Наша пакаленне ганарыцца вамі

Мой сын – гэта ўжо трэцяе пакаленне людзей, якія не ведаюць, што такое вайна, і жывуць пад мірным сонейкам Беларусі, нарадзіліся пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Пра тыя страшныя гады ліхалецця, што выпалі на долю савецкага народа ў 1941-1945 гадах, аб неўміручых подзвігах старэйшага пакалення мы ведаем толькі з кніг і фільмаў, усё радзей і радзей – ад непасрэдных удзельнікаў баёў за нашу незалежнасць. Так, з кожным годам становіцца ўсё менш не толькі герояў-вызваліцеляў, а і наогул жывых сведак вайны з ліку мірных жыхароў, на чый лёс выпала такое жорсткае выпрабаванне, пад цяжарам якога наш народ не сагнуўся, не здаўся, а выстаяў і перамог.

Аўтар матэрыяла Марына Каўзуновіч (другая злева) разам з сястрой Ірынай Полаўцавай і дзецьмі Валерыяй Полаўцавай і Арсеніем Каўзуновічам

 

Кажуць, што тая навала не пакінула ніводнай беларускай сям’і без свайго крывавага следу: хтосьці загінуў ужо ў першыя гады вайны, кагосьці напаткала куля ў смяротным баі на фронце ці ў партызанскім атрадзе, хтосьці памёр ад ран ці голаду, нямала нашых землякоў было закатавана на допытах ці ў канцлагерах, у час акупацыі. Колькі жыццяў праглынула тая магутная машына смерці пад назвай фашызм! Нямногім удалося выжыць у той лютай бойні і пераможцам вярнуцца дамоў. Нашай сям’і пашанцавала: мой дзядуля, Аляксандр Ціханавіч Якімчык, які прайшоў вайну, лічы, з самага яе пачатку, уцалеў. Не, ён не хаваўся за спінамі іншых. Ён быў вадзіцелем, разведчыкам. Думаю, штосьці дадаваць да гэтага будзе лішнім.
Якім мне ён запомніўся? Звычайным простым чалавекам, які любіў і цаніў жыццё, сваю Радзіму, сваю сям’ю, людзей, вялікім аптымістам, любімым дзядулем, для якога, здавалася, яго ўнукі былі нават большым шчасцем, чым уласныя дзеці – трое сыноў. У час нашых сумесных прагулак або размоў ён рэдка калі ўзгадваў пра вайну і свой удзел у ёй, пра здзейсненыя ім подзвігі і тыя ўзнагароды, што ўпрыгожвалі яго грудзі. Можа, лічыў, што мне, дзяўчынцы, гэта не вельмі цікава? І толькі на 9 Мая – дзень, які лічыў галоўным святам у сваім жыцці, апранаў свой парадны пінжак і паўставаў перад намі ва ўсёй сваёй велічы зіхацення медалёў і іх урачыстага перазвону. Як я ганарылася сваім дзядулем, калі разам з ім крочыла на свята! Якім ён быў маладым, дужым, непаўторным!
З часам, калі стала больш дарослай, пачала больш глыбока цікавіцца жыццём і подзвігамі свайго дзядулі, дадаваць да тых пачутых у дзяцінстве сціслых расказаў новую інфармацыю. Упэўнена, што я далёка не адна з ліку тых маладых людзей, якія цікавяцца мінуўшчынай і гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, удзелам у ёй сваіх продкаў. У сённяшняга пакалення гэтая тэма не губляе актуальнасці, як бы ні сцвярджалі некаторыя супрацьлеглае.
Якім жа быў жыццёвы шлях Аляксандра Якімчыка? Да вайны ён, ураджэнец бярэзінскай вёскі Віляціна, паспеў закончыць сем класаў і курсы Бабруйскай аўта-школы аўтатранспарту, пабыць спачатку грузчыкам, а потым і вадзіцелем магілёўскага будаўнічага ўчастка Белбудшляху. Першы год вайны А. Якімчык таксама правёў за абаранкам: спачатку быў шафёрам сёмага ўчастка сувязі на станцыі Унеча Арлоўскай вобласці, потым — будаўніцтва №7 участка сувязі г. Дзмітрава Маскоўскай вобласці, першага будаўнічага ўчастка чыгункі ў г. Пугачове Саратаўскай вобласці.
З лютага 1942 года Аляксандр Ціханавіч на фронце. Не раз даводзілася маладому салдату твар у твар сустракацца са смерцю. Але яна па шчасліваму выпадку абыходзіла яго бокам. Яму як разведчыку і наводчыку гарматы даводзілася выяўляць варожыя мінамётныя і артылерыйскія батарэі, вялікую колькасць пяхоты і танкаў, даваць каардынаты нашым артылерыстам, па якіх цэлях біць. Сапраўдным выпрабаваннем на стойкасць і мужнасць стала для майго дзядулі абарона Сталінграда. Колькі часу ўтрымлівалі горад нашы байцы вялікай цаной, колькі жыццяў было аддадзена за яго. Дывізіён, дзе служыў дзядуля, вёў баі ля Мамаева кургана. Варожыя пазіцыі, расказваў ён, размяшчаліся, як правіла, зусім блізка ад нашых. Доўгі час нашы войскі размяшчаліся на правым і левым схілах кургана, а немцы – на самой вышыні і на заходнім схіле. Нашы войскі не раз спрабавалі сагнаць ворага з вышыні – вельмі зручнай пазіцыі, і кожны такі рывок каштаваў нам незлічоных страт. Ды і ў самім горадзе, а ён цягнуўся ўздоўж Волгі на 50 кіламетраў, баі ішлі літаральна за кожны квартал, за кожны будынак. Так, на працягу аднаго толькі верасня будынак чыгуначнага вакзала пераходзіў з рук у рукі аж 13 разоў, у гісторыю таксама ўвайшла гераічная абарона “дома Паўлава”.

Такім быў Аляксандр Якімчык у час Вялікай Айчыннай вайны

І ўсё ж нашым войскам удалося адстаяць Сталінград, а затым і перайсці у контрнаступленне, у выніку чаго войскі Паўднёва-Заходняга фронту ўзялі ў палон 30 тысяч немцаў і захапілі шмат тэхнікі. Дарэчы, менавіта пасля паражэння пад Сталінградам фашысцкая армія не выйграла больш ніводнай значнай бітвы.
Пасля Сталінградскага фронту А. Якімчык трапляе ў новыя “гарачыя кропкі”. Ён пераможна ваюе на Другім і Трэцім Украінскіх франтах, Першым і Другім Прыбалтыйскіх, Трэцім Беларускім фронце.
Наш зямляк прымае ўдзел у вызваленні Данбаса і Крыма, Сімферопаля і Севастопаля, Каўнаса. Вызначаецца ён і ў бітвах на роднай Беларусі пры вызваленні Оршы. Незабыўнымі для ветэрана былі і баі за ўзяцце Кёнігсберга… Якая геаграфія падзей і адрасоў. І кожны кіламетр гэтага шляху паліты кроўю нашых воінаў і аднапалчан, на кожным кроку – небяспека, рызыка, смерць…
Сярод узнагарод дзядулі – ордэн Айчыннай вайны, шмат медалёў: “За абарону Сталінграда”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, медаль Жукава і некаторыя іншыя. Асаб-ліва каштоўным у салдат лічыўся медаль “За адвагу”. Дык вось, ім дзядуля быў адзначаны аж два разы. Вось што напісана ва ўзнагародным лісце да першага медаля: “Чырвонаармеец Якімчык Аляксандр Ціханавіч храбры, бясстрашны і баявы разведчык, сваю справу любіць, баявыя заданні заўсёды выконвае дзёрзка, хутка і ўмела. Ужо не адзін раз разведчык Якімчык пад агнём праціўніка хадзіў у смелую разведку, яго вопытнай работай выяўлена да 30 цэляў праціўніка, у тым ліку танкі, зборы аўтамашын, жывой сілы праціўніка. Чырвонаармеец Якімчык А.Ц. дастойны прадстаўлення да ўрадавай узнагароды – медаля “За адвагу”.

Найбольш каштоўнымі ўзнагародамі Аляксандр Якімчык лічыў два медалі «За адвагу»

Аб мужнасці дзядулі яскрава сведчыць і такі яго гераічны ўчынак. Полымя ахапіла будынак, пад якім стаяў трактар і прычэп з боепрыпасамі. Раз-мешчаныя побач, пад домам, супрацьтанкавыя міны ад агню пачалі разрывацца. Полымя ўсё бліжэй набліжалася да трактара. Ніяк нельга дапусціць, каб адбыўся выбух размешчаных на прычэпе боепрыпасаў – шмат людзей можа пацярпець ад гэтага і загінуць. І дзядуля, перамагаючы смяротную небяспеку, кідаецца да трактара і, нягледзячы на разрывы мін, выводзіць яго ў бяспечнае месца. Так у яго з’явіўся другі медаль “За адвагу”.
Колькі такіх эпізодаў, поўных рызыкі і драматызму падзей адбылося за тыя доўгія гады ліхалецця. Не злічыць. Некаторыя з іх захаваліся ў афіцыйных дакументах па прадстаўленні да ўзнагароды, пра некаторыя засталіся толькі расказы, а колькі яшчэ забраў ён з сабой у магілу, не жадаючы варушыць старыя ўспаміны і свой боль. Вайна для дзядулі не закончылася 9 мая 1945 года, яна жыла з ім і ў ім усё жыццё трывожным успамінам.
З арміі ён дэмабілізаваўся толькі ў лістападзе 1946 года. Вярнуўся на родную Бярэзіншчыну, дзе не здраджваючы набытай (не баявой, а мірнай) прафесіі вадзіцеля адпрацаваў аж да самай пенсіі. За гэты час да яго баявых узнагарод дадалася і мірная – медаль “Ветэран працы”.
Сёння Аляксандра Ціханавіча няма ўжо з намі. Засталася добрая памяць аб ім і вялікая ўдзячнасць за падоранае мірнае жыццё, за абарону роднай зямлі і яе свабоду. Для нашай сям’і свята Вялікай Перамогі, як і Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па-ранейшаму застаюцца самымі важнымі і шануемымі. Мы засёды ўзгадваем нашага тату, дзядулю і прадзядулю, яго подзвігі і душэўнасць, цеплыню і пяшчоту, якімі ён дзяліўся з намі.
Любоў да Радзімы і адказнасць за яе лёс пераняў ад дзядулі і мой бацька, таксама Аляксандр. У свой час ён годна адслужыў у арміі – быў матросам Паўночнага флоту.
У ветэранаў вайны за мінулыя 75 гадоў пасля Вялікай Перамогі падрасло годнае пакаленне абаронцаў Айчыны. І гераічны подзвіг нашых дзядоў для іх з’яўляецца тым узорам адданасці сваёй Радзіме, якому яны ніколі не здрадзяць, а будуць перадаваць наступным пакаленням.

Марына КАЎЗУНОВІЧ.
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *