Юбілейны год для бярэзінца Віктара Шышкіна

Штогод напярэдадні акцыі “Тыдзень лесу” для Віктара Шышкіна з ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” пачынаецца “гарачы” сезон, бо трэба забяспечыць кожнае лясніцтва Бярэзіншчыны патрэбнай колькасцю саджанцаў з базіснага лесагадавальніка.

— Бывае, у дзень па 65-70 тысяч саджанцаў развожу, — гаворыць Віктар Віктаравіч. — Тэрыторыі лясніцтваў розныя, адсюль і розныя патрэбы. Найбольшую колькасць саджанцаў атрымліваюць Пагосцкае, Ушанскае і Брадзецкае лясніцтвы.
Віктар Шышкін уладкаваўся ў ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” у 2013 годзе, дагэтуль два дзесяцігоддзі адпрацаваў у будаўнічай арганізацыі — ПМК-182. Зараз у яго валоданні два аўтамабілі: ГАЗ-3110 і ГАЗ-53. Тэхніка – захапленне і хобі, і галоўны інтарэс у жыцці з дзяцінства. Не дзіўна, што і сын Міхаіл падхапіў бацькаву эстафету і вырашыў звязаць свой лёс з тэхнікай – спачатку закончыў Клічаўскі сельскагаспадарчы каледж, а зараз вучыцца на інжынера-механіка ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце.
Сям’я для Віктара Віктаравіча – і тыл, і надзейны фундамент.
І нават дом свой будавалі разам з жонкай. Святлана працуе ветурачом у свінагадоўчым комплексе “Клявіца”. Некалі трымалі вялікую гаспадарку, шмат птушак, жывёл, зараз галоўны накірунак – раслінаводства: агарод, кветнік, сад.
— Насенне кветак жонка нават па пошце атрымлівае, — гаворыць Віктар Віктаравіч. – Для яе і дачкі Аліны (яна вучыцца ў 10-ым класе) у радасць упрыгожваць прысядзібную тэрыторыю.
У дачушкі інтарэсаў зашмат – і плаванне, і трэнажоры, і нават у клубе вясёлых і знаходлівых удзельнічае.
Нядаўна Віктар Віктаравіч адзначыў свой 50-гадовы юбілей. За добрасумленную адказную працу ўшаноўвалі яго калегі і адміністрацыя, а дома – чакалі віншаванні, музыка і спевы.

Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *