Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Забілі ненароджаным

Чэрвень далёкага 1942 года запомніўся бярэзінцам асаблівай лютасцю фашыстаў. У гэтым месяцы, у прыватнасці, былі знішчаны з часткай насельніцтва і не адноўлены пасля вайны вёскі Уцешына тагачаснага Брадзецкага, а таксама Клешчыцы і Тоўсціца былога Мачаскага сельскіх Саветаў. Так, у вёсцы Тоўсціца былі спалены ўсе 11 двароў і закатавана 13 чалавек. Адзінаццаць прозвішчаў ахвяр таго жудаснага налёту вядомы. Сваю версію таго, кім былі астатнія двое забітых, у сваім пісьме расказала жыхарка г. Мінска, выхадзец в. Цярэсіна Таццяна Ігнатовіч-Жукоўская. Вось што яна піша:

“Нягледзячы на тое, што жыву ў Мінску, я пастаянна цікаўлюся падзеямі роднай мне Бярэзіншчыны, перыядычна чытаю раённую газету і ўдзячна яе журналістам за матэрыялы, прысвечаныя гісторыі роднага краю, у тым ліку і перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Асабліва закрануў матэрыял “Крывавыя сёстры Хатыні – Баравіна і Краснае”, які быў змешчаны напярэдадні Дня Рэспублікі. А ў адным з леташніх нумароў раёнкі пісалася пра Тоўсціцу, якая так-
сама была спалена фашыстамі, называліся прозвішчы загінуўшых вяскоўцаў з тры-наццаці закатаваных. Менавіта з гэтай нагоды я і вырашыла напісаць свой ліст, каб падзяліцца недастаючай у дакументах інфармацыяй, якую я атрымала ад сведак той трагедыі.
У вымаўленні жыхароў суседніх Дулеб і Цярэсіна назва вёскі гучыць як Таўсціца, з націскам на літару “і”, а не Тоўсціца. Да вайны тут было 55 чалавек і 11 падворкаў.
У ліку жыхароў вёскі – і мая цётка Аўгіння Ігнатовіч, дачка майго дзядулі Нічыпара Ігнатовіча і Фёклы Ігнатовіч (Лапцёнак), а таксама муж цёткі Аўгінні — дзядзька Ёсіп, Іосіф Тарасевіч. Падчас мабілізацыі ў армію ён не быў прызваны і, на маю думку, быў пакінуты для барацьбы з ворагам па месцы пражывання. Не толькі дзядзька Ёсіп, а і іншыя вяскоўцы затым дапамагалі партызанам каштоўнымі звесткамі, прадуктамі, пяклі ім хлеб. Былі патрыёты і ў іншых вёсках. Так, па расказах маёй маці, у Дулебах у немцаў перакладчыцай з’яўлялася маладая жанчына, якая таксама мела сувязь з народнымі мсціўцамі. Ужо пасля вайны яе бачылі на сустрэчы былых партызан у Дулебах і Цераболі.

На гэтай пліце з пайменным спісам загінуўшых, размешчанай каля брацкай магілы закатаваных мірных жыхароў ў в. Дулебы, знаходзім і названыя ў матэрыяле прозвішчы жыхароў в. Тоўсціца

Зразумела, што гэтая сувязь з народнымі мсціўцамі не засталася незаўважанай акупантамі, і аднойчы на вёску была зроблена аблава.
Усіх, хто на той момант быў дома, фашысты сагналі разам і пад вартай, з сабакамі, пагналі ў Дулебы. Там патрыётаў па-зверску катавалі на вачах сагнаных мясцовых жыхароў. Дзядзьку Ёсіпа, расказвалі, прывязалі паміж дзвюма машынамі за ногі і расцягвалі. Жорстка здзекваліся і над іншымі людзьмі. Аднак яны не выдавалі партызан.
Не дабіўшыся толку ад катаванняў, фашысты вырашылі расстраляць пакутнікаў. Дзядзька Ёсіп і іншыя аднавяскоўцы стараліся захінуць сабой цётку Аўгінню і дапамагчы ёй збегчы ад карнікаў, бо тая была цяжарнай. Улучыўшы момант, яна кінулася наўцёкі, аднак да лесу дабегчы не змагла і разам
са старэйшай дачушкай была забіта. Загінула і яе ненароджанае дзіцятка, якое неўзабаве павінна было з’явіцца на свет.
Не лепшая доля выпала і на лёс іншых жыхароў Тоўсціцы. Хтосьці з іх тут жа, ля вялікай яміны, злавіў кулю, а некаторыя закатаванымі і знявечанымі, паўжывымі трапілі ў тую вялізную брацкую магілу. Яшчэ колькі часу пасля трагедыі зямля на ёй варушылася, але карнікі пад пагрозай расстрэлу забаранялі мясцовым жыхарам падыходзіць да магілы або спрабаваць адкапаць хоць аднаго чалавека. Не стала ў той дзень і самой вёскі. Карнікі цалкам спалілі яе дамы. Пасля вайны Тоўсціца, на жаль, так і не аднавілася.
Дык вось, у спісе загінуўшых жыхароў вёскі Тоўсціца значацца прозвішчы Іосіфа Іванавіча і Аўгінні Нічыпараўны Тарасевічаў – маіх дзядзькі і цёткі. Астатнія ахвяры носяць прозвішчы Шмарлоўскіх і Лапцёнкаў (нагадаю, вядома толькі 11 чалавек з 13). Аднак жа носьбітамі прозвішча Тарасевіч былі таксама старэйшая дачушка цёткі Аўгінні і яе ненароджанае дзіцятка. Таму лічу, што яны якраз і ёсць тыя дзве невядомыя ахвяры, якія не трапілі ў пайменны спіс закатаваных жыхароў Тоўсціцы. Шкада толькі, што імені старэйшай дачушкі цёткі Аўгінні я не ведаю, а ў ненароджанага дзіцятка яго наогул і не было”.

Падрыхтаваў Анатоль Палынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *