Што трэба ведаць пра арганiзацыю студэнцкіх атрадаў?

У мінулым годзе не ўсім жадаючым старшакласнікам і студэнтам пашчасціла ўладкавацца на працу ў студэнцкі атрад. Віной таму сталі пэўныя арганізацыйныя пытанні. Папярэдзіць іх накіраваны быў семінар упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярэзінскага райвыканкама па навучанні спецыялістаў, якія прымаюць студэнцкія атрады, патрабаваннях заканадаўства аб працы і аб ахове працы. Што ім неабходна ведаць у першую чаргу і ад чаго засцерагчы юных працуючых?

Па-першае, арганізацыя, якая прымае на працу, абавязана заключыць з удзельнікамі студэнцкіх атрадаў, не маладзей за 14 гадоў, адпаведныя працоўныя альбо грамадзянскія прававыя дагаворы. Галоўная ўмова — праца не павінна з’яўляцца шкоднай для здароўя і развіцця непаўналетняга, а таксама не перашкаджаць атрыманню адукацыі. Пералік лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць асобы ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, устаноўлены Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Не менш балючае пытанне — аплата працы. Згодна з артыкулам 279 Працоўнага кодэкса, заробак удзельнікаў студэнцкіх атрадаў маладзей за 18 гадоў выплачваецца ў такім памеры, што і работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай працы. Аднак налічаная сума ніяк не павінна быць ніжэй мінімальнага заробку. У адваротным выпадку прадугледжана даплата.
Акрамя гэтага, на семінары грунтоўна абмяркоўваліся пытанні наладжвання дзейнасці студэнцкіх атрадаў, афармленне дагаворных абавязацельстваў і выкананне пэўных санітарных патрабаванняў.
Пэўныя вынікі семінара падвяла сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Вяргейчык:
— Сёлетні год абвешчаны нашай грамадскай арганізацыяй Годам студэнцкіх атрадаў. Толькі ў Мінскай вобласці пачнуць працаваць 138 студатрадаў разнастайнага профілю. Традыцыйна бярэзінцамі ўпадабаны экалагічны напрамак. На працягу двух месяцаў у ходзе прамаакцыі БРСМ “Выбіраем студатрад’’ заяўкі на працаўладкаванне ў складзе студатрадаў падалі звыш 2500 маладых людзей Міншчыны. Таму гарачаму жаданню юнакоў і дзяўчат унесці свой уклад у росквіт рэгіёна, праверыць уласныя сілы, папоўніць кашалёк і ў поўную моц удыхнуць працоўнай рамантыкі нішто не павінна перашкодзіць.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *