17 снежня пашпартная служба Бярэзінскага раёна адзначае векавы юбілей!

Заўтра адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень утварэння службы — супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Бярэзінскага РАУС. Ды не проста свята, а векавы юбілей самай запатрабаванай у міліцыі службы. Не пералічыць, колькі разоў у жыцці нам даводзіцца туды звяртацца па дапамогу ў афармленні пашпартоў і іншых дакументаў!

Калі зазірнуць у гісторыю, то сваю дзейнасць служба пачала ў 1920 годзе, калі рашэннем ІІ з’езда Саветаў Беларусі быў створаны народны камісарыят унутраных спраў, у складзе якога працаваў пададдзел замежных падданых. Займаліся ў ім у той час рэгістрацыяй замежных грамадзян, якія прыбылі ў краіну, выдачай ім відаў на жыхарства і дазволаў на выезд, і вядома, вырашэннем пытанняў з бежанцамі.

У 60-х гадах мінулага стагоддзя першапачаткова служба называлася “пашпартны стол”. З таго часу яна прайшла шлях рэарганізацыі і перайменавання ў візавую, потым у пашпартна-візавую службу. Апошняе пераўтварэнне адбылося ў 2004 годзе. Тады ў Міністэрстве ўнутраных спраў утвараецца Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі з адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі ў кожным раённым аддзеле ўнутраных спраў.

— Сёння на нашу службу ўскладзены шэраг задач, здзяйсняем каля 50 адміністрацыйных працэдур. Аддзяленне з’яўляецца, бадай, самай наведваемай службай не толькі ў РАУС, але і раёне, — з гэтых слоў пачалася гутарка з начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Вольгай Сямашка. — Чалавек прыходзіць да нас, каб вырашыць пэўныя праблемы і атрымаць канкрэтны вынік, а мы, у сваю чаргу, павінны дапамагчы і не выйсці за рамкі прававога поля.

— Па нашых дадзеных, у гэтым годзе насельніцтва раёна налічвае 21 714 чалавек, — расказвае Вольга Сямашка, — з якіх 338 — пастаянна пражываючыя замежныя грамадзяне, 29 часова пражываючых чужынцаў. 57 замежных асоб пакінулі сёлета наш раён і 140 прыбылі на аздараўленне ў санаторна–курортныя ўстановы рэгіёна. Сёлета гэтыя лічбы сціплыя па прычыне небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыі, бо ў 2019 годзе ў раён прыбылі 83 чужынцы і 546 чалавек прайшлі ў нас курс аздараўлення. Адкуль жа прыбываюць да нас замежныя грамадзяне? Геаграфія шырокая – Расія, Украіна, Казахстан, Арменія, Узбекістан, Таджыкістан і Малдова. У той жа час даўно ўпадабалі наш раён грамадзяне Пакістана, Конга, Ірака, Ірана, Ізраіля

Сапраўды, абавязкаў у службы па грамадзянстве і міграцыі шмат, сістэматызаваць якія можна па двух асноўных накірунках. Гэта пашпартная работа, якая ўключае рэгістрацыю грамадзян па месцы жыхарства, абмен і выдачу пашпартоў, у тым ліку для пастаяннага пражывання за мяжой, а таксама вырашэнне іншых пытанняў, звязаных з грамадзянствам Рэспублікі Беларусь. Другі напрамак — работа з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, а таксама рэгістрацыя замежных жыхароў, выдача віз, запрашэнняў. Супрацоўнікі аддзялення вызначаюцца сваім асабліва ўважлівым стаўленнем да наведвальнікаў: заўсёды ветліва сустрэнуць, выслухаюць, растлумачаць умовы выезду ў краіны замежжа, раскажуць замежным гасцям пра правілы знаходжання ў Беларусі.

— Акрамя гэтага, аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі кантралюе знаходжанне, часовае і пастаяннае пражыванне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў раёне, — працягвае Вольга Мікалаеўна. — Таксама сочым за выкананнем заканадаўства аб знешняй працоўнай міграцыі, ладзім мерапрыемствы па выяўленні асоб, якія незаконна працаўладкоўваюць бярэзінцаў за мяжой, сумесна з іншымі службамі выязджаем у рэйды па выяўленні парушэнняў міграцыйнага заканадаўства замежнымі грамадзянамі.

Што датычыцца лічбаў, то большасць зваротаў у аддзяленне звязана з выдачай пашпартоў — дакументаў выдадзена за 11 месяцаў бягучага года 989. Таксама за 2020 год на тэрыторыі раёна зарэгістраваны па часовым знаходжанні 71 замежны грамадзянін і асоба без грамадзянства.

Нараканняў на работу аддзялення няма ні з боку кіраўніцтва, ні ад насельніцтва. У многім гэта дзякуючы ўмеламу падбору кадраў. Абавязкаў у службы хапае, і яны ўскладзены на плечы пяці спецыялістаў. Так, пасаду начальніка аддзялення Вольга Сямашка займае шосты год, слыве добрым спецыялістам і даказала, што можа выдатна спраўляцца з абавязкамі кіраўніка.

— У раённай службы багатая гісторыя, – зазначае Вольга Мікалаеўна. — Чаго варта толькі Таццяна Грышанава! Яна ўзначаліла пашпартны стол міліцыі ў снежні 1944 года, а звольнілася з яго роўна праз 31 год у снежні 1975 у званні маёра. Пасля яе начальнікам пашпартнай службы была Зінаіда Круталевіч. Гэта жанчына вызначалася асаблівай патрабавальнасцю да сябе і сваіх падначаленых, высока трымала гонар службы.

Аднойчы Таццяна Гры-шанава ледзь не загінула ад рук бандытаў: » … в один из дней 1945 года Гришанова осуществляла перепись населения, ставшегося после войны в деревне Ягодка Березинского района. В то же время в одном из домов деревни находился бывший полицейский Андрей Мороз. Когда Гришанова зашла в дом, то Мороз спрятался под кроватью, и только по чистой случайности она не погибла от рук бандита. В последующем сведения о местонахождении Мороза Гришанова передала руководству отдела милиции, и бандит был задержан»

Праўда, не трэба думаць што ў пашпартнай службы заўсёды быў жаночы твар. У 1997 годзе першым начальнікам аддзялення пашпартна-візавай службы стаў Сяргей Мурашка. Ён — выпускнік Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, які ў час вучобы прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На змену яму ў 2004 годзе прыйшоў Мікалай Канапацкі. Яго імя ў пашпартнай службе надзейна звязана з добра вядомымі ў раёне пашпартысткамі Тамарай Сойка і Раісай Самахвал.

— Дарэчы, Тамара Мацвееўна амаль трыццаць гадоў працоўнага жыцця прысвяціла афармленню пашпартоў, — узгадвае Вольга Мікалаеўна, — а гэта няпроста. Дакументы афармляліся з дапамогай друкаванай машынкі альбо ўручную. Таму пра акуратнасць, уважлівасць і каліграфічны почырк гэтых жанчын ледзь не легенды хадзілі ў раёне. Ды і сёння пашпартная служба — не цукар. Але Вольга Мікалаеўна знаходзіць агульную мову з пашпартысткамі Алесяй Ермаковай, Кацярынай Клімашонак, спецыялістам першай катэгорыі Марынай Лапіцкай, вядучым спецыялістам па рэгістры насельніцтва Ганнай Радзівонавай.

Ганна Радзівонава па адукацыі педагог, але знайшла сябе ў пашпартнай службе. Тут ёй даручаны амаль самы адказны ўчастак – рэгістр насельніцтва

— На пашпартыстаў у акадэміі не вучаць, — гаворыць Вольга Мікалаеўна, — таму кожны з маіх супрацоўнікаў сваім шляхам прыйшоў у пашпартную службу. Вось Марына Леанідаўна доўгі час не здымала міліцэйскі мундзір, бо служыла ў інспекцыі па справах непаўналетніх, а затым у крымінальна-выпраўленчай інспекцыі. Магла б ужо сядзець дома, але яе веды і вопыт работы з людзьмі аказаліся запатрабаванымі ў нашай службе.

Заўсёды рады бачыць у сябе наведвальнікаў пашпартысткі Алеся Ермакова і Кацярына Клімашонак. Яны не толькі прывабныя жанчыны, але і выдатныя спецыялісты. Ёсць у іх і свой фірменны стыль у абыходжанні з наведвальнікамі. А чаго варта ўбранне кабінета, дзе ўсё патанае ў кветках. — Гэтую традыцыю нам у спадчыну перадала Тамара Сойка, — гавораць жанчыны. — Яна – слаўны кветкавод! Ведала, што кветкі ўздымаюць настрой людзям

У кожнага з работнікаў свае абавязкі, якія яны выконваюць бездакорна. З ліку грамадзянскага персаналу ў аддзяленні асабліва выдзяляюць Ганну Радзівонаву. Яна не раз была адзначана ўзнагародамі за сваю работу. Увогуле ж, на рахунку аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС і яго спецыялістаў шмат падзяк і грамат за прафесіяналізм і добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў.

— З кожным годам пытанні грамадзянства становяцца ўсё больш актуальнымі, міграцыйныя працэсы, нават у такіх невялікіх раёнах, як Бярэзінскі, не заканчваюцца: адны вяртаюцца на радзіму, да месца свайго нараджэння, а другія з’язджаюць у іншую краіну, — завяршыла размову Вольга Сямашка. — І супрацоўнікі АГІМ гатовы адказаць на ўсе пытанні грамадзян, аказаць ім дапамогу ў межах сваёй кампетэнцыі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *