Хто першым у Бярэзінскім раёне завяршыў сяўбу ранніх зерневых культур?

Земляробы адкрытага акцыянернага таварыства “Месціна” першымі ў раёне завяршылі сяўбу ранніх зерневых культур. Пры плане ў 130 гектараў пасеяны ўжо 191. Здзіўляюць не толькі належныя тэмпы работ у такую капрызную вясну, але і намер мясцовых хлебаробаў намалаціць не менш за 38 цэнтнераў збожжа з гектара.

Правяраць якасць работ Аляксандра Князева не трэба, а вось падтрымаць яго ў цяжкай працы заўсёды гатовы дырэктар Андрэй Клімянкоў

Аграрыі, занятыя на пасяўных работах, даўно ведаюць сакрэт урадлівасці палеткаў. Ён не толькі ў хлебаробскім прафесіяналізме, але і ў высокай якасці меліярацыйных работ, якія паспяхова вяліся тут яшчэ трыццаць гадоў таму назад і дагэтуль даюць плён селяніну.

– А ўся справа ў тым, што лішнюю вільгаць збіраюць меліярацыйныя каналы, якія наскрозь праразаюць нашы палеткі, – тлумачыць Андрэй Сяргеевіч, – і нам не даводзіцца шмат замарочвацца з падрыхтоўкай глебы і закрыццём вільгаці. Вялікі дзякуй за гэта былым меліяратарам!

– Падставы мець добры ўраджай у нас ёсць, – дадае Андрэй Клімянкоў. – Па-першае, землі нашы па ўрадлівасці ідуць у ліку першых у раёне, па-другое, сёлета ўдалося належным чынам за ўласныя сродкі падрыхтавацца і правесці пасяўныя работы, а па-трэцяе, настрой на сяўбу ў нашых людзей асаблівы.

У Мікалая Прохарава (справа) сёлета 37 пасяўная вясна

Мясцовыя хлебаробы не хочуць быць у даўгу. Так, на адным урочышчы на магутным энерганасычаным трактары “Беларус” з сеялкай ААПМ-6 удала ўпраўляецца Сяргей Міклуш. Здаецца, машына ў яго новая і агрэгат днямі пакінуў завод.

– Ды не, сеялка ўжо некалькі сезонаў правяла ў полі, а дасталася мне ў спадчыну ад механізатара Уладзіміра Смольскага, які працаваў з ёй 11 гадоў, – гаворыць Сяргей Мікалаевіч. – Ён тэхніку шанаваў! А сеялка гэта капрызная. Не дай божа што зламаецца. Але засейваю па 40 гектараў.

Сяргей Міклуш у дзень засявае па 40 гектараў

Сёлетняя сяўба апошняя ў гісторыі месцінцаў, бо плануецца ў самы бліжэйшы час аб’яднанне гаспадаркі з суседнім ААТ “Брадзец”.

Не пералічыць засеяных гектараў яшчэ адзін месцінскі сейбіт Мікалай Прохараў. Сёлетняя пасяўная кампанія ў яго 37-ая! Таму кожнае поле ў гаспадарцы ён ведае як свае пяць пальцаў, а сеялку СПУ-6 адчувае літаральна скурай.

– Што я? – сарамліва гаворыць пра сябе Мікалай Аляксандравіч. – Мы на гэтым дальнім урочышчы, што мяжуе з суседнім раёнам, плошчай у 41 гектар сеем зернебабовыя культуры, лічы, талакой. Яўгеній Запрудскі ўносіць тукі, а закрывае вільгаць Дзмітрый Чэрап. Талакой працаваць атрымліваецца хутка і якасна, за дзень паспяваем пасеяць некалькі такіх малаконтурных палеткаў.

Асаблівыя надзеі ўскладае на будучы ўраджай і Аляксандр Князеў. Ён адзін з ліку самых маладых земляробаў гаспадаркі і ўсяго трэці год рупіцца на месцінскіх землях. Нягледзячы на ўзрост, шчыруе мужчына на самым адказным участку – унясенні калійных угнаенняў. У дзень паспявае падкарміць амаль 130 гектараў азімых палеткаў!

– Без якасці, акуратнасці і філіграннасці работы на азімы клін разлічваць не даводзіцца, – заўважае аграрый. – Таму стараюся вельмі і спадзяюся толькі на важкі колас. Сэрца мне падказвае, што аддзячыць месцінская зямля шчодрай нівай і мы яшчэ раз спазнаем, што такое сапраўдны хлебаробскі гонар.

У раёне па стане на 12 красавіка пры плане ў 3917 гектараў пасеяны 2532. Гэта 64 працэнты да плана.

Разам з месцінцамі ў ліку першых управіліся з раннімі зерневымі механізатары ААТ “Брадзец” і набліжаюцца да завяршэння ў ААТ “Першамайскі”. Расслабляцца лідарам няма калі, наперадзе – сяўба кукурузы і грэчкі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *