Наш зямляк, які з “Кацюшай” на “ты”

Пагадзіцеся: шчаслівы той чалавек, якому ўдалося ў дарослым жыцці ажыццявіць сваю дзіцячую мару. А тым больш, калі гэтая мара датычылася будучай работы, якая суправаджае нас на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў. І калі абраны занятак прыходзіцца па душы, тады і справы ідуць спарней, і майстэрства адточваецца, і павага як да спецыяліста расце. Менавіта так і адбылося з нашым земляком Міхаілам Шумскім з в. Васільеўка.

У час яго дзяцінства, а нарадзіўся Міхась у 1919 годзе, у іх невялічкай вёсачцы трактары ды аўтамабілі былі ў навінку. А да таго, хто працаваў на “жалезным кані”, вяскоўцы ставіліся з павагай, яны былі аўтарытэтам, тым больш у дзятвы. Толькі дзе тут навучыцца ўсім тонкасцям вадзіцельскай справы. Шанц асвоіць яе выпаў юнаку, калі яго прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Там і стаў Міхаіл вадзіцелем.
Прызваны яшчэ да пачатку вайны, ён добра паспеў разабрацца з усімі тонкасцямі новай для сябе прафесіі. Але не толькі круціць абаранак падабалася салдату. У меру сваёй цікавасці М. Шумскі стаў самастойна вывучаць і ўстройства рухавіка аўтамабіля, іншых яго вузлоў, мог вытачыць і замяніць любую дэталь, стаў першакласным слесарам.


Першыя гады ліхалецця службу нёс у аўтамабільным палку. Яго патрапаны ваеннымі дарогамі ЗІС-5, здавалася, не ведаў стомы, як і сам вадзіцель. Не паспее вярнуцца з чарговага задання, як ізноў імчыць у рэйс. Дзівіліся многія: як жа так, толькі ледзь дабраўся да часці, а назаўтра ўжо як новенькі. А што тут незразумелага, калі Міхаіл сам уласнымі рукамі пасля вяртання на базу перабіраў свайго жалезнага сябра, праяўляючы набытыя веды і кемлівасць.
Заўважылі такую руплівасць і майстэрства маладога воіна старэйшыя афіцэры. І накіравалі на сакрэтны па тым часе аб’ект – абслугоўваць і рамантаваць бясствольныя сістэмы палявой рэактыўнай артылерыі, якая больш вядома пад назвай “Кацюша”. Так з-пад Смаленска, дзе на той час М. Шумскі ваяваў, ён апынуўся аж у Маск-ве. Менавіта там спачатку і рамантавалі ў велізарным аўтагаражы, абсталяваным пад майстэрні, гэты цуд ваеннай тэхнікі.
Па меры наступлення савецкіх войск і прасоўвання іх на Захад, мяняліся і ўмовы рамонтных работ, нярэдка вяліся яны ў палявых майстэрнях ці наогул пад адкрытым небам. Які ўрон варожай сіле наносілі “Кацюшы”, расказваць не трэба. Іх паяўленне на любым участку фронту ўсяляла ў нашых салдат веру ў перамогу і дзікую паніку — у фашыстаў. Але для таго, каб зенітчыкі маглі як мага часцей наносіць удары па ворагу, а іх падраздзяленні былі заўсёды мабільнымі, патрабавалася пастаяннае ўтрыманне ў рабочым стане аўтамабіляў, на якіх базіраваліся “Кацюшы” – спачатку ЗІСаў, потым “Студэбекераў”.
Менавіта гэтым і займаліся байцы 270-га асобнага рамонтна-аднаўленчага батальёна, у склад якога ўваходзіў і малодшы сяржант Міхаіл Шумскі. Работы заўсёды было шмат. Працавалі толькі з невялікімі перапынкамі для сну. Іншы раз засыналі тут жа, у майстэрні. І зноў браліся за рамонт. Наш зямляк за дзень паспяваў перавыканаць зменныя заданні ў 4-5 разоў. Вось як ён характарызуецца ва ўзнагародным лісце адной са сваіх узнагарод – медаля “За баявыя заслугі”:

“Выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі, дысцыплінаваны малодшы сяржант. Як аўтаслесар-мантажнік працаваў на расточцы шатунных падшыпнікаў для дызеляў ЗІС-5 і шатунных укладышаў “Студэбекераў”. Зменныя заданні выконвае і перавыконвае, выпускае якасную прадукцыю, замест трох камплектаў расточвае па 13-15. Сур’ёзныя і ўмелыя адносіны да работы дазваляюць паскорыць зборку рухавікоў… У момант асваення тэхналогіі расточкі шатунных укладышаў рухавікоў “Студэбекер” не лічыўся з часам і стомленасцю і ў кароткі час асвоіў расточку рухавіка… Баявы вопыт перадае сваім сябрам…

27 сакавіка 1945 года”.

Не раз Міхаіл Ануфрыевіч падаваў рапарт камандзірам з просьбай перавесці яго на фронт. Але кожны раз атрымліваў адмову – у батальёне вельмі цанілі высокае майстэрства слесара.
У 1944 годзе, калі нашы войскі ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі, часць, дзе служыў М. Шумскі, праходзіла па тэрыторыі Бярэзінскага раёна. За лічаныя кіламетры ад шашы Мінск–Магілёў заставалася яго родная Васільеўка і сям’я, пра лёс якой ён не ведаў нічога доўгія тры гады. Сэрца рвалася хоць на хвілінку забегчы ў родную хату, пабачыцца з блізкімі. Але загад быў адзін: рухацца на Захад! Не выканаць загад Міхаіл не мог.
Яго баявы шлях закончыўся ў Берліне. За плячыма салдата былі тысячы кіламетраў дарог і бяссонных начэй, рызыка і мужнасць, адвага і высокае майстэрства, памяць і боль.
Прафесіі вадзіцеля Міхаіл Ануфрыевіч прысвяціў усё сваё далейшае жыццё. Спачатку ў якасці міліцыянера-вадзіцеля Бярэзінскага РАУС, потым — вадзіцеля Бярэзінскага лясгаса і Бярэзінскага лесапункта Чэрвеньскага леспрамгаса. Яго аўтамабіль заўсёды вызначаўся дагледжанасцю і даўгавечнасцю. Яскравым пацвярджэннем працавітасці М. Шумскага сталі шматлікія граматы (у тым ліку і Міністэрства лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці БССР), прысваенне яму звання ўдарніка пяцігодкі. Калегі па працы заўсёды з добразычлівасцю ставіліся да гэтага таварыскага, няўрымслівага і заўсёды аптымістычна настроенага чалавека. Такім запомніўся ён і суседзям па Кастрычніцкай вуліцы горада, дзе пражыў да 71 года…
Да 75-годдзя Вялікай Перамогі ля падножжа Кургана Славы будзе ўстаноўлена баявая машына “Кацюша” — падарунак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Сапраўды, яна адыграла велізарную ролю ў перамозе над ворагам. Шмат слаўных гісторый на яе баявым рахунку. Яшчэ адну з іх мог бы расказаць і наш зямляк Міхаіл Ануфрыевіч Шумскі. Толькі гісторыя гэта была б зусім непадобнай на тыя, якія звычайна прыводзяць у падручніках і афіцыйных крыніцах. Гэта асобная і асабістая гісторыя: няпростая, цяжкая, будзённая, але не менш гераічная.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота з сямейнага архіва Людмілы МІШУК,
дачкі Міхаіла ШУМСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *