“Зямля бацькоў — мая зямля”. Пад такім дэвізам прайшло свята вёскі ў Вяшэўцы

Многія з нас з настальгіяй згадваюць пра жыццё ў вёсцы, калі там было шмат дзяцей і моладзі, і амаль у кожным населеным пункце працавалі клуб, бібліятэка, магазін. На жаль, час назад не павернеш. Вёска старэе… Аднак гэта не прычына, каб вясковыя людзі адчувалі сябе пакінутымі і пазбавіліся змястоўнага адпачынку. Вялікай папулярнасцю ў жыхароў аддаленых населеных пунктаў раёна карыстаюцца святы вёсак. Вось і нядаўна такое мерапрыемства было наладжана ў вёсцы Вяшэўка Дзмітравіцкага сельсавета. Ініцыятарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аўтаклуб і раённы цэнтр культуры, якія падрыхтавалі сцэнарый і музычныя нумары, упрыгожылі дыванамі і ручнікамі вясковых майстроў тэрыторыю каля магазіна і паклапаціліся пра спонсараў. Усе гэтыя рытмы і фарбы арганічна пасавалі з цёплым пагодлівым днём, яркай квеценню вёскі, духмяным пахам ад юшкі і шашлыкоў і прыўзнятым настроем вяскоўцаў. Яны сабраліся цэлымі сем’ямі, каб разам перагарнуць старонкі гісторыі сваіх мясцін, успомніць слаўных землякоў, аддаць даніну павагі ветэранам працы і зрабіць наказ маладым вяшэўцам.

З прывітальным словам да вяшэўцаў звяртаецца старшыня Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі

Вёскі, як і людзі, маюць свае традыцыі, сваю памяць і гісторыю. Дакладны час узнікнення Вяшэўкі нікому з мясцовых невядомы. Згодна з архіўнымі звесткамі, да 1916 года яна належыла графу Патоцкаму і жылі тут вельмі бедна. Пацвярджаюць гэты факт успаміны беларускага пісьменніка Якуба Ермаловіча, які жыў і пахаваны ў Вяшэўцы. Ён прысвяціў сваю творчасць роднай зямлі і землякам. Па яго словах, час быў цяжкі, у дзяцінстве прыйшлося есці хлеб з грэцкай мякіны, сала — па вялікіх святах. А “лапці, саматканая вопратка… О, колькі я паплёў гэтых лапцей! Больш за ўсё было лазовых, а ўзімку — з пяньковых аборак. Лыку не было, ліпніку не давалі адрасці ў лесе. Я не абыякавы да лапцей. Скажу шчыра, яны ў маім жыцці – цэлая эпоха, якую ніяк не адарвеш ад сэрца”.

За святочным сталом шануюць старажылаў вёскі і ветэранаў працы

Калі Якубу канчаўся чацвёрты год, пачалася імперыялістычная вайна, якая прынесла разруху і голад. У перыяд нямецкай акупацыі да вызвалення Беларусі Якуб Сідаравіч жыў у брата, у роднай вёсцы, затым настаўнічаў у сярэдняй школе вёскі Пагост. Няпростае жыццё сялян у той час і натхніла яго на творчасць.
З 1929 года ён піша шмат вершаў, апавяданняў пра сваіх землякоў, сялян-калгаснікаў. Так, першая кніга Якуба Ермаловіча “Над Бярозай” пра маладую настаўніцу, якая здолела разгадаць душэўныя таямніцы кожнага вучня, другая кніга “Душа чалавека” — пра юнака Пракопа, які пасля школы застаўся працаваць у роднай вёсцы. Ды і нельга забыцца пра славутую аповесць “Сіняя птушка”, якая пабачыла свет у 1980 годзе і расказвала пра сельскую інтэлігенцыю.
Дакладна вядома, што ў 1927 годзе Вяшэўка ўвайшла ў склад калгаса імя Кірава і па тым часе налічвала каля 70 двароў, большасць жыхароў імкнулася да адукацыі і дастатку. Але ўсе планы перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна, якая сваім чорным і пякучым крылом закранула вёску Вяшэўка. Шмат гора яна прынесла вяшэўцам. Загінулі і прапалі без вестак у баях 46 ваеннаслужачых і 4 мірныя жыхары. Вяшэўку ад фашыстаў вызваляла 42 стралковая дывізія 69-ага стралковага корпуса 49-ай арміі. На вясковых могілках знайшоў свой апошні прытулак у брацкай магіле 41 савецкі салдат, сярод якіх Герой Савецкага Саюза Сяргей Церашкевіч. Сваёй мужнасцю вызначыліся і вяшэўцы. Аляксей Ермаловіч узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені і медалём “За баявыя заслугі”, Ілья Мурашка – ордэнам Славы ІІІ ступені. Вяскоўцы ўжо не аднаго пакалення з павагай ставяцца да позвігаў сваіх вызваліцеляў і аднавяскоўцаў. Вось і ў ходзе свята подзвіг іх быў ушанаваны хвілінай маўчання, а на брацкую магілу дзеці паклалі жывыя кветкі.
Па-сапраўднаму вясковае жыццё закіпела пасля Вялікай Айчыннай вайны. Аднавілася сельская гаспадарка, з’явіліся ў 1962 годзе цагляны завод і сельскі клуб на 150 месцаў. Сёння ж на вёсцы не засталося ніводнага сацыяльнага аб’екта, яна ўваходзіць у склад ААТ “Пагосцкі” Дзмітравіцкага сельскага Савета. Аднак на карце раёна яна будзе яшчэ доўга існаваць. Па дадзеных на 1 студзеня 2020 года, тут пражывае 231 чалавек, сярод якіх 37 не дасягнулі ўзросту 18 гадоў.

З матулінага куфэрка дастала гэтыя сурвэткі і посцілкі Святлана Наскавец

Да жыхароў звярнуліся з прывітальным словам старшыня Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі і старшыня Дзмітравіцкага сельскага Савета Віталій Саскавец. Яны спадзяюцца на дапамогу мясцовых жыхароў у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку ў роднай вёсцы. Сумнявацца ў гэтым не дае натоўп дзяцей і ўнукаў вяшэўцаў, якія любяць увесь вольны час бавіць на малой радзіме. Закладзена ў іх гэта любоў да сваіх каранёў бацькамі і старажыламі.
Так, Таццяна Гоман нарадзілася ў 1938 годзе, працавала доўгі час бухгалтарам у мясцовай гаспадарцы, выгадавала 2 дзяцей, а зараз дапамагае ім выхоўваць унукаў і праўнукаў. Побач з Таццянай рупілася ў свой час у аддзеле кадраў Кацярына Калінковіч. Шмат гадоў загадвала сталовай і карміла смачнымі абедамі паляводаў і механізатараў Раіса Яфімовіч. Не ленавалася ў дождж і спёку працаваць у полі Ніна Мурашка, аднолькава старанна ставілася да працы ў паляводчай брыгадзе і на малочнатаварнай ферме Аляксандра Шугалей. Усе яны прыйшлі на вясковае свята са сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі.
Ды і нельга забыцца, што менавіта тут, на вяшэўскіх землях, пачынаў свой працоўны шлях адзін з лепшых аграномаў раёна – Феафан Лемяшэўскі. Няпростым было жыццё гэтага чалавека: ён спазнаў не толькі нягоды ваеннага ліхалецця, пасляваеннай разрухі, але і на свае вочы пабачыў шчодрую залатую ніву родных зямель.
Памятаюць пра свайго ветэрана працы ў Вяшэўцы і работнікі райспажыўтаварыства. На мерапрыемстве ўшаноўвалі Вольгу Луста, якая шмат гадоў была загадчыцай магазіна.
І сёння паважаныя жыхары Вяшэўкі імкнуцца не сядзець без справы, а робяць усё магчымае, каб родная вёска не мела слядоў заняпаду і закінутасці, была самым гасцінным і прыгожым куточкам для дзяцей і ўнукаў. У гэтай справе яны выдатны ўзор для пераймання для маладых вяшэўскіх сем’яў. Дзень нараджэння сям’і Міхаіла і Веранікі Жукоўскіх – 19 кастрычніка 2018 года. У іх расце і самы юны жыхар вёскі – Валерый. Ён пабачыў свет 5 лістапада 2019 года. Хлопчыку ў спадчыну землякі перададуць павагу да былых традыцый, любоў да зямлі і выключную працавітасць, без якіх не будзе дастатку. Гэта будзе не лішнім, калі ён пасталее і будзе шукаць сваё месца ў дарослым жыцці. Магчыма, ён па прыкладзе вяскоўцаў адродзіць якое–небудзь старажытнае рамяство, як Мікалай Гоман, які спраўна пляце кошыкі, як Тамара Віткоўская, якая вышывае, ці, як Святлана Наскавец, будзе беражліва захоўваць рэчы з матулінага куфэрка.

Ды і якое свята без духмяных і смачных шашлыкоў, прыгатаваных па ўнікальным мясцовым рэцэпце

Што б ні рабілася ў свеце – усё гэта ў імя жыцця, якое дорыць маці. Нездарма гаворыцца ў народнай мудрасці: «Калі хочаш пражыць у якім-небудзь месцы адзін год – пасей проса, калі будзеш выбіраць сабе месца на дзясяткі год – пасадзі дрэва. Калі ж хочаш жыць тут заўсёды – выхавай дзіця». У вёсцы Вяшэўка ганарацца матулямі, якія нарадзілі і выхоўваюць траіх, а то і болей дзяцей. Гэта Ганна Шмарлоўская, якая гадуе з мужам пяцёра дзяцей, і Святлана Каўбаска, у доме якой падрастаюць чацвёра крывіначак.
За імі, юнымі вяшэўцамі, будучыня Вяшэўкі і працяг сельскіх традыцый, а ў дапамогу – шчырая, задушэўная песня пад акампанемент лепшага музыкі Міхаіла Папругі. Яна ўздымала настрой усім вяскоўцам і дарыла натхненне ў вечнай справе адраджэння малой радзімы.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *