Захаваем вырашчанае. Парады бярэзінскіх выратавальнікаў

Летась у выніку 237 пажараў, што адбыліся на аб’ектах аграпрамысловага комплексу Беларусі, было знішчана 65 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. 103 узгаранні адзначаны ў месцах захоўвання грубых кармоў. Прычынай 80 працэнтаў пажараў стаў чалавечы фактар – неасцярожнае абыходжанне з агнём і парушэнне правіл эксплуатацыі тэхнікі. Сёлета за пяць месяцаў у выніку 40 падобных пажараў аказаліся знішчанымі або пашкоджанымі 15 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі.

Уборачная кампанія ў нашым раёне ўваходзіць у сваю актыўную фазу. Якія ж моманты павінны ўлічваць кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і адказныя работнікі, каб не дапусціць узгаранняў у месцах уборкі, захоўвання і перапрацоўкі ўраджаю? Яны прапісаны ў спецыфічных патрабаваннях да забеспячэння пажарнай бяспекі, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 2019 г. №779 і ў нормах, зацверджаных Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Беларусі ад 18 мая 2018 г. №35. Імі, у прыватнасці, прадугледжана ўкамплектаваць кожны зернеўборачны камбайн двума парашковымі вогнетушыцелямі масай не менш за 8-9 кг кожны, дзвюма штыкавымі рыдлёўкамі і дзвюма швабрамі.

Усе занятыя на жніве работнікі павінны ведаць, што рабіць пры выяўленні ўзгарання: неадкладна пазваніць у службу выратавання па тэлефонах: 101 або 112, праінфармаваць пра выпадак кіраўніцтва, прыступіць да ліквідацыі агню ўсімі сродкамі пажаратушэння. Тут неабходна веданне правіл карыстання вогнетушыцелем.

У месцах уборкі зерневых павінны несці варту пажарная або іншая прыдатная да тушэння пажару тэхніка. Вузлы і агрэгаты камбайнаў своечасова ачышчаюцца ад саломістай масы. І гэта толькі невялікая частка норм супрацьпажарнай бяспекі, якія патрэбна захоўваць. Вынікам такой работы стане безаварыйная, без надзвычайных сітуацый уборка ўраджаю і яго паўнацэннае захоўванне.

Вольга ДАНЭЙКА,

інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *