“Здараецца, што ўсю ноч сніцца дарога”, — шчыра прызнаецца Міхаіл Ходас

— Вадзіцельскага стажу ў мяне ў мае 54 гады хопіць на дваіх работнікаў, — расказвае пра сябе мужчына. – Памятаю яшчэ час, калі пад коламі быў не толькі роўны асфальт, але і раскіслая гразь, і трасучая гравійка. Цяпер жа дарогі добрыя. А гэта для шафёра — самае асноўнае. Едзеш — і душа радуецца, бо ўсюды асфальт і выбоін няма. Дзякуй за гэта ў думках заўсёды кажу дарожнікам. Яны працуюць сумленна.
І сапраўды, Міхаілу Міхайлавічу вадзіцельскага майстэрства не пазычаць, бо даўно наматаў свае першыя тысячы кіламетраў і адвучыўся лічыць кіламетраж. Працаваў яшчэ ў былой райсельгасхіміі, а апошнія гады яму даручана вазіць кіраўніка ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”. А тут
свая асаблівая спецыфіка, бо машына кіраўніка — твар вадзіцельскага гонару ўсёй арганізацыі. Аднак і гэта задача аказалася па сілах Міхаілу Міхайлавічу. Быў час, кідаў ён сваю дагледжаную “Ніву” і садзіўся ў кабіну камбайна, каб дапамагчы роднай гаспадарцы ўправіцца са жнівом.
— За рулём я праводжу ўсё сваё жыццё і ўжо не ўяўляю ні дня без ваджэння, — зазначае мужчына. – Здаецца, з заплюшчанымі вачыма ездзіў бы па фермах і палях гаспадаркі. Бывае і цяжка, і стома не пакідае, ды па начах сніцца дарога, але я ніколі не пашкадаваў, што абраў прафесію вадзіцеля. Дзе яшчэ пануюць такая рамантыка і разумны экстрым!
Вылучаюць Міхаіла Ходаса не толькі вадзіцельская асцярожнасць і памяркоўнасць, але і ашчадныя адносіны да тэхнікі.
У вольны ад паездак час машыну ён не забываецца заправіць, агле-дзець, праверыць – усё важна ў складаным арганізме гэтай тэхнікі.
– Машыну трэба любіць, лічы, як жанчыну, – зазначае ён, — толькі тады яна не падвядзе ў адказны момант. У абслугоўванні няма дробязей. Упэўненасць, што машына ў добрым тэхнічным стане, важная для нармальнай работы… Тады дарога заўсёды будзе добрай!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *