Юбілейная вясна Ганны Піскун
Ганна Піскун з ліку тых слаўных працаўнікоў Бярэзіншчыны, чые плённыя намаганні былі адзначаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені.
Днямі жанчына (жыве Ганна Мікалаеўна ў вёсцы Рудзенка) сустрэла свой 80-гадовы юбілей.
— Толькі правяла адных гасцей, а на парозе — ізноў госці, — усхвалявана і радасна сустрэла гаспадыня дэлегацыю ў складзе cтаршыні раённага савета ветэранаў Анатоля Зябко, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Марыны Каўзуновіч і старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Бярэзінскі”, заатэхніка гаспадаркі Рамана Рудакова.
Яны павіншавалі Ганну Мікалаеўну з юбілейнай датай яе жыцця і ўручылі падарунак з нагоды, а таксама пацікавіліся, чым жыве зараз ветэран працы, якімі клопатамі.
Тры дзесяцігоддзі ўзначальвала Ганна Мікалаеўна ферму “Рудзенка”.
— Спачатку працавала брыгадзірам паляводаў, — прыгадвае яна, — а потым пайшла ў жывёлаводчую галіну. На нашай ферме, быў час, даглядалі не толькі кароў, а і цялятак, і парсючкоў… За працай хутка і жыццё прабегла. Ужо гады тры, як засталася без гаспадара. Дзякуй, дзеці наведваюцца са сталіцы. Ды і ўнукі дабаўляюць весялосці.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.