзяць пявунні з “Рэчанькі” на сцэну і выконваюць, часам, не самыя лёгкія вакальныя нумары. Вочы свецяцца, на вуснах – усмешкі.


І нават не верыцца, што сярэдні ўзрост удзельніц калектыву – пенсійны.
Жанчыны прызнаюцца, што ўсе гэтыя выхады на сцэну, зносіны ў час рэпетыцый – вельмі дарагія. Яны дапамагаюць адчуваць сябе маладымі і прыгожымі, адганяюць хваробы і дораць новы сэнс жыцця шчаслівым матулям, жонкам і бабулям.
У заключэнні хочацца назваць усіх удзельніц “Рэчанькі” пайменна. Гэта Лілія Гарошка, Галіна Ермаловіч, Галіна Бурая, Галіна Мялешка, Святлана Палянская і Ала Захарэнка.


Далейшых поспехаў на творчым і жыццёвым шляху вакальнаму калектыву па-жадалі калегі па цэху, з якімі неаднойчы даводзілася выступаць на канцэртах і мерапрыемствах. Гэта салісты Дзмітрый Мяшалкін, Аляксандр Антанюк, Яўгеній Зубар, Марына Ярэменка і артысты мастацкай самадзейнасці Любушанскага сельскага Дома культуры. Разам са шчырымі віншаваннямі і па-жаданнямі творчага даўгалецця паважаныя госці ўрачыста ўшаноўвалі кіраўніка вакальнай групы Галіну Бабровіч. Яна днямі адзначыла асабісты юбілей. Колькі споўнілася жанчыне гадоў, называць не варта, бо яна, як і падначалены калектыў, гадоў сваіх не лічыць і заклікае ўсіх адчуваць сябе маладымі, поўнымі сіл і энергіі нават на пенсіі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *