З якім настроем святкуюць прафесійнае свята ў ДБУ-31?

Згодна з Бібліяй, зямлю, сонца і паветра чалавек атрымаў у падарунак ад шчодрага Бога. А дарогі ствараюцца яго ўпартай працай і розумам. Недзе і сёння ў халоднае кастрычніцкае надвор’е, калі ўсе мы хаваемся ад холаду і ветру ў цёплыя шалікі і паліто, людзі ў аранжавых камізэльках ставяць шэрым стужкам “фірменныя пломбы”, дзесьці на магістралях злёгку дыміцца гарачы асфальт і каток ушчыльняе новую трасу, а ўжо заўтра, калі спатрэбіцца, дарожны рабочы будзе гатовы змагацца з наледдзю. І так – дзень за днём, круглы год. Каб своеасаблівая “крывяносная” сістэма краіны дзейнічала ўстойліва, патрэбен рэгулярны нагляд, што ўскладвае на работнікаў дарожнай галіны асаблівую адказнасць.

Генадзій Далівайла сёлета адсвяткаваў 60-гадовы юбілей, але гадоў сваіх мужчына не лічыць, бо чэрпае энергію і бадзёрасць у любімай справе. Звыш 16 гадоў Генадзій Міхайлавіч — начальнік аддзела механізацыі і энергетыкі, а калі прасцей, то пад яго наглядам вядуцца рамонты дарожна-будаўнічых машын і аўтатранспарту, забяспечваецца безаварыйная і надзейная работа ўсяго абсталявання. Ды і вылучае кіраўніцтва арганізацыі гэтага спецыяліста не толькі за высокі прафесіяналізм і поўную самааддачу, але і мноства ідэй і прапаноў, якія Генадзій Міхайлавіч гатовы і сам рэалізоўваць на карысць дарожнай галіны

Пяты год працуе вадзіцелем у арганізацыі Васіль Сакаў. Па звычайных мерках для кіроўцаў — вопыту яшчэ мала, але, калі на табе адразу некалькі машын і рэйсаў багата круглы год — тады ты ўжо, лічы, не навічок на дарозе. Ды і не падводзіць Васілія Сяргеевіча ў адказны час магутны грузавік, адрамантаваны яго рукамі

Асабліва адзначаюць калегі і кіраўніцтва работу Ігара Бурага. Ён шмат гадоў працуе вадзіцелем пагрузчыка. З магутнай машынай на “ты” — і яна слухаецца свайго гаспадара. Таму ўсе даручэнні і заданні выконваюцца хутка і якасна

Застаць машыніста катка Уладзіміра Мешыча і пагутарыць з ім у працоўны дзень ніяк не атрымаецца. Яго магутная машына працуе без прастояў і гарантуе высокую якасць работ. Таму ўсе, уезджаныя даручанай Уладзіміру Пятровічу тэхнікай, дарогі роўныя-роўныя. Нідзе не спатыкнешся!

Сярод перспектыўных работнікаў у калектыве называецца Сяргей Новікаў. Ён яшчэ ў час вучобы ў БНТУ сам папрасіў аформіць заяўку на размеркаванне ў “ДБУ-31” і вось ужо апошнія два гады рупіцца начальнікам участка. Сяргей Уладзіміравіч заслужана карыстаецца павагай калег і падначаленых, а ў поўнай меры ацаніць яго прафесійную вартасць могуць жыхары горада Асіповічы. Тут пад яго кіраўніцтвам капітальна адрамантаваны некалькі вуліц

Дзмітрый Сярмяжка працуе вытворцам работ. Яго дзейнасць непасрэдна звязана з будаўніцтвам і рэканструкцыяй дарог. У арганізацыі ён ужо звыш 20 гадоў, таму мае на рахунку нямала самых розных аб’ектаў. Асабліва плённым аказаўся мінулы год, калі ён шчыраваў у будаўніцтве горна-ўзбагачальнага комплексу на ўчастку Старобінскага радовішча. Ды і не забыцца слаўнаму бярэзінскаму дарожніку, на грудзях якога красуецца знак “Ганаровы дарожнік”, як праводзілі капітальны рамонт альтэрнатыўнага напрамку аўтамабільнай дарогі Масква-Варонеж-Растоў-на-Доне-Краснадар-Наварасійск на ўчастку км 235+000 — км 260+000 у Тульскай вобласці

Але лепш і падрабязней аб працоўным рытме прадстаўнікоў самай стваральнай і такой неабходнай у любым грамадстве прафесіі раскажа начальнік ДБУ-31 ААТ “ДБТ №5” Уладзімір Колесень.

– Уладзімір Іванавіч, чым непасрэдна займаецца ваша дарожна-будаўнічая арганізацыя? Заўважу, што ўжо адна назва дазваляе меркаваць, што вашы работнікі — спецыялісты шырокага профілю і вытворчых спраў у вас багата.

— Сапраўды, гэта так. Наша арганізацыя займаецца будаўніцтвам аўтадарог і транспартных аб’ектаў, добраўпарадкаваннем тэрыторый прамысловых і грамадскіх аб’ектаў. Тут мы робім усё — ад устаноўкі бартавых каменняў да ўкладкі тратуарных пліт. Займаемся і вытворчасцю асфальтабетонных сумесяў. Нашы рабочыя маюць унікальны вопыт работы на самых розных аб’ектах, выкананых з самай высокай ацэнкай якасці. Прыемна адзначыць, што калектыў мае высокую рэпутацыю не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Летась нашы рабочыя шчыравалі на рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі Р-80
Слабада–Паперня, у аграпрадпрыемстве “Белдан” у Бялыніцкім раёне, на добраўпарадкаванні тэрыторыі ААТ “МЗКЦ” і будаўніцтве горна-ўзбагачальнага комплексу магутнасцю ад 11,1 да 2,0 мільёнаў тон хларыду калія ў год на сыравіннай базе Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча калійнай солі. Дарэчы, работы на гэтым участку вяліся і сёлета на рэканструкцыі станцыі Урэчча. Займаліся нашы рабочыя і рэканструкцыяй будынкаў з добраўпарадкаваннем вытворчай базы ВУ “Бабруйскгаз” Асіповіцкага РГС па вуліцы Крыловіча ў Асіповічах. Ды і шчыруюць бярэзінскія дарожнікі на аўтамабільнай дарозе М-3 “Мінск–Віцебск”, км 8,6 – км 87,95, а на чарзе — абыход населенага пункта Плешчаніцы, км 56,0 – км 64,0.

— А ці хапіла гэтых аб’ектаў, каб выканаць асноўныя ключавыя паказчыкі?

— Лічыце самі. Аб’ём выкананых будаўніча-мантажных работ за 8 месяцаў склаў 2388,3 тысячы рублёў, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг дайшла да 3649,9 тысячы рублёў, а прыбытак – 56,6 тысячы рублёў. Аднак у нашага калектыву ёсць рэальныя тэхнічныя магчымасці павялічыць даходы. Ды і не баяцца работнікі брацца за складаныя аб’екты і віды работ.

– Ці згодны Вы з тым, што кожны ўкладзены ў дарогу рубель вяртаецца прыбыткам і карысцю для ўсёй краіны?

– Безумоўна. Вынік нашай дзейнасці – гэта не проста шлях з пункта “А” ў пункт “В”. Роўныя, высокай якасці дарогі дазваляюць вырашаць эканамічныя праблемы, хутка дастаўляць да месца людзей і грузы, захоўваць у непашкоджаным стане тэхніку. Ды і ўвогуле, з’яўляюцца візітнай карткай краіны, прыкметна перайначваюць, змяняюць да лепшага жыццё, робячы яго больш зручным, бяспечным і камфортным.

– Сучасная дарожная галіна ўяўляе сабой высокаразвітую структуру, якая спалучае ў сабе надзейную матэрыяльна-тэхнічную базу, моцныя традыцыі і штодзённую працу адданых справе людзей. Некалькі слоў, калі ласка, напярэдадні прафесійнага свята пра калектыў.

— Я па праве ганаруся сваім калектывам, бо ў апошнія гады сабралася згуртаваная, моцная каманда спецыялістаў і работнікаў з вялікім стажам і цвёрдым
характарам, якім па сілах выконваць нават самае складанае, бо прафесія – блізкая па духу.
Па ўласным перакананні, з уласцівым яму пачуццём адказнасці і мэтанакіраванасці, са шчырым жаданнем развіваць галіну працуе начальнік участка Сяргей Новікаў. Стараннасць, сумленнасць, гатоўнасць да фізічнай і эмацыянальнай самааддачы – далёка не поўны пералік прафесійных якасцей машыністаў катка Уладзіміра Умінскага, Уладзіміра Мешыча, Аляксандра Пігіды, вадзіцеляў Генадзія Дзюка, Сяргея Піскуна, Васілія Сакава і Аляксандра Каравага, электрагазазваршчыкаў Леаніда Ганчарыка і Андрэя Сукаліна, машыніста аўтагрэйдара Ігара Якімовіча, вадзіцеля пагрузчыка Эдуарда Жаўняровіча і іншых. Гэта, можна сказаць, наш залаты фонд.
Шчыра віншую ўсіх сваіх супрацоўнікаў, а таксама калег з іншых дарожных арганізацый, ветэранаў галіны з прафесійным святам і жадаю ім новых поспехаў, узаемаразумення, стабільнасці і надзейных партнёраў. Няхай дарожная справа прыносіць і вам, і іншым пачуццё задавальнення, радасць і дабрабыт.

*Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *