“З раёнкай крочу па жыцці”

Лідзія Жукоўская даўно жыве ў Беразіно, але штогод, калі надыхозіць лета, адпраўляецца на сваю малую радзіму – у вёсачку Глінішча. І нават там, на гэты час, выпісвае “Бярэзінскую панараму”.

– А як жа без раёнкі? – гаворыць яна. – З ёй разам я крочу па жыцці…

А жыццё жанчыны нельга назваць бязвоблачным і простым. Пра такіх, як Лідзія Іванаўна, кажуць – “дзеці вайны”, бо нарадзілася яна ў 1941-ым годзе, у лютым. А ў чэрвені было аб’яўлена аб нападзенні Германіі і пачатку вайны.

– Я з сястрой (яна старэйшая на 5 гадоў) перажылі тое ліхалецце, — распавядае Лідзія Іванаўна, – а наш брацік – не…

Там, у Глінішчах закончыла чатыры класы мясцовай школы, а пасля яшчэ тры класы вучылася ў Высакагорскай, да якой штодзень давялося хадзіць па 6 кіламетраў і столькі ж назад, дадому. У адным класе вучылася са сваім будучым мужам, але тады яшчэ не ведала пра гэта. З ім нарадзілі і гадавалі трох сыноў і дачушку…

Працавала і паляводам, і ў калгасным птушніку курэй гадавала (нават перадавікамі былі!), і на свінаферме давялося папрацаваць, і на тарфяніках у Чэрвеньскім раёне, куды камандзіравалі на нейкі час. А ў 1978-ым, калі з мужам пабудавалі кватэру ў Беразіно, стала гараджанкай. Уладкавалася на льнозавод, потым – на спіртзавод, тут і прарабіла да пенсіі, і нават больш — яшчэ гады два шчыравала на прадпрыемстве, будучы на пенсіі. Дачакалася шасцярых унукаў, праўнучку Варку… І увесь час са мной раёнка.

Бывае, некалькі разоў да паштовай скрыні схаджу, чакаючы выданне. А неяк наша паштальёнка захварэла і я некалькі нумароў не атрымала, без навін мяне пакінула, а скардзіцца на штосьці ці кагосьці — не ў маім характары… Чытаю газету ад першай літары да апошняй. Пераглядаю яе старонкі, бо там самае актуальнае на бягучы час. З цікавасцю шукаю матэрыялы пра знаёмых, пра сваё прадпрыемства. Падабаецца, што шмат увагі надаецца простым працаўнікам, іх поспехам,
добрасумленнаму стаўленню да справы.

Вельмі прыемна, што адміністрацыя спіртзавода памятае пра нас, пенсіянераў, летась прапанавала нам прыдбаць бульбачку таннейшым коштам. А днямі сустрэлася і пагутарыла на вуліцы з Іванам Іванавічам (Іван Гоман — начальнік вытворчага цэха №6 РУП “Мінск Крышталь”, дзе Лідзія Іванаўна прарабіла 20 гадоў)…

Дарэчы, у “БП” – выдатная доўгая гісторыя. Летась яна адзначыла свой 90-гадовы юбілей. 90 гадоў дыялогу з чытачом… Раёнка, лічыць Лідзія Іванаўна, знітавала жыццё многіх пакаленняў, якія шанавалі і шануюць яе за ўвагу да патрэб людзей, за прафесіяналізм і аб’ектыўнасць.

– Мне ўсё ў газеце падабаецца, — дадала Лідзія Іванаўна, – і калі яна існавала пад назвай “Сцяг Леніна”, і калі перайменавалася ў “Бярэзінскую панараму”. З часам змяніўся і знешні яе выгляд, але для мяне гэта не галоўнае. Галоўнае – што мы разам!..

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *