Падведзены вынікі рэдакцыйнага фотамарафону «Зазірніце ў школьны альбом!»

Пад такой назвай рэдакцыя газеты наладзіла своеасаблівы фотамарафон
да традыцыйнага дня выпускнікоў, які адзначаецца ў першую суботу лютага ў кожнай навучальнай установе. Ён знайшоў водгук у выпускнікоў самых розных пакаленняў — ад студэнтаў да пенсіянераў, усе яны пагадзіліся пагартаць свае школьныя выпускныя альбомы, каб падзяліцца шчымлівымі ўспамінамі пра сваіх аднакласнікаў, педагогаў, першае ўзнёслае юнацкае каханне і, вядома, сваіх любімых і паважаных педагогаў. Нашы чытачы даслалі і прынеслі ў рэдакцыю мноства цікавых фотаздымкаў.
Таму мы спяшаемся падзяліцца цікавымі матэрыяламі.

Так, у школьным альбоме галоўнага бухгалтара рэдакцыі Святланы Афанасьевай беражліва захоўваюцца фотаздымкі розных гадоў. Самы старэйшы датаваны 1966 годам.

— Тады я якраз пайшла ў першы клас другой гарадской сярэдняй школы, — успамінае жанчына. – Нас, першакласнікаў, было трыццаць чатыры чалавекі і
наша першая настаўніца Людміла Смычок здолела навучыць чытаць і пісаць кожнага, ды і на ўсіх вучняў у яе хапала часу, спагады, дабрыні і цярпення. Эстафету нашага выхавання яна ў пятым класе перадала класнаму кіраўніку Ніне Баранавай.
Святлана скончыла 8 класаў і паспяхова паступіла ў тэхнікум, аднак сувязь з родным класам і педагогамі не губляла.
— Пасля заканчэння школы ў далекім 1975 годзе мае аднакласнікі разляцеліся па розных кутках Савецкага Саюза, а частка засталася ў Беразіно, — удакладняе Святлана Мікалаеўна. — Некаторыя і зараз жывуць за мяжой, але яны не здраджваюць трыдыцыі фатаграфавацца ўсім класам і ўспамінаць сваіх педагогаў — Чаславу Махнач, Ніну Беладзед і дырэктара школы Леаніда Жукоўскага. Дзякуючы ім выраслі дастойнымі людзьмі і захавалі памяць аб шчаслівым і бесклапотным дзяцінстве.


Аднак не гэтыя фотаздымкі самыя старэйшыя ў нашым імправізаваным фотамарафоне. Так у школьным альбоме Людмілы Цыркуновіч з Беразіно беражліва захоўваецца фотаздымак, зроблены ў 1960 годзе.


— На ім наш дружны другі клас Бярэзінскай сярэдняй школы №1, — расказвае Людміла Яўгенаўна, — разам з настаўніцай пачат- ковых класаў Дар’яй Лацкевіч. Пасля заканчэння школы мы засталіся сябрамі, хаця жыццёвыя дарогі развялі ў розныя бакі, змяніліся інтарэсы і разляцеліся мы хто куды. Глядзіш на фотаздымак, і ў думках ты зноў у дзяцінстве, зноў поўны сіл і планаў, хоць мінула ўжо 60 гадоў!
Падзялілася здымкамі з багатага школьнага альбома педагог Лешніцкай сярэдняй школы Валянціна Вянглінская.
— Я сама былая выпускніца СШ №1 горада, скончыла школу ў 1977 годзе, — кажа жанчына. – Роднай школе ўдзячна за ўсё добрае, што было ў маім жыцці: за сапраўдных, якіх у мяне багата, школьных сяброў, за прафесійнае прызнанне і павагу калег, за першае каханне, якое перарасло ў сям’ю, за прафесію настаўніка, якой не здрадзіла ў сваім жыцці. А ўсё гэта таму, што мне бязмерна шанцавала на таленавітых і прафесійных педагогаў. А іх у маім жыцці былі дзясяткі. Яшчэ ў школе я імкнулася быць падобнай на Мікалая Запрудскага, Людмілу Палачанскую, Надзею Самец, Яўгенію Манцэвіч, Іосіфа Чарапаху. Ды і не забыць мне, што свае першыя ўрокі я давала яшчэ ў былой Навасёлкаўскай васьмігодцы, а пасля яе закрыцця працавала і зараз працую ў Лешніцкай сярэдняй школе. Таму маё жыццё – гэта вучні, якім я імкнуся падарыць радасць дзяцінства і дапамагчы знайсці правільную дарогу ў дарослым жыцці.


— Мінула 9 гадоў, як я развітаўся з Бярэзінскай гімназіяй, — ўспамінае карэспандэнт газеты Павел Салаўёў. – Але я часта зноў аказваюся ў родных класах – ужо ў снах. Мрояцца ўрокі рускай літаратуры Алены Ляньковай. Былі плённымі заняткі фізікі ў Уладзіміра Жукоўскага. Памятаю: на кантрольных я паспяваў рашыць свой варыянт, а пасля дапамагаў суседу па парце. Аддам належнае і класнаму кіраўніку — Таццяне Завадскай. Цікава, што некалькі гадоў яна стажыравалася ў Англіі. Узгадваю і аднакласнікаў-сябрукоў. Як многа гулялі мы ў футбол, у “слана”, ды і проста “выходзілі ў горад” па вечарах! Дзякуй, школа, за гэты шчаслівы і бесклапотны час!


Як бачым, наш фотамарафон прыйшоўся чытачам па душы і яны з задавальненнем вярнуліся ў шчаслівыя і бесклапотныя школьныя часы. Вядома ж, не ўсе фотаздымкі і ўспаміны размясціліся на газетным аркушы. Таму мы працягваем збор школьных успамінаў і здымкаў, цікавейшыя з іх будуць надрукаваны летам.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *