60-гадовы юбілей адзначылі ў філіяле «Аўтамабільны парк № 22»

Дырэктар філіяла “Аўтамабільны парк №22” Артур Новікаў на свяце адзначыў лепшых работнікаў аўтапарка – начальніка аддзела арганізацыі перавозак Аляксандра Свірыдзенка, слесара па рамонце аўтамабіляў Аляксандра Корнача, старшага інспектара па кадрах Кацярыну Бурую, білетнага касіра Вікторыю Сахончык, вартаўніка Леаніда Ісаева, механіка кантрольна-тэхнічнага пункта Івана Грыба

У гэтым годзе значны, 60-гадовы, юбілей адзначае філіял “Аўтамабільны парк №22” ААТ “Мінаблаўтатранс”. А адкрытаму акцыянернаму таварыству “Мінаблаўтатранс” — увогуле 65! Таму напярэдадні прафесійнага свята мы і завіталі ў транспартны “эпіцэнтр” Бярэзіншчыны.

Сёння асноўны накірунак дзейнасці філіяла — ажыццяўленне грузавых і пасажырскіх перавозак. Больш за год узначальвае філіял “Аўтамабільны парк №22” малады, але вопытны, кваліфікаваны кіраўнік Артур Новікаў. І як ні дзіўна, Артур Міхайлавіч распачынае гутарку пра аўтапарк не з лічбаў, дасягненняў, а з расказаў пра людзей.
— А што значыць гэтая статыстыка?! Яна ж не раскажа нам пра адказную працу вадзіцеляў, якія большую частку свайго жыцця праводзяць у дарозе, — дадае Артур Міхайлавіч. — Колькі кіламетраў наездзілі яны, зараз і падлічыць даволі цяжка. Але галоўнае — не колькі кіламетраў гэтых дарог, а тое, каб яны былі безаварыйныя.
Гэты год для нас, сапраўды, складаны і напружаны. З-за эпідэміялагічнай сітуацыі людзі сталі менш карыстацца грамадскім транспартам, але мы не адмянілі ніводзін рэйс. Нават калі быў толькі адзін пасажыр, аўтобус накіроўваўся па сваім маршруце. Дарэчы, мы захоўваем усе правілы прафілактыкі “кароны”: апрацоўваем аўтобусы два разы на дзень (дэзынфіцыруем падлогу, поручні, сядзенні і шкло). Пасажыры могуць у салоне апрацаваць рукі антысептычнымі сродкамі.
Бачна, што ў аўтапарку, сапраўды, клапоцяцца пра кожнага пасажыра.
— Вядома ж, у планах –  мадэрнізацыя аўтавакзала, — зазначае Артур Міхайлавіч. — У бліжэйшым будучым і ў нашых аўтобусах можна будзе аплаціць праезд бескантактным спосабам з дапамогай банкаўскай карты. Абнаўляем і свой аўтапарк. Дабаўляем рэйсы па папулярных маршрутах. Да прыкладу, у хуткім часе плануецца ўвесці дадатковыя рэйсы Беразіно-Барысаў. Адным словам, не стаім на месцы, пастаянна імкнёмся развівацца, як кажуць, ісці ў нагу з часам.

Калектыў аўтапарка – гэта адна вялікая дружная сям’я. Тут працуюць прафесіяналы, дзе кожны на сваім месцы

Сапраўды, зазірнуўшы ў аўтапарк, адчуваецца, што тут галоўнае багацце не транспарт, не тоны перавезеных грузаў, а людзі, працу якіх цэняць і паважаюць. Таму і ні дзіўна, што большасць работнікаў тут працуе не адзін дзясятак гадоў.
Амаль 15 гадоў шчыруе галоўным бухгалтарам Наталля Адамовіч.

Галоўны бухгалтар філіяла “Аўтамабільны парк №22” Наталля Адамовіч шчыруе тут 15 гадоў

— У свой час скончыла Гомельскі кааператыўны каледж. А пасля дэкрэтнага водпуску вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці бухгалтара — выйшла на працу ў аўтапарк. Думала, што на непрацяглы час, а затрымалася на 15 гадоў… Шчыра прызнаюся, мне мая праца падабаецца. Цяжкасцей, вядома ж, хапае, але мы іх пераадольваем, — дадае жанчына. — За 15 гадоў навучылася ўсяму, дакладна ведаю спецыфіку галіны.
Дарэчы, і дзеці, можна сказаць, пайшлі па прафесійнай сцяжынцы матулі — дачушка Кацярына працуе эканамістам, а вось сын вучыцца ў БДУІРы.
— Яны бачылі, што ў мяне праца не з лёгкіх, але ўсё  роўна выбралі такую спецыфіку. Мы з мужам былі не супраць, а наадварот, падтрымалі. Галоўнае ж, каб ім падабалася. А працаваць усюды патрэбна, бо, як кажуць, “без труда не вытащишь и рыбку из пруда”. Як адпачываю? У нас ёсць дача, дзе мы любім праводзіць час з сям’ёй. Муж, дзеці – маё галоўнае багацце і радасць.
З 1974 года шчыруе ў аўтапарку Міхаіл Дайнека. Адразу ж прыйшоў сюды на працу пасля школы. Пачынаў шчыраваць слесарам, а з 1978 года працуе, як кажуць, “аўтобуснікам”.
— У асноўным, заўсёды працаваў на міжгародніх маршрутах. Раней жа столькі экскурсій вазілі. Я праехаў ад Балтыкі да Чорнага мора і ад граніцы Германіі да Сібіры, — расказвае Міхаіл Раманавіч. – Дома столькі фотаздымкаў. Думаў, выйду на пенсію, буду пераглядваць, аднак нядаўна атрымаў новы мікрааўтобус. Мой асноўны рэйс Беразіно-Бараўляны.
У “скарбонцы” ўзнагарод Міхаіла Дайнекі — велізарная колькасць грамат, дыпломаў, ёсць і нагрудныя знакі I, II, III ступеняў “За безаварыйную работу”. А ў мінулым годзе М. Дайнека быў адзначаны знакам “Ганаровы транспартнік”.
— Мне падабаецца мая справа, таму пакуль не спяшаюся на пенсію! – дадае Міхаіл Раманавіч.

Юрый Ждановіч — вопытны вадзіцель. І сваімі ведамі, навыкамі дзеліцца з маладым папаўненнем філіяла

Юрый Ждановіч таксама працуе ў аўтапарку не адзін дзясятак гадоў. Пачынаў слесарам, цяпер – вадзіцель аўтобуса. Працуе і на гарадскіх, і на прыгарадных, і міжгародніх маршрутах. Адзначаны нагруднымі знакамі I, II, III ступеняў “За безаварыйную работу”.
Бачна, што Юрый Вікенцьевіч — вопытны вадзіцель. Таму за ім і замацоўваюць маладых вадзіцеляў, якія прыходзяць на працу ў аўтапарк, каб падзяліўся вопытам, падказаў сакрэты майстэрства.
— Імкнуся дапамагаць нашай моладзі. Але ж, галоўнае, каб яны самі хацелі працаваць, дадае Ю. Ждановіч. — Работы ў нас заўсёды хапае. Складана, іншы раз прыходзіцца вельмі рана прачынацца, позна вяртацца дамоў. Але за столькі гадоў я прывык да такога рытму, таму работа падабаецца. Для мяне аўтапарк – гэта другая сям’я.
Разам, дружнай камандай, калектыў аўтапарка шчыруе, разам і адпачывае. З нагоды юбілею ў раённым цэнтры культуры сабраліся работнікі аўтапарка, ветэраны працы, госці.
Першым да прысутных з віншавальным словам звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Павел Сугака. Павел Міхайлавіч уручыў за плённую, шматгадовую працу падзякі райвыканкама мыйшчыцы-прыбіральшчыцы перасоўнага саставу Ніне Саскавец, вадзіцелям Аляксандру Сакаву і Віталію Мурашку. А дырэктару філіяла “Аўтамабільны парк №22” Артуру Новікаву ад райвыканкама Павел Міхайлавіч уручыў сертыфікат на ноўтбук.
Павіншаваў са святам і намеснік генеральнага дырэктара па перавозках ААТ “Мінаблаўтатранс” Аляксандр Салодкі:
— Віншую са святам! Дзякуй усім за нялёгкую працу. Жадаю поспехаў, шчасця, здароўя і дабрабыту вам і вашым сем’ям!
Ад ААТ “Мінаблаўтатранс” філіялу аўтапарка ўручылі каштоўны падарунак.

Работнікі рамонтных майстэрняў

Шчырыя словы віншаванняў гучалі і ад Артура Міхайлавіча:
— Паважаныя калегі, шаноўныя ветэраны працы, віншуем вас з такім цудоўным юбілеем. Нам сёння 60 – прыгожая дата. Жадаем, вядома ж, у першую чаргу, моцнага здароўя. Бо ад здароўя калектыву залежыць многае. Тыя вынікі, якіх мы дасягнулі сёлета, гэта толькі дзякуючы вашай напружанай, штодзённай, карпатлівай працы.
Гэты год для нас быў, сапраўды, складаным, напружаным. Але мы, дружнай камандай, пераадолелі ўсе цяжкасці і дасягнулі значных вынікаў. Дзякуючы высокакваліфікаванай працы кожнага з вас, наш аўтапарк працуе, як добра наладжаны механізм, дзе кожны на сваім месцы. Дзякуй кожнаму за адданую працу! Поспехаў, працвітання, дабрабыту вам і вашым сем’ям. Няхай па жыцці вам гарыць заўсёды толькі зялёнае святло!
На жаль, на свяце не змог прысутнічаць старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі. Ён вопытны кіраўнік, шмат гадоў узначальваў аўтапарк. Віктар Валянцінавіч далучаецца да віншаванняў. Са святам!

*Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *