11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Як вядома, акупацыя Беларусі нямецка-фашысцкімі карнікамі доўжылася тры гады і завяршылася 3 ліпеня 1944 года вызваленнем нашай рэспублікі. Аднак пад гнётам гітлераўцаў многія жыхары нашай шматпакутнай зямлі, у тым ліку і бярэзінцы, знаходзіліся яшчэ амаль цэлы год – тыя, хто быў вырваны крыважэрнай рукой захопнікаў з родных мясцін і адпраўлены ў канцлагеры і на катаржныя прымусовыя работы на Нямеччыне. Дзеці, малалетнія, жанчыны, якія не маглі даць адпор нахабнаму ворагу, ператварыліся ў рабоў. Толькі з тэрыторыі Бярэзіншчыны такімі ахвярамі сталі каля
тысячы чалавек. Далёка не кожны з іх вярнуўся дамоў.

У ліку сведкаў зверстваў фашысцкага парадку і жыхарка г. Беразіно Галіна Шмэрка. Яе, 18-гадовую дзяўчыну-прыгажуню, у 1944 годзе прымусова вывезлі на непасільныя работы на машынабудаўнічым заводзе “Фуест”, што размяшчаўся непадалёк ад Берліна. Чаго толькі не давялося перажыць на чужыне. І сёння сівая, састарэлая жанчына, не можа без слёз і хваляванняў узгадваць пра тыя часы. Баракі, прыніжэнне, 12-гадзінны рабочы дзень, фізічныя пакаранні, адарванасць ад Радзімы, загубленая маладосць. Колькі горычы за гэтымі кароткімі словамі…
Менавіта гэтымі днямі, у красавіку 1945 года Г. Шмэрка была вызвалена з рабства. Іменна тады і пачалося яе няпростае вяртанне ў Беларусь. Пазбаўле-ная магчымасці атрымаць годную адукацыю, Галіна Ягораўна свой хлеб надзённы здабывала фізічнай працай. Удзельнічала ў будаўніцтве бярэзінскага маслазавода, працавала рабочай саўгаса “Паплавы”, была тэхнічным работнікам бярэзінскай аптэкі. Не зламалася, выстаяла, выжыла, годна пражыла.
Літаральна праз два тыдні, а дакладней 28 красавіка, Г. Шмэрка адзначыць свой 94-ы год нараджэння. На свята традыцыйна збярэцца сям’я – сын і дачка, чацвёра ўнукаў і шэсць праўнукаў.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота з сямейнага альбома гераіні матэрыялу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *