Пра цяжкія ваенныя часы і мірнае жыццё гутарым з Валянцінай Дудко

Цяжкія ваенныя часы пакінулі ў жыцці і памяці гэтай жанчыны незагойную рану: зрабілі сіратой, прымусілі вучыцца нанава хадзіць, пазбавілі магчымасці больш паспяхова ўладкаваць сваё жыццё. Гаворка пойдзе пра Валянціну Дудко, жыхарку горада.

Нарадзілася Валянціна Рыгораўна ў 1939 годзе, была старэйшай дзяўчынкай у сям’і.

Калі яна толькі рабіла першыя крокі, у жыццё маленькай Валянціны ўварвалася вайна. Харчычы, дзе жыла яе сям’я, стала партызанскай. У яе наваколлі дзейнічаў атрад Крыварота. Бацька дзяўчынкі таксама далучыўся да народных мсціўцаў. Родная хата іх сям’і знаходзілася на ўскрайку вёскі, таму тут часта бывалі партызаны. Маці пякла ім хлеб, падшывала ватоўкі, прала. Па ўспамінах Валянціны Рыгораўны, наогул усе жыхары Харчыч дапамагалі партызанам.

Бачылі немцаў тут тройчы. Першы раз, калі яны ўвайшлі ў вёску і накіраваліся ў дом сям’і Валянціны. Захопнікі расшчодрыліся на цукеркі дзецям. А затым, нядоўга думаючы, загадалі аддаць ім усіх курэй. Паслалі па іх Валю. Як назло, апошняя з курэй ніяк не ішла ў рукі. Нямецкі салдат не хацеў чакаць і наставіў на Валю зброю. На шчасце дзяўчынкі, ёй усё ж удалося злавіць бяглянку. А каб крыху прамарудзіла, магла б быць расстралянай: забіць чалавека фашыстам нічога не каштавала. Валянціна Рыгораўна ўзгадвае, як у той дзень захопнікі забілі мужчыну з сынамі, якія вярталіся з працы ў лесе.

Падчас другога з’яўлення немцы паквапіліся на карову, якая належыла сям’і Валянціны. Але маці засланіла карміцельку целам: маўляў, забівайце, без яе ўсё роўна не выжыць. Ужо і дулы аўтаматаў былі ўзняты, але тэрміновая трывога прымусіла няпрошаных гасцей пакінуць вёску.

Апошні раз у Харчычах немцаў бачылі, калі тыя гналі моладзь на прымусовую працу ў Германію. Колькі ж маладых жыццяў забрала і паламала вайна…

Але было і ў той цяжкі час месца добрым учынкам. Напачатку вайны партызаны прывялі ў хату сям’і Валянціны малога хлопчыка. Некалькі гадоў, аж да вызвалення краіны, сірата гадаваўся тут, а пасля яго аддалі ў бярэзінскі інтэрнат. Валянціна Рыгораўна, ужо будучы дарослай, спрабавала адшукаць яго, пісала ў “Народную газету”, але яе намаганні аказаліся марнымі.

Калі Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, бацька-партызан разам з дзеючымі войскамі пайшоў далей знішчаць фашыстаў. Маці ж неўзабаве памерла ад тыфу, на які хварэла і Валянціна. У апошні раз наша маленькая гераіня бачыла маці, калі тую везлі ў Дзмітравіцкую бальніцу, а дзяўчынку, у сваю чаргу, з бальніцы. Хвароба забрала маці, а Валянціне дала ўскладненне на ногі, ды так, што той прыйшлося нанава вучыцца хадзіць. Даглядала яе хворая бабуля, якая змагла прытуліць у сябе толькі адну ўнучку. Малодшых жа сясцёр давялося аддаць у Чэрвеньскі дом-інтэрнат.

Пасля Вялікай Перамогі ў вёску вярнуўся бацька. З фронту вярнуўся ён параненым. Вельмі тужыў з-за таго, што здарылася з сям’ёй. Ды толькі праз які час ажаніўся ў другі раз і паехаў да родных у Чалябінск. Клікаў дачок з сабой, ды тыя так і засталіся ў Беларусі. Валянціна тым часам падрастала, скончыла школу-дзесяцігодку. І хаця вучоба давалася лёгка, далей вучыцца не пайшла: хто б падтрымліваў яе ў вялікім горадзе? Уладкавалася ў Беразіно ў швейную майстэрню пры райпрамкамбінаце. Яе заўважылі і неўзабаве прызначылі майстрам. Потым яна перакваліфікавалася на бухгалтара і яшчэ доўга працавала ў родным калектыве. Выйшла замуж. Выгадавалі з мужам двух сыноў: старэйшы сёння — галоўны інжынер на “Мадзікоры”, малодшы — дырэктар Бярэзінскай гімна-зіі. У цэлым жыццё, хоць і было абпалена вайной у самым дзяцінстве, склалася добра. Нягледзячы на тое, што жанчына перажыла страшныя часы, яна не страціла вялікай прагі да жыцця, якая дапамагала ёй і старанна працаваць, і спраўляцца з цяжкасцямі. Гэтую здольнасць цаніць кожную хвіліну і не разменьваць жыццё на пустэчу, яна раіць займець кожнаму, асабліва тым, хто стаіць на пачатку жыцця. Толькі так можна стаць добрасумленным чалавекам і годна супрацьстаяць жыццёвым нягодам.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *