Рэспубліканская прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод» крочыць па Бярэзіншчыне

У чарговы раз на тэрыторыі раёна райкам прафсаюза работнікаў АПК арганізаваў правядзенне традыцыйных сустрэч з работнікамі ферм і іх ушаноўванне ў рамках рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод»

Работніцы МТК “Казлоў Бераг” УП “АграМАЗ” цялятніца Ала Шык, аператар па штучным асемяненні кароў Таццяна Барэйша і аператар машыннага даення Алена Петрушэня разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Марынай Каўзуновіч і старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Надзеяй Карніенка

Першым адрасам такога візіта стала ўнітарнае прадпрыемства “АграМАЗ”. Выбар аказаўся невыпадковым, бо яго працаўнікі ў ліку лепшых у раёне завяршылі мінулы год. Напрыклад, з прыростам папрацавалі з валавой вытворчасцю малака, ад кожнай каровы надаілі яго па 6347 кг пры
сярэднім надоі 17,4 кг, аказаліся ў ліку лідараў і па валавых прыбаўленнях жывёлы ў вазе, дасягнуўшы сярэднясутачных прываг у 557 грамаў. Названыя паказчыкі дазволілі прадпрыемству трапіць у тройку лепшых вытворцаў прадукцыі ферм.
Зразумела, што за кожнай такой паспяховай лічбай стаяць людзі, іх плённая штодзённая праца. Такіх старанных жывёлаводаў, якія ўслаўляюць родную
гаспадарку, у “АграМАЗе” нямала, усе яны заслугоўваюць шчырых слоў.

Даглядчык жывёлы ААТ “Першамайскі” Сямён Волкаў

На гэты раз старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч найперш засяродзіла ўвагу на ветэранах вытворчасці, якія ўжо не адно дзесяцігоддзе рупяцца ў галіне. У ліку такіх аказаліся і тыя, хто стаяў каля вытокаў стварэння ў в. Васілеўшчына падсобнай сельскай гаспадаркі Мінскага аўтазавода ў далёкія ўжо 80-ыя гады.
У ліку адзначаных каштоўнымі падарункамі аказаліся Аляксандр Ціцянкоў з МТФ “Дулебы”, Кацярына Старавойтава і Іна Войткун з МТК “Уюноўка”, Таццяна Барэйша, Алена Петрушэня і Ганна Шык з “Казлова Берага”, Алена Кудзіна з МТФ “Васілеўшчына”. Дарэчы, на апошняй з ферм летась была праведзена мадэрнізацыя. Сёння рамонтныя работы вядуцца ў “Казловым Беразе”.
Падчас сустрэч з жывёлаводамі М. Каўзуновіч разам са старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі УП “АграМАЗ” Надзеяй Карніенка цікавіліся надзённымі праблемамі працаўнікоў, давалі адказы на іх пытанні, звярталі ўвагу на ўмовы працы. І на кожнай з ферм пасля візіту засталіся ўсім салодкія пачастункі для сумеснага чаяпіцця.
У той жа дзень, 16 студзеня, М. Каўзуновіч з падобнай місіяй пабывала ў ААТ “Першамайскі”, дзе таксама сустрэлася з мясцовымі жывёлаводамі, уручыла падарункі Мікалаю Малькевічу, Сямёну Волкаву і Таццяне Яфрэмавай. Прыемна, што “першамайцы” актыўна пачалі новы год і сёння значна плюсуюць па надоях малака як ад каровы, так і ў валавым выражэнні. А высокія паказчыкі – гэта не толькі нагода ўзгадаць ветэранаў галіны, а і ўшанаваць пераможцаў раённага спаборніцтва па выніках работы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *