Як на Бярэзіншчыне клапоцяцца пра самых маленькіх бярэзінцаў?

Адзін з відаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі – забеспячэнне бясплатнымі прадуктамі харчавання дзяцей да двух гадоў. Прадукты можна атрымаць у магазіне райспажыўтаварыства горада Беразіно па адрасе: вул. Энгельса, 3, а таксама ў 19 вясковых магазінах.

Начальнік аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Міхайлаўна Барауля праводзіць маніторынг цэн у такіх магазінах, сочыць, ці ў дастатковым асартыменце прадукты, іх тэрмін прыдатнасці.
На мінулым тыдні мы разам з Н.М. Барауля завіталі ў магазін райспажыўтаварыства № 3 горада Беразіно. Магазін на гэтым месцы працуе нядаўна, але, як кажуць, ён “не новы” для бярэзінцаў: сюды “пераехаў” былы магазін №25 “Куток Міншчыны”.
Тут шчыруе вопытны прадавец Наталля Анатольеўна Філончык.
Адразу звяртаем увагу на стэлажы з прадуктамі харчавання для немаўлят. Асартымент шырокі: сокі, мясныя кансервы, кашы… Адным словам, ёсць з чаго выбіраць.
— У мяне набываюць дзіцячыя прадукты для 40 немаўлят, — зазначае Н.А. Філончык. – Многія прыязджаюць з сельскай мяс-цовасці. Усіх іх добра ведаю. Калі, да прыкладу, забываюцца зазірнуць да нас за прадуктамі харчавання, хвалююся, тэлефаную. Яны ж мне ўсе, як родныя. Імкнуся сустракаць пакупнікоў з усмешкай, добрым настроем, гатова выслухаць і дапамагчы.
Нагадаем, па пытаннях атрымання бясплатнага дзіцячага харчавання звяртайцеся ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярэзінскага райвыканкама (г. Беразіно, вуліца Кастрычніцкая, 18, 2 паверх, кабінет 29).

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *