Слаўнай бярэзінскай працаўніцы споўнілася 70 гадоў

Прымаўка “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” яўна была складзена не пра Таццяну Уладзіміраўну Дылейка, бо яе малой радзімай з’яўляецца Светлагорскі раён. Жанчына ў свой час пакінула Гомельшчыну зусім не з-за Чарнобыльскай катастрофы, бо адбылося гэта яшчэ да ўступлення ў строй атамнай электрастанцыі. Усё аказалася значна прасцей і больш рамантычна. Пасля заканчэння школы, а затым і будаўнічага вучылішча, Таццяна трапіла на работу ў сталіцу. Была тынкоўшчыкам-маляром. Там жа, у Мінску, сустрэлася са сваім будучым мужам. Працаваў той электрыкам. Праз які час маладая сям’я перабралася ў Паплавы.

Работа ў тагачасным саўгасе “Паплавы” для Таццяны Уладзіміраўны знайшлася адразу, і нават па спецыяльнасці, бо ў гаспадарцы тады актыўна будаваліся дзіцячы садок, ферма…
Менавіта тут, на Бярэзіншчыне, і раскрыўся талент Т.У. Дылейкі – і як працаўніцы, і як стараннай гаспадыні, і маці. Пасля невялікага прамежку часу памяняла яна будаўнічую спецыяльнасць на новы занятак — пайшла на ферму даяркай. Старанна працавала, пастаянна знаходзілася ў ліку лепшых, і не толькі ў гаспадарцы.
— Даілі спачатку ўручную, потым — у бачкі, з малакаправодам, — узгадвае жанчына. – Працаваць заўсёды старалася сумленна, спачатку вучылася ў старэйшых калег, а потым ужо і сама паказвала прыклад маладзейшым. У групе было 50 кароў. За год надойвала ад кожнай па 3600-3800 літраў. Сёння гэта, зразумела, не рэкордныя паказчыкі, а на той час даярак, якія дасягалі больш за тры тысячы надою, былі ў раёне адзінкі. Няпроста даваўся такі вынік. Сапраўды, асабліва калі ўлічыць, што Таццяна Уладзіміраўна да таго ж была мнагадзетнай матуляй.
Вось ужо паўстагоддзя жыве Т.У. Дылейка ў Паплавах. З іх 27 гадоў аддала прафесіі жывёлавода. Нават пасля выхаду на пенсію, не адразу змагла пакінуць рабочае месца і яшчэ чатыры гады штораніцы выпраўлялася на родную ферму. Менавіта там яна адбылася як сапраўдная працаўніца, за што і была ўдастоена высокай урадавай узнагароды – ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені.
Гэтымі днямі слаўнай працаўніцы споўнілася 70 гадоў. З нагоды юбілею наведаліся да яе ў госці прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённага савета ветэранаў, прафсаюзнай арганізацыі сельгасфіліяла “Здравушка-агра”. І хоць жыве яна сёння адна, у гасцінным доме адчуваюцца цеплыня і ўтульнасць, тут пануюць чысціня і парадак. Ды і дзеці не забываюць сваю матулю. І хоць параз’язджаліся яны па іншых гарадах, часта наведваюць родны дом і заўсёды з павагай і ласкай ставяцца да сваёй матулі. Ім ёсць кім ганарыцца.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *