Свет захапленняў бярэзінцаў. Драўляны малахіт Івана Копкі

Чаго толькі не вырабляе чалавек з дрэва! А вось проста з галінкамі дрэў і капамі працуе далёка не кожны. Іван Копка менавіта з такіх рэдкіх майстроў.

— Вельмі люблю зімовую пару года, — гаворыць Іван Копка. – Я на лыжы – і ў лес! Гатовы днямі назіраць яго зімовае хараство…

Жыве ён у горадзе Беразіно, а штуршок да незвычайнага захаплення яму дала паездка ў дэндрарый у Сочы, дзе некалі адпачываў у далёкім 1983 годзе. Напэўна, менавіта прыгажосць і разнастайнасць прыроды так захапіла і здзівіла Івана Міхайлавіча, што са свайго падарожжа ён вярнуўся з галінкамі дрэў замест іншых сувеніраў. Сувеніры з іх ён зрабіў сам.
Убачыць незвычайнае ў звычайным – асаблівы талент, які дадзены адзінкам. Для некаторых галінкі – гэта проста смецце, а некаторыя, накшталт Івана Копкі, могуць разгледзець у іх мудрагелістых карунках розных дзікіх звяроў, казачнага вадзянога ці гераічнага есавула.

Вырабы Івана Міхайлавіча ўражваюць незвычайна

Скажу шчыра, да сустрэчы з гэтым майстрам я не ведала, што такое “кап” і тое, што з яго можна вырабляць такія незвычайныя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

— Па адной з версій слова «кап» паходзіць ад дзеяслова «капаць», — гаворыць Іван Міхайлавіч, — так як капаў нараст часта ўяўляе сабой наплыў на ствалах, галінах і каранях дрэў, які ўзнікае ў месцах багатага развіцця парасткаў-уцёкаў і разрастанняў пупышак. Па другой версіі назва паходзіць ад славянскага «кап» — галава. І сапраўды, кап нагадвае на дрэве чалавечую галаву. Вось, да прыкладу, мой есавул… Нарасты ўтвараюцца як на ствалах і галінах дрэў, так і пад зямлёй на каранях. Сустракаюцца капы на многіх дрэвах – ліпе, алешыне, клёне, дубе, але я выкарыстоўваю толькі бярозавыя.

Наогул, кап ставіцца да каштоўных парод дрэва дзякуючы сваёй унікальнай і непаўторнай тэкстуры. Мяне ўразілі практычна ўсе вырабы бярэзінскага майстра – і дэкаратыўныя вазы, і падсвечнікі, рукаяці для нажоў і проста скульптуры прыродных формаў для ўпрыгожвання інтэр’еру.

Уражвае дадзеная драўніна за сваю невымоўную прыгажосць малюнка. Нездарма за сваю непаўторную прыгажосць кап называюць драўляным малахітам.

Нашы продкі з дрэва выраблялі практычна ўсе хатнія рэчы: ад калаўротаў да вынаходліва ўпрыгожаных куфраў. І нават зараз, калі ў сучасных дамах і кватэрах прысутнічаюць у інтэр’еры вырабы з дрэва, адчуваецца асаблівая ўтульнасць.
Вырабы Івана Міхайлавіча ўдзельнічалі ў розных выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, а колькі іх пайшло ў якасці падарункаў!

Зараз цеплыня дрэва і майстэрства Івана Міхайлавіча штодзень радуюць выхаванцаў дзіцячага садка №3 “Родничок”, дзе ён працуе вартаўніком і рабочым па комплексным абслугоўванні. Тут да паслуг дзяцей яхта і крэпасць, самалёт і нават пасека, а яшчэ Іван Міхайлавіч змайстраваў хатку на курыных ножках, дзе жыве Баба Яга. Цяпер у дзіцячым садку пасялілася казка…
Прыемна было пачуць, што адзін з унукаў Івана Міхайлавіча зацікавіўся справай свайго дзеда. Пеця вучыцца ў пятым класе і робіць свае першыя крокі на шляху да майстэрства.

Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *