26 красавіка схіліце галовы перад подзвігам пажарных!

Дзень 26 красавіка ўжо 34 гады пазначаны чорным колерам на календары.  У гэты дзень адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС

За гэты час вырасла не адно пакаленне юнакоў і дзяўчат, якое цьмяна ўяўляе сабе рэальную бяду, што прынёс тады чалавецтву мірны атам. Аднак у сэрцах некалькіх тысяч людзей і сёння тая жудасная тэхнагенная катастрофа адгукаецца пякучым болем, бо яны вымушаны былі пакінуць родныя мясціны, нехта страціў здароўе, а хтосьці — і родных. Забыцца пра гэты бясконцы боль і незагойныя шрамы на сэрцы жывым сведкам тых падзей і сучаснікам не даюць дасціпныя журналісты і кінематаграфісты, якія не стамляюцца аднаўляць трывожныя падзеі, шукаць віноўнікаў і пэўныя патаемныя знакі лёсу ў жыцці загінуўшых ліквідатараў. Чалавецтва павінна вынесці ўрокі з той аварыі і аддаць даніну павагі тым, каму ў адказны момант цаной уласнага жыцця давялося тушыць пачварна палаючы чацвёрты рэактар Чарнобыльскай АЭС.

Красавік 1986 года назаўсёды ўрэзаўся ў памяць Наталлі Сінкевіч лагодным цяплом, буйна квітнеючымі садамі і яркімі досвіткамі. Чатырнаццацігадовая дзяўчына ўжо чакала летніх канікулаў. Але перш-наперш на вёсцы трэба было пасадзіць бульбу. Таму ўся сям’я Ігнаценка чакала прыезду старэйшых дзяцей — сястры і брата. Наталля асабліва чакала сустрэчы з братам Васілём. Ён даўно абяцаў прыехаць да бацькоў з жонкай, аднак нават на Вялікдзень яго за сямейным сталом не было.

Васіль Ігнаценка — ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС, камандзір аддзялення 6-й самастойнай ваенізаванай пажарнай часці па ахове горада Прыпяць. Ён нарадзіўся 13 сакавіка 1961 года ў вёсцы Спярыжжа Брагінскага раёна. Пасля заканчэння Гомельскага вучылішча электратэхнікі працаваў па спецыяльнасці ў Бабруйску. На службу трапіў у адну з пажарных часцей Масквы, дзе захапіўся пажарнай справай. Васіль Ігнаценка прымаў непасрэдны ўдзел у тушэнні пажару на Чарнобыльскай АЭС уначы з 25 на 26 красавіка 1986 года. Ён быў у ліку першых пажарных, якія прыбылі на тушэнне пажару на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС. Памёр 13 мая 1986 года. Пахаваны ў Маскве на Міцінскіх могілках.

— Тады ніхто гэтаму факту не надаў увагі, — успамінае Наталля Іванаўна, — бо ён служыў камандзірам аддзялення пажарнай часці ў Прыпяці, хадзіў у змены. Але абяцаў бацькам абавязкова прыехаць садзіць бульбу.
Сямейны спакой умомант парушыўся, калі сусед, які быў у Прыцяці, паведаміў бацькам, што нешта незразумелае робіцца на Прыпяці. А звесткі пра пажар на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў сродках масавай інфармацыі прыйшлі да родных ужо пасля прыезду жонкі Васіля — Людмілы.
— Яна і паведаміла, што Васіль у ліку першых кінуўся тушыць рэактар, а зараз яго вязуць у бальніцу, — расказвае жанчына. — Што на самой справе ўяўляе гэта бяда, мне не гаварылі. Ды і не ведалі людзі нічога ні пра радыяцыю, ні пра прамянёвую хваробу. Напэўна, у душы ўсе спадзяваліся, што гэта ненадоўга, і Васіль вернецца дамоў на майскія святы.
Але гэтым надзеям не наканавана было збыцца. Маскоўскія ўрачы, як маглі, змагаліся за жыццё першых ліквідатараў-пажарных. Сям’і Ігнаценка параілі шукаць сярод сваякоў донара для перасадкі коснага мозгу. Найбольш падыходзіла для гэтай працэдуры Наталля. Але тут ужо заўпарціўся Васіль. Ён ніяк не хацеў, каб яго малодшая сястрычка зведала боль. Тады выбар паў на старэйшую Люділу. Аднак нясцерпна балючая медыцынская працэдура для абодвух ніяк не дапамагла. Васіль памёр у жудасных пакутах ужо 13 мая.
Яго пахавалі разам з іншымі пажарнымі і работнікамі Чарнобыльскай станцыі на Міцінскіх могілках у Маскве, пахавалі ў закрытай труне і пад паўметровым пластом бетону.


— Мяне на пахаванні не было, — гаворыць Наталля Сінкевіч, — таму ў памяці старэйшы брат і сёння стаіць малады і здаровы, поўны сіл. Ды і бацькі яшчэ доўга не маглі паверыць у яго смерць.
Сям’і Ігнаценка давялося прайсці праз шмат выпрабаванняў. Яны зведалі цяжкасці перасялення, смерць унучкі, адзінай дачкі Васіля — Наталлі.
— Яе так вырашылі назваць у гонар мяне, — прызнаецца Наталля Іванаўна. — Так моцна мяне любіў і так клапаціўся пра мяне мой старэйшы брат. Шкада, што немаўля памерла праз чатыры гадзіны пасля нараджэння. Я б не менш за брата песціла б сваю цёзкупляменніцу.
Наталля Сінкевіч па слядах брата звязала жыццё з пажарнай службай. Шмат гадоў сумленна працавала інспектарам Дзяржпажнагляду ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, не раз бачыла, як дзейнічаюць у экстрэмальных сітуацыях пажарныя, як яны рызыкуюць жыццём дзеля выратавання людзей.
— Не раз у думках я аднаўляла падзеі таго пажару, — прызнаецца жанчына, — разважала над тым, як трэба было дзейнічаць у той экстрэмальнай сітуацыі, але адказаў так і не знаходзіла. Ды і нельга з сучаснымі меркамі гаварыць пра мінулую бяду. Трэба схіліць галаву і аддаць належнае пажарным, якія не разгубіліся і ўзялі на сябе ўвесь цяжар трагедыі. Людзі памятаюць іх подзвіг і штогод прыносяць кветкі на мармуровыя помнікі на маскоўскіх могілках.
Сям’я Ігнаценка беражліва захоўвае светлую памяць пра Васіля, яго подзвіг. Таму яны заўсёды рады падзяліцца з журналістамі ўспамінамі пра сына і брата, але вельмі просяць не перапісваць на свой лад жудасныя падзеі.
— Паверце, гэта трагедыя пазначыла бядой усіх нас: зламаным аказалася жыццё Людмілы, заўчасна памёр бацька, не злічыць хвароб у сястры, і матуля да тэрміну састарылася, — гаворыць Наталля Іванаўна. — Ды і мне дагэтуль балюча і вельмі хочацца, насуперак усяму, хоць на імгненне вярнуцца ў родную брагінскую сядзібу з буйна квітнеючым садам.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота з архіва сям’і Ігнаценка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *