Задачу нумар адзін вызначылі бярэзінцы на чарговым раённым Дні аховы працы

Задачай нумар адзін назваў пытанне захавання жыцця і здароўя людзей намеснік старшыні райвыканкама У.М. Навіцкі, адкрываючы чарговы раённы Дзень аховы працы, што сабраў адпаведных спецыялістаў на базе ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”.

— Ахова працы заўсёды павінна знаходзіцца ў ліку першачарговых задач кіраўнікоў і спецыялістаў па ахове працы, — адзначаў Уладзімір Міхайлавіч. – Здавалася б, самае элементарнае і простае – афармленне дакументацыі. Але і тут ёсць праблемы. Акрамя таго, да гэтага часу маюць месца выпадкі знаходжання людзей на рабочых месцах у нецвярозым стане, допуск работнікаў да выканання абавязкаў без праходжання медаглядаў. Устаноўлены мабільнай групай і такія факты: не праводзіцца своечасовая паверка алкатэстаў, дзе-нідзе яны ў недастатковай колькасці альбо ўвогуле адсутнічаюць. Таму неабходна ўзмацніць кантроль за сістэмай аховы працы ў арганізацыях і на прадпрыемствах з боку кіраўнікоў і адказных асоб.

Неад’емны складнік паспяховай дзейнасці і перыядычнае павышэнне кваліфікацыі інжынераў па ахове працы.

Пра гэта нагадала прысутным начальнік упраўлення па ахове працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В.В. Калячка. А таксама падкрэсліла значнасць такіх мерапрыемстваў, як Тыдзень бяспекі ў будаўніцтве, што праходзіў у раёне з 2 па 7 верасня.

З вынікамі “бяспечнага тыдня” пазнаёмілі, выступючы са справаздачамі, інжынеры па ахове працы Н.М. Толкач (ДРБУ № 192), Я.В. Камека (ПМК № 182) і В.М. Сіняк (Бярэзінская ЖКГ).

Па словах спецыялістаў, ва ўсіх трох арганізацыях прайшлі Дні аховы працы і адпаведныя мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў.

На абавязковасць правядзення медыцынскіх аглядаў звярнуў увагу падчас свайго выступлення галоўны ўрач ДУ “Бярэзінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” В.С. Буйніцкі. Ён нагадаў, што падрыхтоўку да медаглядаў на 2020 год неабходна завяршыць да 1 снежня. Адпаведныя спецыялісты арганізацый да вызначанай даты павінны падрыхтаваць спісы прафесій, указаць ступень шкоднасці і колькасць работнікаў па кожнай прафесіі. Бо менавіта ад вышэйназваных дадзеных залежыць графік чарговасці праходжання медаглядаў работнікамі ўсіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна.

Падводзячы вынікі сустрэчы Вольга Васільеўна Калячка, пазнаёміла прысутных з інфармацыяй аб тыповых парушэннях, якія прывялі да гібелі (траўміравання), і мерах па іх прафілактыцы, аб няшчасных выпадках з цяжкімі наступствамі, што адбыліся з работнікамі арганізацый Мінскай вобласці.

Аб рабоце сельгаспрадпрыемства, дзе праходзіў раённы Дзень аховы працы, расказаў яго кіраўнік А.М. Шыфрын. Завяршылася мерапрыемства аглядавай экскурсіяй па вытворчай і прылеглай тэрыторыях.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *