7 мая прафесійнае свята адзначаюць работнікі радыё, тэлебачання і сувязі

Пагадзіцеся, шчаслівыя тыя, для каго праца – гэта хобі. Сярод іх і Іван Яроцкі. Мужчына працуе ў Бярэзінскім вузле электрасувязі.

Іван Яроцкі вось ужо 14 гадоў працуе электраманцёрам у Бярэзінскім вузле электрасувязі. І за гэты час не расчараваўся ў абранай прафесіі. — Мне падабаецца справа, бо яна непарыўна звязана з захапленнем электронікай! – кажа Іван Якаўлевіч

З дзяцінства “гарэў” электратэхнікай

Нават будучы школьнікам мог адрамантаваць некаторае абсталяванне, – расказвае Іван Якаўлевіч. – Таму, калі прыйшоў час вызначыцца з будучай прафесіяй, складанасцей не ўзнікла. Паступіў у Мінскае радыётэхнічнае вучылішча. Паспяхова скончыў. І пераканаўся: абраная спецыяльнасць падабаецца.

Стаж – 14 гадоў

– У 2006 годзе электраманцёр вузла сувязі Пётр Савасціёнак выйшаў на пенсію. І прапанаваў мне заняць вакантнае месца, – расказвае Іван Якаўлевіч. — Пагадзіўся. І справа, як кажуць, “зацягнула”. Вось ужо 14 гадоў працую тут. Спачатку было складана. Вучылішча дае аснову, фундаментальныя веды. Але іх жа неабходна ўмець прымяніць на практыцы. І тут мне пашчасціла з вопытнымі калегамі, якія заўсёды гатовы дапамагчы. Зараз, выязджаючы на лінію, упэўнена выконваю сваю работу. Мы, электраманцёры, – універсальныя спецыялісты. Ліквідуем паломкі на лініі, настройваем абаненту інтэрнэт, відэаназіранне, тлумачым, як карыстацца той альбо іншай паслугай. Так, вырашаем не толькі тэхнічныя пытанні, але і працуем з людзьмі. А гэта няпроста. Бо да кожнага неабходна знайсці падыход.

“Гадзіны пік”

– Работы ў нас хапае заўсёды. Але найбольшы наплыў у летні перыяд. Частыя навальніцы выводзяць са строю мадэмы, патрабуецца замена абсталявання. Ды і на лініях часцей здараюцца непаладкі, — заўважае майстар. – Выязджаем на абслугоўванне паасобку або з камандай. Калегі Сяргей Піскун і Васілій Бурмістронак – прафесіяналы сваёй справы.

Вечны “студэнт”

– Калі толькі прыйшоў на працу, існавалі тэлефанія, радыё і пачынаў распаўсюджвацца інтэрнэт. А зараз – высокахуткасны інтэрнэт, відэаназіранне, GРОN-тэхналогія. І каб разбірацца ва ўсім, неабходна пастаянна займацца самаадукацыяй. Таму, як жартуем, мы – вечныя студэнты. І гэта нам падабаецца, — заўважае Іван Якаўлевіч.
Гутару з Іванам Якаўлевічам і разумею, што электраманцёру неабходна быць вельмі ўважлівым і гатовым да любой надзвычайнай сітуацыі.
— А яшчэ скрупулёзным, — дадае ён.
І гэта ў мужчыны атрымліваецца. За час працы толькі станоўчыя водгукі ад кіраўніцтва і павага калег. А ў скарбонцы – граматы і дыпломы за добрасумленную працу.

Хобі – электроніка

— Зараз хобі – электроніка, электратэхніка. Люблю чытаць спецыялізаваную літаратуру. Шмат часу праводжу ў інтэрнэце. З задавальненнем знаёмлюся з навінкамі электронікі, новымі распрацоўкамі па камп’ютарных тэхналогіях. І тэхніку розную люблю рамантаваць, — заўважае Іван Якаўлевіч.

Надзейная падтрымка – сям’я

Любіць праводзіць час мужчына і з сям’ёй. Жонка Таццяна працуе настаўніцай у Любушанскай школе. Разам гадуюць дваіх сыночкаў. Малодшаму Захару 4 гады, а старэйшаму Аляксею – 12.
– Сям’я – мая падтрымка, надзейная апора, – дадае Іван Якаўлевіч. – Аляксею падабаецца займацца спортам. А Захару — гуляць з машынкамі, трактарамі. Магчыма, у будучым хтосьці з іх “загарыцца” і электронікай.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *