Якія элітныя гатункі насення ў пашане ў бярэзінскага селяніна?

За вокнамі ва ўсю гуляе завіруха і снегаачышчальная тэхніка ледзь-ледзь паспявае ўпраўляцца з вялізнымі гурбамі снегу, а руплівы селянін ужо плануе, які збярэ ўраджай зерневых летам. Вядома ж, планы пакуль строяцца на паперы, бо трэба пралічыць усё да драбніц, не памыліцца, каб выйсці на запаветную мяжу. Таму карпіць над паперамі начальнік інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Бярэзінскім раёне Васілій Піскун. Ён — адзін з самых вопытных аграномаў у раёне і стаўку ў будучым ураджаі, у першую чаргу, робіць на элітныя гатункі насення.

— Як вядома, самы шчодры колас гаспадаркам нашага раёна дае азімы клін. Сёлета ён налічвае 13283 гектары, з якіх пэўная частка засеяна элітным насеннем і гібрыдамі, што пры захаванні належнай земляробчай культуры абяцаюць на круг да 70 тон збожжа. Такую ўраджайнасць прагназуюць вучоныя гатункам азімага жыта “Пралеска”, “Афелія”, азімага трыцікале — “Антось”, “Імпульс”, “Дынама”, “Грэнада”, “Праметэй”, азімай пшаніцы – “Тэрэза”, “Багатка”. Прыемна, што нашым аграномам яны добра вядомы і аграрыі стараюцца ў сваім бюджэце адшукваць сродкі на набыццё высакаякаснага насеннага матэрыялу.

— А на колькі працэнтаў будучы ўраджай залежыць ад насення?

— Усяго толькі на дзесяць. Таму я і не спяшаюся з прагнозамі на будучы ўраджай, бо трэба яшчэ шмат зрабіць, шмат пакарпець, каб закаласіўся золатам збожжавы колас. Земляробчая культура складаецца ж не толькі з насення, але і з належнага догляду за палеткамі. Вясной запланавана правесці хімпраполку азімых культур гербіцыдамі і апрацоўку ад шкоднікаў. Што гэта важна зрабіць якасна, своечасова і ў поўным аб’ёме, красамоўней любых слоў гаворыць сітуацыя з ураджайнасцю азімага рапсу.

Яна не радуе селяніна ўжо каторы год, бо замест 25 цэнтнераў на круг намалочваецца ў лепшым выпадку 14!
Нямала фінансавых укладанняў і працы патрабуе не толькі азімы рапс, але і “царыца палёў” — кукуруза, насеннікі шматгадовых траў і грэчка

— Ці маецца пэўны запас хімікатаў і патрэбнай тэхнікі?

— Пэўны запас пратручвальнікаў, гербіцыдаў, сродкаў для барацьбы з хваробамі ёсць у наяўнасці, але яго плануецца папаўняць. Трэба паклапаціцца і аб абнаўленні абпырсквальнікаў, якія эксплуатуюцца звыш 10 гадоў, і аб закупцы спецыяльных
машын для пратручвання.

— Сумы, якія плануецца ўкласці ў будучы ўраджай, атрымліваюцца значныя і не па магчымасцях кожнай гаспадарцы. Як з гэтым быць?

— Тут вы маеце рацыю. Аднак заўважу, што попыт на збожжа існуе. З году ў год нязменна патрабуецца рапс. Даходы ад продажу штогод множацца. Разумеюць у нашым раёне гэта ўсе аграрыі. Ды не проста разумеюць! Стараюцца павялічыць даходы ад раслінаводчай галіны. Так, у філіяле “АграМАЗ” прадаюць насеннікі шматгадовых траў. Плануюць адрадзіць гэта яшчэ і ў ААТ ”Месціна”.

— Значыць, гэта ўсім па сілах?

— Так сказаць нельга, бо складаемых поспеху шмат — ад прафесіяналізму аграрыяў да патрэбнай агратэхнікі. Таму агульная сума пасяўных плошчаў насеннікаў шматгадовых траў пакуль невысокая. Аднак я думаю, што з цягам часу яна будзе толькі прырастаць. Патрэбна ж павялічваць вытворчасць малака і мяса, а тут ніяк не абысціся без перазалужэння паш і сенажацяў.

— А што наконт планаў на яравы клін?

— У большасці сваёй яравыя культуры ў раёне выкарыстоўваюцца на корм жывёле, і ўжо сёння гаспадаркі рупяцца пра набыццё элітных гатункаў насення. Для правядзення веснавой палявой кампаніі пад сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур патрэбна 1246 тон насення, ужо засыпана асноўнага і страхавога фонду 1887 тон, запланавана набыць 168 тон элітных гатункаў збожжавых культур. На кантролі знаходзіцца пытанне закупкі насення кукурузы: ужо пададзена заяўка на набыццё збожжа замежнай селекцыі на плошчы ў 3967 гектараў і айчыннай — на 4129 гектараў. Самастойна закупляюць насенне кукурузы філіялы “ОМА” і “АграМАЗ”. Не можа не радаваць і той факт, што для падсявання шматгадовых траў і перазалужэння сельгасугоддзяў гаспадаркамі раёна нарыхтавана 110,6 тоны насення шматгадовых траў.

— Як бачым, ужо шмат зроблена, каб мець багаты ўраджай.

— Так, але яшчэ больш трэба зрабіць для гэтага снежнай зімой. Патрэбна актывізаваць рамонт тэхнікі, закупіць патрэбнае насенне, пестыцыды і мінеральныя тукі. Прамаруджваць ніяк нельга, бо вясна ізноў прыйдзе знянацку і пакліча селяніна ў поле раней, чым сыдзе ўвесь снег.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *