Змены ў абасобленай групе ваеннага камісарыята

Загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь маёр Максім Клюеў прызначаны на пасаду начальніка абасобленай групы (Бярэзінскага раёна) ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў. А Вадзім Станкевіч — намеснікам ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне (Бярэзінскага раёна) ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў. Якія задачы стаяць перад імі?

Прызыўная работа — на першым месцы

— Сам я не мясцовы, з Чэрвеньскага раёна, — расказвае Максім Анатольевіч. – Скончыў у 2011 годзе Мінскі дзяржаўны вышэйшы авіяцыйны каледж. Ніколі не пашкадаваў, што паступіў менавіта ў гэтую навучальную ўстанову.
Як трапіў у камісарыят? Калі прыйшоў афармляць асабістую справу ў ваенкамат, ваенны камісар прапанаваў служыць у структуры ваеннага камісарыята. Я і пагадзіўся. Апошнія гады служыў намеснікам ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў.
Зараз перада мной стаяць новыя задачы, з якімі абавязкова спраўлюся. У мае абавязкі ўваходзіць вырашэнне пытанняў ваенна-мабілізацыйнай, улікова-прызыўнай і сацыяльнай работы на тэрыторыі Бярэзінскага і Чэрвеньскага раёнаў.

Тэрытарыяльная абарона

— Я ж у свой час скончыў Жытомірскае вышэйшае ваеннае вучылішча радыёэлектронікі СПА у 1993 годзе, — заўважае Вадзім Уладзіміравіч. – Да гэтага часу служыў начальнікам групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў.
Што ўваходзіць у мае абавязкі зараз? У мірны час займаемся арганізацыяй тэрытарыяльнай абароны ў Бярэзінскім раёне, навучаннем і падрыхтоўкай службовых асоб райвыканкама і ваенна-абавязаных запасу да дзеянняў у перыяд нарастання ваеннай пагрозы і ваеннага часу. Нашы асноўныя намаганні сканцэнтраваны на павышэнні ўзроўню гатоўнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў да дзеянняў тэрытарыяльнай абароны. А гэта і практычныя заняткі (штомесяц праводзім заняткі з афіцэрамі запасу) і работа з дакументамі. Адным словам, сумаваць няма калі.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *