«Увагай не пакрыўдзім нікога», альбо Як падрыхтаваліся да выбараў бярэзінскія ўчастковыя камісіі

У членаў Капланецкай выбарчай участковай камісіі №18 гэтымі днямі наступіў чарговы этап работы. Тут ужо поўнасцю падрыхтавалі пакой для галасавання, які традыцыйна размешчаны ў зале пасяджэнняў будынка мясцовага сельвыканкама, і выверылі спісы выбаршчыкаў. З другога лістапада кожны жадаючы мае магчымасць пазнаёміцца з гэтым дакументам, завітаўшы на выбарчы ўчастак у час дзяжурства членаў камісіі з 17 да 19 гадзін у буднія дні і з 12 да 14 гадзін у суботу. Паралельна з гэтым,
можна будзе пазнаёміцца з біяграфіямі будучых дэпутатаў, з выбарчым заканадаўствам. Разам з гэтым, тут прыступілі да выпісвання запрашэнняў на выбары. А ім будзе папярэднічаць і датэрміновае галасаванне, якое пачнецца 12 лістапада. Нагадаем, што датэрміновае волевыяўленне ажыццяўляецца штодзённа з 12 па 16 лістапада з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін і прыняць у ім удзел можа любы выбаршчык без указання прычыны, па якой ён не можа прыйсці на выбары ў асноўны дзень галасавання.
А тут яшчэ днямі камісія атрымала дадатковае абсталяванне для стварэння спецыяльнага месца для галасавання людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На ўчастку неабходна знайсці зручны куточак для яго ўстаноўкі.
— Як бачыце, работы ў нас хапае, — расказвае старшыня Капланецкай выбарчай участковай камісіі Н.В. Мельнік. — Калі гаварыць пра наш выбарчы ўчастак, то ў яго ўваходзіць шэсць вёсак. Акрамя Капланцаў, гэта Засвяціца, Вязькуцін-1, Валоўніца, Бярэзніца і Рудзенка. Апошняя вёска – найбольш аддаленая. Для тых выбаршчыкаў, хто падасць адпаведную заяўку, члены камісіі прыедуць на дом. Самі разумееце: значная частка нашых выбаршчыкаў – людзі прыхільнага ўзросту. Разам з тым, падрастае і моладзь: двое выбаршчыкаў на нашым участку сёлета будуць галасаваць упершыню. У цэлым у спіс выбаршчыкаў па нашым участку ўнесены 190 чалавек. І, безумоўна, ніводзін з іх увагай пакрыўджаны не будзе.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *