Запрашае ААТ “Уша” на “Дажынкі”!

З якім настроем вітаюць гаспадары гасцей?

Сёння аграгарадок Уша ўпершыню стане культурным цэнтрам жыцця Бярэзіншчыны. Сюды з усіх куточкаў нашага раёна збяруцца хлебаробы, каб урачыста і велічна назваць лідараў сёлетняга жніва, аддаць даніну павагі людзям, чые рукі і сапраўды пахнуць хлебам.
Падзея абяцае стаць яркай і знакавай для гаспадароў мерапрыемства. Адкрытае акцыянернае таварыства “Уша” з радасцю будзе вітаць дарагіх гасцей, дзяліцца з імі поспехамі і планамі.

А. Аўтухоў, кіраўнік ААТ “Уша”: “Гасцей вітаем з добрым настроем!”

Вось ужо трэці год узначальвае гаспадарку Аляксандр Аўтухоў. Пад яго кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства рыхтуецца да новага вітка развіцця. Па выніках работы за 7 месяцаў вытворчасць валавога прадукту ў супастаўных цэнах павялічылася на 112 %, на трэць прырасла выручка і істотна памножыўся прыбытак. Рэнтабельнасць дасягнула 19%.
Традыцыйна, самы вялікі прыбытак ушанцам прыносіць вытворчасць малака. Гэта галіна дае мясцоваму селяніну нядрэнныя дывідэнды. У параўнанні з мінулым годам прырастае пагалоўе кароў, надой на рагулю дасягнуў 2466 кілаграмаў, а рэалізацыя прадукцыі выйшла на 120 %. Няма нараканняў і на якасць малака, якое рэалізуецца перапрацоўшчыкам вышэйшым гатункам і класам “экстра”, тлустасцю амаль 4 %.
З’явіліся ў гэтым годзе і станоўчыя зрухі ў вытворчасці ялавічыны: з плюсам да леташняга перыяду папрацавалі жывёлаводы на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, давялі сярэднясутачныя прыбаўленні да 428 грамаў.
— Вядома ж, нашы вытворчыя паказчыкі пакуль даволі сціплыя, — зазначае Аляксандр Мікалаевіч, — але мы рэальна іх штодзень памнажаем. Давялі штодзённую прадукцыйнасць жывёлы да раённага паказчыка Змяншаць тэмпы нарошчвання мяса і малака не збіраемся, бо ўжо назапасілі на будучую зімоўку жывёлы па 16 цэнтнераў кармавых адзінак. Добрай падмогай стане і кукуруза, якая займае амаль тысячу гектараў сельгасугоддзяў. Таму жывёлагадоўля была і застаецца асноўнай крыніцай даходаў гаспадаркі і дасць магчымасць мець сродкі на паляпшэнне культуры земляробства і росту ўрадлівасці мясцовых зямель.
Бал ушанскіх зямель невялікі. Усяго 24 — і чакаць шчодрай збожжавай нівы мясцовым аграрыям не даводзіцца. Аднак вырашчанага сёлета ўраджаю хапіла, каб выканаць заданне па дзяржзаказе і зрабіць пэўны запас кармоў жывёле. Мірыцца з такой сітуацыяй ушанцы не збіраюцца, бо ўжо зараз робяць добры задзел на будучы ўраджай і маюць сваю стратэгію паляпшэння земляробства. Так, нядаўна гаспадарка далучыла да сябе міжгаспадарчае прадпрыемства “Кастрычнік”, якое займаецца перапрацоўкай збожжа.
— Гэта смелая задумка, — падкрэслівае дырэктар таварыства, — але я ўпэўнены ў тым, што яна сябе апраўдае. І мы будзем мець не толькі выдатны насенны матэрыял, але і аказваць паслугі іншым гаспадаркам. Рэалізацыя нашага смелага плана ўдыхне новае жыццё ў калектыў, падорыць надзею на росквіт роднага краю і дабрабыт людзей, бо яны — галоўнае і самае каштоўнае багацце гаспадаркі.

Аляксандр Лютарэвіч: “Зямля наша асаблівая, далікатная, яе не падманеш. Яна патрабуе тукаў і гербіцыдаў. Таму нам яшчэ трэба шмат папрацаваць, каб зарабіць на іх”

Аляксандр Лютарэвіч – мясцовы, і за ўсё жыццё ніводнага разу надоўга не пакінуў вёску Машчаніца. У яго працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс — праца ў роднай гаспадарцы. І рупіцца ён тут з 1978 года толькі на прасаванні саломы.
— Вось сёлета спрасаваў на 850 гектарах, — заўважае Аляксандр Баляслававіч, – а трэба яшчэ 100. Шкада, хутчэй управіцца перашкаджаюць даджы.
Душой хварэе механізатар за гаспадарку і шчыра падтрымлівае новае кіраўніцтва.
— Наша зямля асаблівая, далікатная, яе не падманеш, — зазначае ён, — яна патрабуе не толькі хлебаробскай кемлівасці і старання, але і добрых тукаў і ўгнаенняў. А на іх яшчэ трэба селяніну зарабіць!

Наталля Сакалоўская: “З новым кіраўніцтвам мы забыліся пра паморак і гэтай зімою накормім жывёлу ўдосталь і якасна!”

Трэці месяц сумяшчае абавязкі загадчыцы і аператара машыннага даення на малочнатаварнай ферме “Уша” Наталля Сакалоўская. Яна таксама тутэйшая і лепшай долі нідзе не шукала.
— Ды і навошта, калі ў нас на вёсцы сумленным работнікам павага, — гаворыць Наталля Міхайлаўна. — Заробак выплачваецца своечасова, умовы працы паляпшаюцца і ёсць рэзерв для памнажэння надояў. Ды і з новым кіраўніцтвам мы забыліся пра паморак і гэтай зімою накормім жывёлу ўдосталь і якасна!

Таццяна Базылева: “Паглядзіце, які ў нас дагледжаны і ўкормлены статак, а ўсё таму, што ў гаспадарцы сур’ёзна ўзяліся за перазалужэнне і догляд паш!”

Падтрымлівае яе аптымістычны настрой і Тацяна Базылева, якая выпасвае грамадскі статак на малочнатаварным комплексе “Котава”.
— Паглядзіце, які ў нас дагледжаны і ўкормлены статак, — сцвярджае жанчына, — а ўсё таму, што ў гаспадарцы сур’ёзна ўзяліся за перазалужэнне і догляд паш. У нас цяпер ніводная рагуля не вяртаецца з сенажаці галоднай! Ды і па душы мне клопат кіраўніцтва пра людзей, нікога з нас у бядзе не пакідае.

Аляксандр Хомчанка: “Трэба ж хутчэй у такое спрыяльнае надвор’е ўправіцца з азімым клінам! А тут не менш важна, каб у адказны момант жалезны конь не падвёў”

На машынным двары ў вёсцы Котава ў трактары МТЗ-3022 корпаецца з рамонтам Аляксандр Хомчанка. Без яго ў гаспадарцы вось ужо трыццаць гадоў не абыходзіцца ніводная пасяўная кампанія.
— Вось яшчэ нямнога тут перабяру, а тут адрэгулюю — і ў поле, — гаворыць мужчына. — Трэба ж хутчэй у такое спрыяльнае надвор’е ўправіцца з азімым клінам! А тут не менш важна, каб у адказны момант жалезны конь не падвёў. Ды і што наракаць, мой энерганасычаны трактар вось ужо дзесяць гадоў надзейна ў страі!

Браніслаў Ржэуцкі: “На пенсію мне пакуль рана. Трэба яшчэ дачакацца нашых новых рэкордных ураджаяў!”

Ашчадныя адносіны да тэхнікі вызначаюць і яшчэ аднаго ўшанскага механізатара. Гэта Браніслаў Ржэуцкі. Ён таксама ўсё жыццё прысвяціў працы ў роднай гаспадарцы.
— Я ўжо даўно пенсіянер і мог бы дазволіць сабе адпачываць, але не па душы мне гэта справа, — разважае Браніслаў Альгердавіч. — Куды прыемней працаваць на трактары. Уявіце, гэта мая ўсяго толькі трэцяя машына за ўсё працоўнае жыццё. На гэтым трактары я вывожу зялёную кукурузную масу з палёў, а вясной сею “царыцу палёў”. Сёлета яна нядрэнна ўрадзіла, але ўсё роўна не так, як раней, калі вышыні чалавечага росту не хапала, каб да яе
дастаць. Таму мне пакуль рана на пенсію. Трэба яшчэ дачакацца нашых новых рэкордных ураджаяў.

* Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *