Падзяка Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь аб’яўлена бярэзінскім медыкам

Нядаўна Падзяка Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19 была аб’яўлена загадчыцы прыёмнага аддзялення Наталлі Балоткінай.

Галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук уручае Падзяку Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь загадчыцы прыёмнага аддзялення Наталлі Балоткінай

— Для мяне гэта першая, такая высокая, значная ўзнагарода, — расказвае Наталля. – Я нават расхвалявалася, калі даведалася, што маю працу адзначылі на такім высокім узроўні. Прыемна. А яшчэ такая значная ўзнагарода – гэта вялікая адказнасць, значыць, неабходна ёй адпавядаць. Увогуле, заўсёды імкнуся рабіць усё магчымае, каб дапамагчы нашым пацыентам.

Наталля – малады спецыяліст. Працуе ў райбальніцы толькі трэці год. Прыехала ў Беразіно з Гомеля па размеркаванні пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Наталлі адразу ж даверылі адказную пасаду – загадчыка прыёмнага аддзялення.

— Адразу ж было, бясспрэчна, вельмі і вельмі складана. Пакуль з усім разабралася, асвоіла. Але мне пашчаслівіла з калектывам райбальні-цы. Да кожнага можна звярнуцца, пракансультавацца. Калі толькі пачынала працу, мне дапамагалі, былі маімі “настаўнікамі” – урач агульнай практыкі, тады яшчэ загадчыца паліклінікі Крысціна Аляксандраўна Крук, урач-тэрапеўт Алена Васільеўна Салаўёва, старшая медыцынская сястра прыём-нага аддзялення Юлія Мікалаеўна Хасіневіч. Ды і ўвогуле, да любога ўрача можна звярнуцца за парадай, заўсёды адгукнуцца, параяць, растлумачаць… — Чаму я абрала медыцыну? Матуля працуе фельчарам. Усё дзяцінства правяла ў яе ў амбулаторыі. Гуляла ў доктара. І марыла, што буду абавязкова доктарам. Мара ажыццявілася! Ды і муж таксама шчыруе ўрачом-хірургам у нашай райбальніцы. Таму медыцына, можна сказаць, наша сямейная справа!

Графік работы ў Наталлі напружаны: з 8.00 да 17.00, у дадатак — начныя дзяжурствы.

— Складана! Але я прывыкла, — дадае Наталля. — З чаго пачынаецца мой рабочы дзень? Зараз усе дні пачынаюцца аднолькава: мы прыходзім, апранаем спецыяльныя супрацьчумныя касцюмы, апранаем сродкі індывідуальнай аховы. Затым, можна сказаць, я прымаю змену ў старшай медыцынскай сястры, альбо ў дзяжурнага ўрача, распытваю, што адбылося за ноч, хто паступаў, якія праблемы, магчыма, узніклі. Увогуле, у нас, у прыёмным аддзяленні 4 медыцынскія сястры і 4 санітаркі. Мы працуем зладжана, дружна, як адна каманда, падтрымліваем, падказваем адзін аднаму…

Працавала Наталля дзяжурным урачом прыёмнага аддзялення і падчас першай хвалі каранавіруснай інфекцыі, даводзілася прымаць пацыентаў і з пнеўманіямі, і з “каронай”, і кантактаў…

— Ці было страшна? Спачатку вельмі. Мы не ведалі, што гэта за інфекцыя, думалі, што яна дзесьці далёка, да нас не прыйдзе! Таму прыходзілася вучыцца працаваць у новых умовах, — расказвае доктар. — У першую чаргу неабходна было навучыцца правільна абараніць сябе ад інфекцыі: як апранаць сродкі індывідуальнай аховы, апрацоўваць рукі… У супрацьчумных касцюмах працаваць вельмі складана, асабліва летам. Душна, нязручна, але без іх — ніяк.

Зараз зноў адзначаецца ўздым каранавіруснай інфекцыі, вострых рэспіраторных захворванняў. Прыёмнае аддзяленне падзелена на “чырвоныя” і “зялёныя” зоны.

— У нас, у аддзяленні, ідзе раздзяленне патокаў пацыентаў, каб не кантактавалі паміж сабой. Пацыенты з павышанай тэмпературай цела паступаюць у “чырвоную” зону. Да прыкладу, паступае пацыент (яго дастаўляюць на “хуткай дапамозе” альбо звяртаецца сам) з павышанай тэмпературай, мы апранаем спецыяльныя касцюмы, надзяваем сродкі індывідуальнай аховы (рэспіратары, пальчаткі) і праводзім абследаванне пацыента. Калі неабходна, робім агульны аналіз крыві, флюараграфічнае даследаванне, вымяраем тэмпературу цела… І прымаю рашэнне: гаспіталізаваць альбо адправіць дамоў на амбулаторнае лячэнне.

Неабходна памятаць, што мы ў прыёмным аддзяленні аказваем экстранную дапамогу. дадае Наталля. — Зараз планавыя гаспіталізацыі ў нас адменены. Толькі – па экстранных паказаннях. Неабходна адзначыць, што зараз да нас у “зялёную” зону звяртаецца менш людзей. Усё больш пацыентаў з тэмпературай. Але ж гэта не значыць, што ва ўсіх “карона”. Нікуды не
падзеліся звычайныя вострыя рэспіраторныя захворваннні. Але людзі перастрахоўваюцца, думаюць, калі тэмпература – значыць “карона”. Хочацца яшчэ раз нагадаць бярэзінцам, што прымаць медыкаменты, асабліва антыбіётыкі неабходна толькі па назначэнні ўрача. Іншы раз, на жаль, многія займаюцца самалячэннем. Тэмпература – самі назначаюць сабе антыбіётыкі, прымаюць іх. Гэтага рабіць ні ў якім разе нельга. Нават калі ў вас “карона”, не заўсёды назначаюцца антыбіётыкі. Усё залежыць ад сімптаматыкі. Так, антыбіётыкі эфектыўныя. Але спачатку неабходна здаць аналізы, пры паказаннях – прайсці флюараграфічнае абследаванне. А затым урач назначае вам далейшае лячэнне. Ёсць акрамя антыбіётыкаў і іншыя эфектыўныя прэпараты. Галоўнае – своечасова звярнуцца за дапамогай, не займацца самалячэннем і выконваць рэкамендацыі ўрача.

Трэба адзначыць, што зараз нават з “каронай” многія пацыенты праходзяць лячэнне на даму, — працягвае Наталля. – Многіх гэта пужае, маўляў, у мяне ж каранавірус, як лячыцца дома. На мой погляд, калі стан здароўя дазваляе, лепш праходзіць лячэнне на даму. Заўважана, што дома, у прывычных для чалавека абставінах выздараўленне ідзе значна хутчэй. Проста зноў жа нагадаю, неабходна выконваць строга назначэнні ўрача: прымаць медыкаменты па раскладзе.

Неабходна адзначыць, што зараз даволі складаная эпідэміялагічная сітуацыя як у цэлым па краіне, так і ў нашым раёне. Памятайце, ад кожнага з нас залежыць, ці будзе і надалей назірацца павелічэнне пацыентаў з “каронай” ці наадварот — змяншэнне. Калі мы ўсе будзем захоўваць простыя правілы прафілактыкі, то каранавірусная інфекцыя хутчэй спыніць сваё распаўсюджванне! Не ігнаруйце, калі ласка, рэкамендацыі ўрачоў: дасканала мыйце рукі, насіце маскі, захоўвайце дыстанцыянаванне, вядзіце здаровы лад жыцця. Будзьце здаровымі і беражыце сябе!

Парады загадчыцы прыёмнага аддзялення Наталлі Балоткінай па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі:

— Захоўваць масачны рэжым. На жаль, яшчэ ёсць людзі, якія ігнаруюць патрабаванні – абавязкова насіць маскі. Маўляў, складана дыхаць, нязручна, думаюць, навошта, яна ж не абараняе. Памятайце, маска на сёння — адзін з самых эфектыўных сродкаў прафілактыкі інфекцыі. А калі будзеце думаць, што гэта нязручна, згадайце медыцынскіх работнікаў, якія іншы раз цэлыя суткі праводзяць у супрацьчумных касцюмах… І, калі ласка, правільна насіце маскі: своечасова іх мяняйце!

— Не займацца самалячэннем! Своечасова звяртацца за медыцынскай дапамогай.

— Пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей. Да прыкладу, лепш адзін раз на тыдзень выбрацца ў магазін: закупіць неабходныя прадукты, каб не хадзіць кожны дзень.

— Сацыяльнае дыстанцыянаванне!!! Ніхто не адмяняў, што чалавек проста можа быць носьбітам каранавіруснай інфекцыі, захворванне можа праходзіць бессімптомна. Таму неабходна абмежаваць кантакты. Асабліва гэта датычыцца пажылых людзей, якія знаходзяцца ў групе рызыкі.

Наперадзе нас чакаюць святы: Новы год, Ражство. Гэта не нагода, як кажуць, расслабляцца. У “кароны” няма свят, канікул, захворванне нікуды не знікне. Таму лепш правесці святы ў невялікім крузе людзей, з самымі блізкімі. Галоўнае зараз – зберагчы сябе, сваіх блізкіх, родных ад гэтага захворвання.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *