З ім нічога не страшна, альбо чаму так важна дачакацца юнака з арміі?

Аляксандра Думная — малады спецыяліст, які робіць першыя крокі ў прафесію ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Аднак прычынай нашай сустрэчы стала не гэта акалічнасць. Амаль два гады таму Аляксандра горача выступала на раённым свяце ў гонар прызыўнікоў і прымусіла звярнуць на сябе ўвагу.

— Вось не паверыце, але мяне і зараз у горадзе юнакі пазнаюць па гэтым выступленні, — гаворыць дзяўчына. – Усім падалося, што тэкст быў складзены загадзя, а на самой справе гэта быў абсалютны экспромт. Ды і хвалявалася я так, што ногі дрыжалі, думкі блыталіся, і я ледзь-ледзь не плакала ад перажыванняў, што праводжу свайго каханага ў армію.

Праўда, у армію юнак Аляксандры адправіўся яшчэ толькі праз шэсць месяцаў і яна ўжо цалкам звыклася з думкай аб развітанні.

— Напэўна, так і павінна было быць, бо мы са школьных часоў з Яўгеніем разам, — гаворыць дзяўчына. — Таму прызвычаіліся разлічваць адзін на аднаго ў цяжкія моманты жыцця. А тут давялося паўтара года жыць па адным. Ён жа служыў у славутых дэсантных войсках у Віцебску, а я заканчвала вучобу ў Горках.

Здаецца, што такое не бачыць любага паўтара года ў наш час, калі ў кожнага ёсць смартфон і можна быць на сувязі амаль кожную хвіліну. Аднак сучасныя гаджэты катэгарычна забаронены для вайскоўцаў.

— Так я навучылася пісаць лісты, — смяецца Аляксандра. — Першы атрымаўся толькі з трэцяга разу, бо так шмат хацелася расказаць, не нарабіць памылак і не насмяшыць яго сваімі пачуццямі і перажываннямі. Трэба аддаць належнае: Яўгеній ацаніў мае рукапісныя творы і зараз беражліва захоўвае іх.

— На службе дазваляецца размаўляць па тэлефоне толькі ў вызначаны час і ўказаны тэрмін, — тлумачыць Аляксандра. — Каб расказаць усё, што хочаш, трэба было моцна пастарацца. Таму да звычайнай тэлефоннай размовы прыйшлося рыхтавацца не менш чым да выпускнога экзамена, прадумваючы кожнае слова, выраз альбо інтанацыю.

Ды і на спатканне ў Віцебск дзяўчына ляцела як на крылах.

— Я не раз уяўляла сабе, дзякуючы кінафільмам, гэты кранальны момант сустрэчы салдата з каханай дзяўчынай, але і ўявіць не магла, як гэта хвалююча і шчымліва, ды і надзвычай незаўважна для астатніх, — прызнаецца дзяўчына, — бо вітаў мяне ўжо не “зялёны” юнак, а малады мужчына.

Яўгеній Токан і на самой справе вярнуўся пасля арміі значна пасталеўшым і ўзмуж-нелым чалавекам. Пачуцці свае да дзяўчыны не згубіў, наадварот, яны сталі больш глыбокімі і сур’ёзнымі, а адносіны – больш уважлівымі і клапатлівымі адзін да аднаго.

— Мы сёння ізноў строім сумесныя планы, — зазначае Аляксандра. – Яўгеній падтрымлівае мяне ў маіх няпростых сельскагаспадарчых буднях. Сам служыць у раённым аддзяленні Дэпартамента аховы. Служба — не цукар, але ён не скардзіцца і мне адчайвацца не дае — заўсёды падставіць сваё моцнае плячо і падбярэ слова, каб супакоіць. Ён жа ў мяне не проста каханы, а верны і надзейны мужчына, з якім на гэтым свеце мне не проста спакойна, але і нічога не страшна!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота з уласнага архіва А. Думнай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *