Па Бярэзіншчыне крочыць акцыя «Наш жывёлавод»

Менавіта гэтае адкрытае акцыянернае таварыства стала чарговым адрасам правядзення прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”. Да мясцовых працаўнікоў ферм адправіліся не толькі дырэктар гаспадаркі Аляксандр Аўтухоў, старшыня прафкама Людміла Аўтухова, а і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч і начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Лапатка.

Працаўнікі МТФ “Уша”

Звяртаючыся да жывёлаводаў МТК “Котава”, Вячаслаў Мікалаевіч падзякаваў усіх за старанную працу і адзначыў, што гаспадарка на працягу двух апошніх гадоў паказвае станоўчую дынаміку ў вытворчасці малака і атрыманні прадукцыі вырошчвання. Зразумела, падрэсліў ён, што за кожнай лічбай стаіць карпатлівая праца кожнага члена калектыву. А яна на сяле ніколі не была лёгкай. Гаспадарка паспяхова распачала 2020-ы год. І ёсць усе падставы для таго, каб быць упэўненымі, што і па выніках года тут будзе дасягнуты прырост паказчыкаў.

Жывёлаводы МТФ “Восава”

Да слоў падзякі Вячаслаў Лапатка дадаў падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі, якія ён уручыў працаўнікам комплексу Івану Ермалінскаму, Мікалаю Шахраю, Алене Гардзіёнак і Святлане Мельнічонак. У ліку адзначаных у той дзень быў і Аляксандр Муха. Толькі першы год, як ён стаў асемянатарам, да гэтага працаваў вартаўніком тут жа, на ферме. Малады чалавек задаволены новай спецыяльнасцю і імкнецца старанна выконваць свае абавязкі. Мяркуючы па словах яго сяброў па працы, гэта яму паспяхова ўдаецца. У прыватнасці, цялятніца Алена Гардзіёнак, расказваючы пра сябе, адзначыла, што ў яе групе зараз 69 цялятак і неўзабаве будзе папаўненне: нямала кароў знаходзіцца ў запуску.

Тэхнік-асемянатар Аляксандр Муха задаволены выбарам новай прафесіі

У цэлым, на котаўскім комплексе зараз дояць па 12-13 кілаграмаў малака. Дойны статак тут налічвае 471 карову. У ліку лепшых жывёлаводаў не толькі названыя працаўнікі, а і Марына Муха, Алена Раманава, Ірына Шукан – стараюцца ўсе. І гэта напрамую адлюстроўваецца на выніках работы і высокай якасці прадукцыі.
Крыху саступаюць па вытворчых паказчыках котаўскім жывёлаводам працаўнікі МТФ “Восава”. Але і яны таксама ідуць з “плюсам” да адпаведнага леташняга перыяду. Што гэтаму садзейнічае? І людская стараннасць, і стабільная абстаноўка ў калектыве, і наяўнасць пад патрэбу кармоў, і захаванне тэхналогіі. Лепшай у гэтым невялічкім калектыве ўсе аднагалосна назвалі даярку Таццяну Пласт.Прозвішча Таццяны Пласт (толькі Іванаўны, а не Вікенцьеўны, як у першым выпадку) давялося пачуць і ў ліку лепшых работніц МТФ “Уша”. Менавіта дзякуючы яе стараннасці, а таксама даярак Таццяны Савіч, Галіны Берагавой, Наталлі Сакалоўскай і падменнай даяркі Валерыі Парфёнавай, на ферме дасягаюць добрых вынікаў. Дапамагаюць ім і іншыя работнікі, у ліку якіх даглядчыкі Ігар Малашкевіч і Алег Маркоўскі…

У час сустрэчы на МТК “Котава” старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Вячаслаў Лапатка

Як мы пераканаліся ў час паездкі, жывёлаводы “Ушы” не губляюць баявога духу, дружна змагаюцца з існуючымі цяжкасцямі і станоўча нацэлены на рост паказчыкаў. І з такім настроем, верыцца, яны абавязкова дасягнуць пастаўленай мэты.

Анатоль ПАЛЫНСКІ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *