Супрацоўнікі міліцыі павіншавалі Вольгу Кароткую з Міжнародным жаночым днём

На 86-гадовую Вольгу Кароткую мы выйшлі выпадкова. Аднойчы ў магазіне ў жанчыны не хапіла грошай разлічыцца за пакупкі і адзін малады чалавек дапамог ёй і нават праводзіў дамоў. Вольга Ігараўна была так расчулена яго ўчынкам, што паведаміла аб гэтым усім сваякам. Яны хутка вылічылі “героя”. Ім аказаўся малады супрацоўнік аператыўна-дзяжурнай службы раённага аддзела ўнутраных спраў малодшы сяржант Кірыл Якуш. Ён пагадзіўся на прапанову рэдакцыі сустрэцца з жанчынай напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, каб не толькі павіншаваць Вольгу Ігараўну са святам, але і больш даведацца пра няпросты лёс чалавека, якому давялося ў маленстве спазнаць нягоды Вялікай Айчыннай вайны.

— Дзяцінства скончылася для мяне ў шэсць гадоў, у той дзень, калі пачалася вайна, — успамінае жанчына. — Бацька пайшоў на фронт разам з адступаючымі войскамі Чырвонай Арміі. Ён не паспеў ні развітацца, ні нас эвакуіраваць. Таму мы з матуляй і чацвёра братоў і сястрычак вымушаны былі на таварных цягніках дабірацца да бабулі ў вёску Эсьмоны Бялыніцкага раёна. Памятаю, што мы, старэйшыя, яшчэ ішлі пешшу амаль 30 кіламетраў і прасілі ў людзей ежу, а ўсё, што давалі, неслі матулі і малодшай дзятве.

Голад назаўсёды ўрэзаўся ў памяць жанчыны. Паратункам ад яго быў лес, дзе Вольга Ігараўна на правах старэйшай матулінай памочніцы збірала, рызыкуючы жыццём, ягады і грыбы, зёлкі і іншыя травы. А яшчэ — бульба, якую дзятва і дарослыя знаходзілі позняй восенню і ранняй вясной на агародах. З яе атрымліваліся надзвычай смачныя аладкі.

— Смак іх і бабуліны казкі і зараз вярэдзяць душу, — прызнаецца жанчына. – Яна сама складала казкі, бо пасля вайны я нідзе не змагла іх прачытаць. Памятаю, што яны, хоць ненадоўга, дапамагалі забыцца, што ідзе вайна. Вольга Ігараўна ўдзячна сваёй набожнай бабулі. Менавіта яе вера ў Бога не аднойчы выратоўвала ім жыццё.

— Яшчэ ў пачатку вайны фашысты гналі па вёсцы натоўп яўрэяў на расстрэл, — расказвае жанчына, — зайшлі і ў нашу хату і пачалі нас выганяць. Тады бабуля не разгубілася і на каленях пачала маліцца. Немцы заўважылі гэта, зірнулі на іконы і нас адпусцілі. Пасля мы даведаліся, што былі расстраляны 67 яўрэяў.

Бабуліны малітвы мелі рэальную сілу, бо ў хаце Кароткіх дзве зімы знаходзіўся штаб партызанскага атрада, не пералічыць, колькі разоў акупанты маглі забіць, але сям’я выжыла. Дзіцячая памяць захавала дзень, калі на вясковай вуліцы людзі віталі сваіх абаронцаў.

— Дзеці ўзлезлі на агароджу, плакалі і пыталіся ў кожнага вайскоўца: ці бачылі яны іх тату, — успамінае жанчына. — Тыя ж у адказ нічога не гаварылі і таксама плакалі. Не перадаць было нашай радасці, калі мы яго сустрэлі самі. Ён таксама вызваляў Беларусь ад акупантаў і затым адправіўся ў Прыбалтыку. Я і старэйшыя дзеці не хавалі гонару — наш тата жывы, а вось малодшыя сястра і брацік пэўны час ніяк не маглі да яго прывыкнуць.

Вялікая Айчынная вайна скончылася для сям’і Кароткіх не 9 мая, а 6 лістапада 1945 года. У гэты дзень вярнуўся дамоў з фронту бацька. Ён абараняў Маскву, двойчы быў паранены і за баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Матуля ўжо ў той час працавала настаўніцай малодшых класаў, а бацька спачатку выкладаў матэматыку, а затым быў намеснікам і дырэктарам школы. Пайшла вучыцца ў першы клас у 9 гадоў і Вольга Ігараўна.

— Школы былі спалены, урокі праходзілі ў розных класах, — гаворыць яна. — У адным навучаліся каля 50 вучняў самых розных узростаў і на ўсіх — адзін буквар. У класах холадна, ды і пастаяннае адчуванне голаду прысутнічала ў нас. Не было чаго апрануць і абуць, на чым і чым пісаць, але мы шчыра радаваліся, што жывём пад мірным небам.

Пасля заканчэння школы Вольга Ігараўна паспяхова паступае ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча, атрымлівае прафесію фармацэўта.

— Ды і кім жа мне было стаць, калі браты і сястрычкі пастаянна хварэлі, пакутаваў ад цяжкіх ран бацька і матуля кожны раз пасылала мяне па лекі ў аптэку, — расказвае жанчына, — я ж была ў захапленні ад шклянак, колбаў і мікстур. Таму з малых гадоў марыла стаць фармацэўтам.

Мару сваю Вольга Ігараўна здзейсніла і 50 гадоў сумленна адпрацавала ў “Белфармацыі”. Апошнія дваццаць шэсць гадоў жанчына жыве ў Беразіно па вуліцы Новабазарнай, шмат чытае і нават робіць сабе лекі з зёлак. Ды і сувязь з малодшымі братамі не губляе.

-Я ім па жыцці была і сёння застаюся другой матуляй, — зазначае жанчына, — з маленства ратавала ад немцаў, лячыла, дапамагала вучыцца ў школе, падтрымлівала ў дарослым жыцці і зараз, як магу, апякаю іх. Яны таксама жыцця свайго без мяне не ўяўляюць, рэгулярна прыязджаюць, клапоцяцца пра мяне і перажываюць, як я тут адна. Ведаюць: на гэтай вуліцы я — самая старэйшая жыхарка. Але я сваіх гадоў не лічу, шчасця сабе асаблівага не прашу і радасць на душы адчуваю, калі бачу з ганка лес. Ён сёння выратоўвае мяне ад шэрых дзён, дрэнных думак і хвароб. Напэўна, і шанцуе мне на шляху на добрых людзей, такіх, як Кірыл. Шчырае дзякуй яму за клопат і ўвагу і не дай Божа спазнаць жудасці вайны!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *