З кім пакінуць дзіця на час хваробы?

— Зараз кожны з нас баіцца захварэць і на працяглы час апынуцца на бальнічным ложку, яшчэ больш пра гэта перажываюць бацькі. З кім на час хваробы пакінуць дзяцей татам і матулям, у якіх няма сваякоў? Марына, горад Беразіно.

Адказвае начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Алеся Цітова:

— Тут дарэчы варта ўспомніць пра дзейнасць раённага сацыяльна–педагагічнага прытулку, дзе дзіця можна пакінуць як на некалькі гадзін, так і (на платнай аснове), на некалькі дзён у залежнасці ад вашых сямейных абставінаў. Ва ўстанове педагогі арганізуюць не толькі належнае навучанне і выхаванне, але і патрэбны нагляд і харчаванне. Дарэчы, кошт знаходжання ў прытулку даволі памяркоўны. Адзіная ўмова — неабходна прайсці медыцынскі агляд і пацвердзіць, што ваша дзіця – не кантакт першага ўзроўню і не хворае на COVID-19. У такім выпадку вам давядзецца шукаць дапамогу ў медыцынскіх установах.

Да таго ж ужо трэці год на базе раённай комплекснай спартыўнай дзіцяча-юнацкой школы алімпійскага рэзерву паспяхова рэалізуец-ца праект раённага цэнтра дзіцячай творчасці пад назвай “Калідорныя дзеці”. Палохацца яе не трэба, бо праект дазваляе на некалькі гадзін пакінуць дзяцей пад наглядам спецыялістаў, якія здольныя разнастаіць вольны час дзятвы. Зрабіць гэта магчыма пакуль толькі па суботах з 12 да 15 гадзін. Але і гэтага часу дастаткова, каб набыць лекі і прадукты харчавання, вырашыць бацькам свае іншыя жыццёвыя пытанні.

Мілана ТРАПЯНОК.
.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *